Жыхары Астравеччыны расказалі пра Вялікдзень свайго дзяцінства

10:02 / 17.04.2022
З гадамі адчуванне свята заціраецца, але ўспаміны з дзяцінства, калі  дрэвы здаваліся вышэйшымі, булкі – смачнейшымі, а цукеркі – саладзейшымі, застаюцца з намі на ўсё жыццё.

Жыхары Астравеччыны ўспомнілі Вялікдзень свайго дзяцінства і расказалі пра традыцыі, якія былі ў іх сем’ях тады і ёсць цяпер. 

Вера Маразене, Варона:

– Родам я з хутара каля вёскі Нідзяны, што належыць да быстрыцкай парафіі. Да Вельканоцы бабуля не дазваляла есці яек – іх збіралі. Быў вельмі сціслы пост, асабліва апошні тыдзень, пачынаючы з Пальмовай нядзелі нават малочныя прадукты не спажывалі. 

Напярэдадні свята мама пякла пірагі і хлеб. Мы з сястрой збіралі ля рэчкі аер, які клалі на лапату пад цеста, потым  яго «садзілі» ў печ. Яе мама прапальвала абавязкова бярозай. А калі раніцай ці днём пякла пірагі, водар лунаў па ўсёй хаце! Потым матуля даставала іх  і ўкрывала саматканай вялікай льняной сурвэткай – пірагі дазвалялі есці, пачынаючы з Вельканца. 



Яйкі фарбавалі шалупіннем цыбулі і іншымі прыроднымі матэрыяламі. Збіралі шышкі алешыны, прасушвалі і запарвалі іх кіпенем. У адвары трымалі некалькі гадзін яйкі, якія набывалі цёмна-карычневы, рудзенькі колер. Збожжавыя парасткі давалі светла-зялёнае адценне. Раней, лічы, у кожнай хаце стаялі кросны, а для фарбавання нітак куплялі «парашкі» – імі таксама фарбавалі і яйкі.  Праўда, няшмат: па адным-два – толькі для асвячэння – фіялетавае, жоўтае, сіняе, чырвонае… 

З маленства бацькі нас бралі ў касцёл: зрэдзьчасу ехалі на веласіпедах ці на павозцы, запрэжанай у каня. Часцей дабіраліся пешшу сцежкай, вытаптанай ля Віллі, – гэты быў самы кароткі шлях.

Пры касцёле быў свой арганіст, хор з мясцовых дзяўчат і жанчын. Як зацягнуць яны «Алелюя», скура мурашамі пакрывалася: галасы, нібыта ў анёлкаў. Дарэчы сказаць, песенная традыцыя ў Быстрыцы і яе ваколіцах вядомая здавён: відаць, і мне нешта перадалося – пакуль магла, спявала ў варонскай капліцы, на пахаваннях. 

На велікодную імшу з цямном выходзілі з хаты – літургію ксёндз адпраўляў у 6 гадзін раніцы. Пасля службы ўсе спяшаліся дадому: лічылася, хто першым прыйдзе – у таго і праца будзе спорыцца, і ніва бу­дзе багата радзіць, і шанцаваць будзе ўвесь год.  Мы жылі на хутары, таму звычайна хутчэй за вяскоўцаў вярталіся. (Усміхаецца.) Каля 8-мі раніцы елі спачатку свянцонку, потым іншыя стравы і  з сястрой ішлі ў жакі, не ў кожную хату – толькі да сваякоў.

Дарослыя з «Алелюяй» хадзілі па вёсцы. Пады­ходзілі пад акно і цікавіліся, ці можна павесяліць дом. Некаторыя адмаўлялі, іншыя згаджаліся і частавалі валачобнікаў яйкамі, булкамі, каўбасамі. 

Уладзімір Барысевіч, Гудагай:

– Я са Шчучына. Мой тата католік, маці пра­васлаўная. Бацькі паехалі ў Казахстан уздымаць цаліну, я з’явіўся на свет у горадзе Какчатаў. Пасля майго нараджэння мы вярнуліся ў Беларусь у Шчучын. Светлай памяці бабуля Уладзіслава была моцна ве­руючай, відаць, менавіта яна настаяла на тым, каб мяне ахрысцілі. 

Шмат часу я праводзіў у бабулі ў вёсцы Хлусы, што на Лідчыне. Ад яе даведаўся, што самыя вялікія хрысціянскія святы – Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Сэнс апошняга яна тлумачыла так: Сын Божы за людскія грахі пайшоў на смерць – і гэтым нас вызваліў.

