У дзень сям’і, кахання і вернасці праваслаўныя маліліся святым Пятру і Фяўроніі

16:58 / 11.07.2022

Цудоўна, калі з’яўляюцца новыя прыгожыя традыцыі. Яшчэ лепш, калі іх ствараюць людзі па поклічу душы. Такой народнай традыцыяй абяцае стаць святкаванне дня памяці святых Пятра і Фяўроніі, апекуноў сям’і, кахання і вернасці.

Велічны і прыгожы помнік святым Пятру і Фяўроніі – падарунак нашаму гораду канцэрна “Росэнергаатам” – бадай што адзіны падобны ў Беларусі. Ён устаноўлены ў Астраўцы два гады назад у сімвалічным месцы: паблізу храма Святых апосталаў Пятра і Паўла, каля дарожкі, што вядзе на востраў кахання. За гэты непрацяглы час скульптура палюбілася гараджанам і іх гасцям, сюды часта прыходзяць зрабіць здымак на памяць ці проста пастаяць у цішыні. І 8 ліпеня, у дзень памяці святых Пятра і Фяўроніі, з самага ранку на пастаменце ляжалі рамонкі – сімвал свята.

І на вячэрнюю службу прыйшло нямала прыхаджан – сем’ямі, з дзецьмі і ўнукамі. У многіх у руках былі кветкі. Пасля малебна і акафіста святым Пятру і Фяўроніі ў суправаджэнні благачыннага Астравецкага благачыння айца Георгія Савіцкага ўсе скіраваліся да помніка, каб пасля малітвы і асвячэння скульптуры ўскласці кветкі да ног святых, якія сваім жыццём паказалі, што няма большай каштоўнасці, чым добрая сям’я.

З першых вуснаў:

Айцец Георгій Савіцкі:

–Жыццё Пятра і Фяўроніі, якія прайшлі праз мноства спакус і выпрабаванняў і насуперак усяму пранеслі сваё каханне і вернасць, – прыклад для ўсіх нас. Радуе, што сёння шмат сем’яў прыйшло пакланіцца гэтым святым. Варта маліцца ім і прасіць дапамогі ва ўсіх сямейных справах.

Сям’я Чусаўлянкіных:

–Стараемся не прапускаць ніводнага набажэнства ў царкве. А сённяшняе свята – асаблівае. Сям’я, каханне і вернасць – самыя галоўныя каштоўнасці ў жыцці, таму мы прыйшлі ў гэты дзень у храм, каб разам памаліцца нашым святым заступнікам.

З жыція святых Пятра і Фяўроніі

Пётр быў князем у горадзе Мураме. Калі ён цяжка захварэў, ніхто не мог даць рады яго немачы, вылечыла яго толькі простая дзяўчына Фяўронія. Князь павянчаўся з ёю ў Мураме, але ганарыстыя баяры і іх зайздрослівыя жонкі не пажадалі мець княгіню з народу. Яны запатрабавалі выгнаць Фяўронію з горада, і Пётр паследаваў за жонкай. Але баярства перасварылася з-за ўлады, пралілася кроў, і ў пошуках міру і спакою Пятра і Фяўронію папрасілі вярнуцца ў Мурам на княжанне.

Калі прыйшла старасць, яны прынялі манашаскі пострыг з імёнамі Давід і Еўфрасіння і прасілі Бога, каб памерці адначасова. Пахаваць сябе завяшчалі разам у спецыяльна падрыхтаванай труне, раздзеленай тонкай перагародкай.

Яны спачылі ў адзін дзень і гадзіну, кожны ў сваёй келлі. Двойчы іх целы разносілі па розных храмах – і кожны раз яны цудоўным чынам аказваліся ў адной труне. Нарэшце святых пахавалі разам каля саборнай царквы Ражаства Прасвятой Багародзіцы ў Мураме.

Цяпер мошчы благаверных знаходзяцца ў Мурамскім Свята-Троіцкім жаночым манастыры.







Текст: Нина Рыбик