Як рыхтуюцца да свята і сустракаюць Вялікдзень праваслаўныя астраўчане

10:03 / 23.04.2022
У праваслаўных вернікаў заканчваецца перадвелікодная сядміца. У нядзелю яны радасна прывітаюць адзін аднаго: «Хрыстос уваскрос!».

Напярэдадні найвялікшага хрысціянскага свята мы спыталі ў некаторых прыхаджан астравецкай царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла, як яны рыхтаваліся да Вялікадня і як адзначаюць Пасху.



Вера Даўляш з унучкай Янай:

– Да свята рыхтуемся загадзя, і не толькі ў доме наводзім парадак, але і душу стараемся чысціць. Чытаю ранішнія і вячэрнія малітвы, калі нечым займаюся па дому, уключаю на планшэце духоўныя перадачы. Абавязковае правіла – паспавядацца і прыняць святое прычасце. Праўда, падчас разгулу эпідэміі нячаста бывала ў царкве, асцерагалася. Цяпер, здаецца, хварэць сталі менш і не так цяжка, таму з радасцю зноў наведваю храм.

І Яначка са мной заўсёды просіцца: падабаецца ёй у царкве. Часта ходзіць да прычасця – і ў нас, і калі да другой бабулі ў Смаргонь ездзіць. Не можа дачакацца, калі ўжо падрасце і яе запішуць у нядзельную школу.

Сям’я ў нас змешаная: я праваслаўная, муж католік, таму святкуем абодва Вялікадні. Дзеці прыходзяць да нас на каталіцкае свята, а на праваслаўнае едуць у Смаргонь, там жыве маці зяця. Мы ж будзем адзначаць Пасху ўдваіх з мужам. 



Капіталіна Пятроўская:

– Амаль 50 гадоў святкую дзве Пасхі – каталіцкую і праваслаўную, католікам быў светлай памяці муж, у касцёле хрышчаны сын. 

Работы перад святам шмат: мыю, вычышчаю, прыбіраю… Нябожчыца мама казала: «Дачушка, чыста мый, дзе бруд – там чэрці водзяцца». Вось і стараюся, каб нячысцікі не завяліся ў хаце. Да свята фарбую яйкі. Пяку піражкі з рознай начынкай: з грыбамі, з зялёнай цыбуляй і яйкам, з джэмам. Засольваю скумбрыю. У царкву нясём асвячаць паляндвіцу, каўбасы, кулічы, фарбаваныя яйкі.
Святкуем сціпла – але з душэўнай радасцю.



Марыя Ігнатовіч:

– У нашай сям’і адзначаюць дзве Пасхі: муж – католік, я – праваслаўная. Таму асаблівая радасць, калі Вялікадні супадаюць, – тады і рыхтавацца, і святкаваць можна разам. Ну а калі як сёлета, то імкнуся аднолькава рыхтавацца і да аднаго, і да другога свята: фарбую яйкі, пяку булкі, накрываю стол… Дзеці прыязджаюць і на першы, і на другі Вялікдзень, каб радасна было і бацьку, і маці. Сёлета на каталіцкае свята шмат вясковых дзяцей прыходзіла ў жакі – прыемна, што памятаюць традыцыі. 

Праваслаўнае свята ў мяне асацыіруецца найперш з усяночнай у царкве, з хрэсным ходам з запаленымі свечкамі, дружным шматгалосым адказам усіх прысутных у храме «Сапраўды ўваскрос!» на прывітанне бацюшкі «Хрыстос уваскрос!». Таму, хоць і цяжкавата адстаяць службу, і трэба потым думаць, як дабрацца дамоў у Малі, буду імкнуцца і сёлета не прапусціць святочную літургію.



Надзея Шарэйка:

– Вялікдзень – самае светлае і любімае свята ў нашай сям’і. Падрыхтоўку да яго пачынаем загадзя: мыем вокны, вычышчаем усе куты, прыбіраем дом. Але галоўнае – падрыхтаваць сваю душу, таму стараемся паўдзельнічаць у самых важных богаслужэннях, якія адбываюцца ў гэты час у царкве.

Мама, калі была жывая, заўсёды пякла да Пасхі шмат розных, вельмі смачных кулічоў і затым частавала імі родных і знаёмых. Я пераняла гэтую традыцыю…

На свята самае галоўнае – прыйсці ў храм. Асаблівая, светлая і радасная пасхальная служба, хрэсны ход з запаленымі свечкамі, урачыстасць запаветных слоў «Хрытос уваскрэсе з мёртвых…»

Пасля ўсяночнай раніцай да нас прыходзяць самыя дарагія госці – дзеці і ўнукі. Віншуем адзін аднаго запаветнымі словамі «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» Дзецям дорым падарункі, сядаем за святочны стол – да гэтага дня стараюся падрыхтаваць нешта асаблівае. Разгаўляемся, гамонім, радуемся, што дачакаліся вясны і Пасхі…

Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх праваслаўных Астравеччыны са светлым Хрыстовым уваскрэсеннем! Міру, цяпла і ўтульнасці вашым душам, сем’ям і дамам!



Пётр Каранеўскі:

– Баюся, што я не самы лепшы прыклад для пераймання ў плане падрыхтоўкі да свята. Мы з жонкай тройчы перахварэлі на «ковід», таму асцерагаемся бываць у месцах масавага скаплення людзей. І пост не захоўвалі – не вельмі добра адчуваем сябе пасля хваробы.

У царкве, хоць і не кожную нядзелю, стараюся бываць. У храм мяне ў свой час прывёў светлай памяці айцец Павел Варановіч, за што яму вельмі ўдзячны. Вось і сёння прыйшоў асвяціць вярбу перад вялікім святам – Вербніцай.

На Пасху, вядома ж, таксама прыйду на службу: памаліцца, асвяціць кулічы, яйкі – жонка заўсёды рыхтуе велікодны стол. Без гэтага і свята не свята.



Марыя Аўдзеенка: 

– Самыя памятныя Вялікадні дзяцінства. Мы жылі ў вёсцы Чырвонае Возера на Хойнікшчыне. На ўвесь раён не было ніводнай царквы, усе пазачынялі ў часы богаборніцтва. Але Пасху ўсё роўна людзі адзначалі. Рыхтаваліся загадзя: прыбіралі хату, панадворак, чысцілі хлявы. Усім хапала работы: і дарослым, і дзецям. Уборка заканчвалася ў чысты чацвер. А ў пятніцу мама выпальвала печ, пякла булкі – водар разносіўся на ўсім наваколлі! У суботу запякалі мяса, каўбасы, вантрабянку – і цяпер слінкі цякуць,  як успомню іх смак.

На свята да нас заўсёды прыходзіў хросны бацька, які жыў на другім канцы вёскі, і забіраў мяне да сябе ў госці: там частавалі рознымі прысмакамі, адорвалі шчодрымі падарункамі.

Стараюся захоўваць традыцыі: да Вялікадня прыбраць хату, падрыхтаваць падарункі для хрэснікаў, накрыць шчодры стол. На свята звычайна прыязджаюць дзеці і ўнукі. Валачобнікі цяпер не ходзяць, ды не бяда: сама раздорваю да паўсотні яек. 

Але цяпер з'явілася яшчэ адна абавязковая ўмова свята: наведаць святочную службу ў царкве, асвяціць яйкі, булкі. 
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст: Нина Рыбик