 Звычайна збіраліся ўсёй сям’ёй у яе дома. Да свята бабуля рыхтавалася загадзя: фарбавала яйкі, гатавала розныя стравы, пякла пірагі і абавязкова брала мяне з сабой у храм. Пешшу мы ішлі за 10 кіламетраў на святочную літургію. Людзей было шмат. Я быў маленькі, але ўсё, што там адбывалася, наклала адбітак на далейшае жыццё. Хоць, па вялікім рахунку, тады для мяне, як для любога дзіцяці, былі важныя знешнія праявы свята: прысмакі, якія прадавалі ля касцёла, фарбаваныя яйкі…



Пад абед усе дзеці збіраліся разам і каталі яйкі, да нас далучаліся і падлеткі, і дарослыя.  Рабілі гэта не з дапамогай шыфера, а прама з горачкі па зямлі. За некалькі гадзін забаўкі, калі шанцавала, можна было набраць паўнюткі кошык яек. Здаралася, што на Вялікдзень было шмат снегу, які мы шчыльна ўтаптвалі і рабілі нешта кшталту раўчука ці сцяжынкі.

У больш сталым узросце, калі ажаніўся і прыехаў на Астравеччыну, кожны год на свята збіраліся ў цешчы Ірыны Антонаўны, якой, на жаль, больш з намі няма. 

Гэтай традыцыі мы не здрадзілі: сёлета таксама на Вялікдзень збяромся ў бацькоўскай хаце жонкі ўславіць увасрэслага Езуса і павіншаваць швагерку з юбілейным днём нараджэння. 

У нашай сям’і я фарбую яйкі і пяку велікодны пірог. За прыгатаванне іншых страў адказваюць жонка і дочкі. Абавязкова на Трыдуум наведваем храм. Адзінаццаць гадоў я ўзначальваю касцёльны камітэт астравецкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа і за гэты час не прапусціў ніводнай велікоднай імшы. 

Ірына Ляховіч, Ласі:

– Я з Жукойняў. Цягам 7 тыдняў пасціліся, некаторыя ў гэты час зусім скваркі не елі, іншыя мяснога не спажывалі толькі ў сераду і пятніцу. Малочнага таксама стараліся не ўжываць у ежу.

Да чыстага чацвярга зазвычай усё было зроблена, заставалася толькі прыбраць хату, перасцяліць бялізну.

У пятніцу рыхтавалі ежу, абавязкова рабілі ква­ша­ніну, адварвалі мяса. Яйкі фарбавалі двума спо­сабамі: рудыя атрымліваліся, калі іх патрымаць у адвары цыбулінага шалупіння, жоўценькія – пылу ад сена. Абкручвалі ніткамі – атрымліваліся ўзоры. 

У першы дзень  Вялікадня бацькі ішлі ў касцёл – тады і свенцілі ежу. Нас, малых, звычайна з сабой не бралі. Мы, не чакаючы, пакуль дарослыя вернуцца з імшы, з кошычкамі адпраўляліся ў жакі. Стараліся ў першую чаргу наведацца да бяз­дзетных людзей. Лічылася, што яны дадуць больш. Заходзячы да гаспадароў, казалі «пахвалёнку» – і атрымлівалі яйкі.



Вярнуўшыся з жакаў, яйкі выкладалі на падваконне, збіраліся разам, хадзілі па вёсцы і лічылі, хто больш набраў. Бывала, людзі давалі сырое і нефарбаванае. Выходзячы з дому, такія кідалі аб дзверы – і ўцякалі. Суседка фарбавала яйкі ў фіялетавы колер, але не варыла іх, – дзверы гэтай жанчыны на Вялікдзень былі ўсе мокрыя.  

Хлопцы бралі сасновую кару – і па ёй качалі яйкі: хто чыё паб’е, той і забірае. Вечарам дарослыя, у асноўным хлопцы, хадзілі па хатах з «Алелюяй»:

– Вясёлы нам дзень сёння настаў!
Каторы з нас кожны чакаў,
Сёння Хрыстус з мёртвых паўстаў!
Алелюя, алелюя!

Абавязкова цікавіліся, ці можна павесяліць дом, толькі потым спявалі. А яшчэ ў Жукойнях на Вялікдзень у сем’ях, дзе выхоўваліся дзяўчаты, спявалі адмысловую песню – лалымку, прадказва­ючы жаніха і сватоў.

Таксама казалі наступныя словы:

– Гэтыя госці не часта ходзяць, 
Не многа просяць:
Сорак яечак – на талерку
Каўбасою акружыці,
Яшчэ сырам завяршыці.  

