Успаміны бабулі і ўнука

08:00 / 13.06.2022

Даўно я не бачылася са сваім унукам Паўлікам, які жыве ў Вільнюсе – межы, візы, ды яшчэ і “ковід”… Ён даўно стаў мажным 26-гадовым Паўлам Робертавічам, працуе, ажаніўся, можа, дасць бог, неўзабаве зробіць мяне прабабуляй.

Але вялікі дзякуй нашаму Прэзiдэнту, што ўвёў бязвізавы ўезд у Беларусь для грамадзян Літвы – прыехалі нарэшце да мяне дачка з унукам!

Колькi было радасцi, успамiнаў… Паўлік, пакуль хадзіў у садок, а затым і ў школу, усё лета праводзіў у мяне – на свежым паветры, хатніх прадуктах. Бегаў на рыбалку з вясковымі хлапчукамі і мужчынамі. Чамусьці часцей за ўсё прасіў прыгатаваць любімую страву, назву якой ніяк не мог запомніць. “Бабуля, зрабі мне дрэнныя катлеты,” – прасіў унук – і я разумела, што зноў давядзецца ляпіць зразы.

У верасні традыцыйныя школьныя сачыненні на тэму “Як я правёў лета” у яго заўсёды пачыналіся са слоў: “Лета я правёў у Бералусі” – менавіта так ён вымаўляў назву нашай краіны.

Былі і анекдатычныя выпадкі – калі, напрыклад, Паўлік пахваліўся, якія новыя словы вывучыў, калі гасцяваў у бабулі: ногі – гэта сукі, а паляжаць на канапе азначае – сукі параўняць. А рыба ў нашай невялікай рачулцы, аказваецца, водзіцца аднолькавая, а называецца па-рознаму, асабліва калі з кручка сарвецца: мясцовыя мужчыны, забыўшыся на дзяцей, якія рыбачылі побач, давалі ёй кожны раз новую “назву”…

Успомніў Павел і сюрпрыз, які чакаў яго аднойчы летам. Па радыё гучала перадача “Вітаем. Віншуем. Жадаем”, падчас якой слухачам прапаноўвалі дасылаць СМС з віншаваннямі, – я тайком і скарысталася гэтай прапановай. Якім жа было здзіўленне ўнука, калі па радыё павiншавалi Паўла Джавецкага, які прыехаў на летнiя канiкулы з Лiтвы ў Беларусь да бабулі Рэгiны, пажадалі яму добра адпачыць i перадалi песню! “Бабуля, адкуль у радыё пра мяне ведаюць?” – не мог зразумець Паўлік.


…Дзеці растуць, мы старэем. Але застаюцца сустрэчы, размовы і агульныя ўспаміны, якія нас яднаюць.

Рэгіна ДРЭМА

фота носіць ілюстрацыйны характар


 Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Текст: Главный администратор