Вось так выглядала старадаўняя мышалоўка
15:00 / 23.10.2025
Ды і Леанардзе з Ірынай дапамагла, па іх прызнанні, падказка аўтара праекта, што сучасныя аналагі гэтай прылады менш грувасткія і больш гуманныя – іншыя на гэта ўвагі чамусьці не звярнулі.
Сярод няправільных адказаў найбольш было варыянтаў з ручной сокавыціскалкай – яе прызналі на здымку Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч, Генрых Лукашэвіч. Аляксандра, як заўсёды, адказна падышла да выканання задання і падрабязна расказала гісторыю і прынцып дзеяння гэтага прыстасавання. Хоць, здавалася б, што такое негуманнае было ў яе канструкцыі? Ці ў прэсе для адціскання сыру і масла – менавіта гэтае прызначэнне прыпісалі дзедаўскай прыладзе Рэгіна Дрэма і Наталля Блахіна. Ларыса Гаваноўская, перабраўшы некалькі варыянтаў, вырашыла, што гэта ручны млынок для здрабнення невялікай колькасці збожжа ці іншых сухіх прадуктаў.
Леанарда Якель, па яе словах, таксама не адразу здагадалася, што на здымку, у кансультанты прыцягнула ўсіх родных і знаёмых. Названыя вышэй памылковыя варыянты таксама былі «ў намінацыі», але падказка пра больш гуманны сучасны спосаб выкарыстання прылады схіліла жанчыну да колішняга самаробнага, надзейнага і жорсткага сродку барацьбы з грызунамі: ад мышкі, калі яна трапіць у такую пастку, застанецца толькі мокрае месца. А вось сучасныя, лёгкія і зручныя мышалоўкі, якія можна купіць у магазіне, мыш ці пацук могуць вельмі проста знесці на сабе. Гісторыю пра тое, як пацуку сучаснай мышалоўкай прышчаміла хвост і ён потым насіўся з гэтай «цацкай», як ашалелы, па хаце, расказала Леанарда Паўлаўна.
Ірына Яновіч таксама здагадалася, што гэта за дзедаўская прылада і нават, па традыцыі дапоўніўшы свой адказ прыказкамі і прымаўкамі ў тэму, даслала здымак дзедаўскай самаробнай мышалоўкі, праўда, іншай канструкцыі. Што ж, некалі кожны гаспадар быў сам сабе і канструктар, і інжынер, і майстар.
Такім чынам, за сённяшняе заданне 4 балы дадала ў сваю скарбонку Ірына Яновіч, 3 – Леанарда Якель.
Фота Ірыны Яновіч