Гасцям трэба было аддзячыць: давалі каўбасы, пірагі, яйкі і бутэльку. Хата наша была вялікая, на 2 канцы: у адным жылі мы з бацькамі, у другім – дзед з бабуляй. У іх кватаравалі дзве настаўніцы. Дык дзядуля, як гаспадар, «сплочваў» прысмакамі за кватарантак – такая была традыцыя. 

У 1965 годзе мы пабудаваліся і пераехалі ў Ласі, дзе такога звычая не было. Прапанавала жанчынам з фермы пайсці па вёсцы з «Алелюяй». А яны зрабілі вялікія вочы і пытаюць: «Іосіфаўна, а ты ведаеш?». Напісала тэкст, яны вывучылі. Не падвялі! Падаілі, спарадкаваліся – каля дзесяці чалавек пайшлі. Далі нам па яйку, адрэзалі булкі – як у нас кажуць, кіслі пакаштаваць…
 
Здаецца, учора хадзіла ў жакі – а на гэты Вялікдзень буду адзначаць 81-годдзе.

Марына Машала, Кямелішкі:

– Самымі галоўнымі святамі ў нас лічыліся Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Дзякуючы светлай памяці бабулі і маці, велікодных традыцый прытрымліваемся і мы з мужам і сынам. 

На працягу Вялікага тыдня мы пасціліся, як і па пятніцах. Абавязкова наводзілі парадак у двары і дома, хадзілі ў касцёл на чуванні. Падрыхтоўка да свята пачыналася напярэдадні Пальмовай нядзелі. Вербачку рабілі самі, у яе аздабленні абавязкова выкарыстоўвалі ядловец. І цяпер упрыгожаныя галінкі я ніколі не купляю – едзем у лес за колкай зелянінай, зразаем ля вадаёма вярбу. 

Я вырасла непадалёк Кямелішак на хутары Малярка – цяпер там жыве толькі маці. За тыдзень да свята, а то і больш, прыязджаем да матулі, разам прыбіраем дом і панадворак. У чысты чацвер па даўнейшай традыцыі прапальваем лазню і мяняем пасцельную бялізну. У пятніцу рыхтуем «свянцонку». 
Памятаю, з бабуляй яйкі фарбавалі ў шалупінні цыбулі – у залежнасці ад навару атрымлівалася розная насычанасць колеру. Хросная прымацоўвала да яек лісточкі, каб атрымаўся малюнак. А самым цікавым і хвалюючым момантам было прыгатаванне салодкага баранчыка. Здробненае пячэнне змешвалі са згушчоным малаком, укладвалі ў спецыяльную форму і ставілі на некалькі гадзін у халадзільнік. Калі фігурка застывала, пакрывалі яе белай глазурай, зробленай з узбітых яечных бялкоў. 



У суботу на асвячэнне ў касцёл у плеценым кошыку, прыкрытым белай сурвэткай, прыносілі  яйкі, вяндліну, варанае мяса, соль, хлеб і іншае. У нядзелю ішлі на святочную імшу, пасля якой абавязкова наведвалі могілкі (запальвалі свечкі па памерлых родзічах, маліліся) і толькі потым вярталіся дадому і сядалі за святочны стол. Цяпер кожны Вялікдзень адзначаем у бацькоўскім доме на хутары. 

Бабуля вучыла, што шкарлупіны ад асвечаных велікодных яек нельга выкідваць – іх трэба спаліць, закапаць у зямлю на добры ўраджай ці аддаць жывёле. Памятаю з расповедаў старэйшых, што з дапамогай велікоднага яйка можна спыніць пажар: трымаючы яго ў руках, трэба абысці вакол пабудовы – і агонь больш нікуды не перакінецца. 

У дзяцінстве любіла хадзіць у жакі – праўда, адну мяне не пускалі, у «каляжанках» была бабуля. Праз гадзіну-другую мы прыносілі дадому поўны кошык прысмакаў – не толькі яйкі, а і піражкі, печыва, нават каўбасы. Вечарам дарослыя збіраліся разам і хадзілі па хатах спяваць «Алелюя». Гэта цяпер на нашым хутары толькі некалькі жылых дамоў – раней было больш людзей. Радуе, што ў Малярцы штогод на свята дзеці ходзяць у жакі. 

У дзяцінстве ўспрыманне Вялікадня было павяр­хоўным, з  узростам свята Уваскрэсення Хрыста адкрылася для мяне з іншага боку, больш глыбокага. У маленстве гэта былі забаўкі, цяпер – абнаўленне душы. 
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: