Дашкольнікі ясляў-сада №4 вучацца гуляючы ў “Лега”

12:14 / 02.04.2022

У яслях-садзе №4 пры падтрымцы акцыянернага таварыства ІК АСЭ рэалізаваны праект «Lego-канструяванне ў дзіцячым садзе – крок да тэхнічнай творчасці», у выніку якога ва ўстанове створаны цэнтр па канструяванні.

Lego-канструяванне – інтэрактыўная педагагічная тэхналогія, якая грунтуецца на перадавых накірунках навукі і тэхнікі. Сучасныя дзеці жывуць у эпоху актыўнай інфарматызацыі, камп'ютарызацыі і робатабудавання; тэхнічныя дасягненні пранікаюць ва ўсе сферы чалавечай жыццядзейнасці і выклікаюць цікавасць дашкольнікаў да новай тэхнікі і пазнавальна-даследчай дзейнасці.

Lego-цэнтр абсталяваны рознымі відамі канструктараў з улікам узроставых асаблівасцей і інтарэсаў нашых выхаванцаў. Гэта спрыяе развіццю прасторавага і алгарытмічнага мыслення, зрокава-рухальнай каардынацыі дзяцей.

Гуляючы з канструктарамі, дашкаляты ствараюць Lego-пабудовы, размаўляюць і абменьваюцца парадамі пра спосабы мацавання дэталяў, аб'ядноўваюць свае мадэлі ў сумесныя канструкцыі.

Сумесная дзейнасць педагога і малышоў накіравана ў першую чаргу на развіццё індывідуальнасці нашых выхаванцаў, іх творчага патэнцыялу, сяброўскіх ўзаемаадносін з аднагодкамі.





Вольга МІХНО, загадчык ясляў-сада №4.

Текст: Главный администратор