Калі дрэвы “ідуць” у школу? Рэпартаж з астравецкага лесагадавальніка

15:45 / 31.03.2022
Дрэвы, як і людзі, прахо­дзяць некалькі этапаў сталення, у іх таксама ёсць школка, ім патрэбны догляд і клопат… Каб даведацца, дзе нара­джаецца лес, карэспандэнт газеты выправіўся ў доследны лясгас. 

Тым больш для гэтага з'явілася прыемная нагода: па выніках работы ў 2021 годзе астравецкі лясны гадавальнік прызнаны ўзорным. Ён адзін з 15-ці лепшых у рэспубліцы.

Такое званне можна атрымаць толькі на год, больш таго – яго пастаянна трэба пацвярджаць. У астравецкіх лесаводаў гэта атрымліваецца зрабіць не першы сезон: у 2016, 2017 і 2018 гадах лесагадавальнік таксама меў «узорны» статус. Дарэчы, Астравецкі лясгас быў адзіным у Гродзенскай вобласці, які прадаваў насенне елкі  ў Швецыю. 

У сувязі з узвядзеннем у раёне атамнай электрастанцыі гадавальнік давялося закладваць з нуля: тэрыторыя былога адышла пад будаўніцтва жылых дамоў.

– Спачатку было няпроста: раскарчоўка лесу, утылізацыя пнёў і драўнінных рэшткаў, абуладкаванне ўчастка, падвод камунікацый, падрыхтоўка глебы… Папрацаваць давялося шмат і плённа, – расказвае начальнік лесагадавальніка На­дзея Ярмольчык. – Але з выбарам месца не памыліліся: на свежай лясной зямлі расліны добра прыжываюцца, ёсць патрэбнае для вырошчвання пасадачнага матэрыялу зацяненне.

– У нас ёсць комплекс шведскага абсталявання: сеялка, культыватар, апырсквальнік. Таксама маем трактар для догляду за пасевамі, некалькі куль­тыватараў, – расказала Надзея Ярмольчык.

Насенне хвойных парод – елкі, сасны, лістоўніцы – сеецца механізавана: яго засыпаюць у бункеры і стужка з пяццю радочкамі іх высявае. За дзень насенне прыгортваецца ў глебу ў сярэднім на 1,5 гектарах. «Дзеткі» алешыны, бярозы, дуба і іншых парод сеюць уручную. 

– Тэхналогія вырошчвання пасадачнага матэрыялу пастаянна ўдасканальваецца. Хоць высеў і догляд за пасевамі меха­нізаваны, без ручной працы не абысціся, – працягвае Надзея Васільеўна. – Каб у далейшым сеянцы радавалі вока зелянінай, пасадкі трэба своечасова прапалоць. 

Ціхае паляванне на… шышкі

У лясніцтвах Астравеччыны са снежня па студзень працаўнікі збіраюць шышкі, якія затым апрацоўваюць з лютага па красавік. 

– Партыю шышак адвозім у лесанасенны цэх Шчучынскага лясгаса, дзе яны праходзяць ачыстку ад крылатак, сушку і трапляюць на захоўванне ў спецыяльныя халадзільныя камеры. Пры неабходнасці забіраем патрэбную партыю гатовага да высеву насення, – працягвае начальнік комплексу. – Адзіная праблема – на тэрыторыі Астравеччыны няшмат лістоўніцы, таму частку насення даводзіцца набываць у іншых лясгасах вобласці і рэспубліцы. Дарэчы, па ўсходжасці і іншых характарыстыках наша айчыннае лепш сябе зарэкамендавала. 

У бліжэйшых планах для збору насення запланавана набыццё навяснога пад'ёмніка, што значна аблегчыць работу леснікоў зімой. 

Што пасееш, тое і вырасце

Гадавальнік плошчай 12 гектараў скла­даецца з пасяўнога, школьнага ад­дзя­ленняў, школкі для вырошчвання дэкаратыўных драўнінна-хмызняковых парод, матачнікаў і цяпліц. 

– Пасяўное аддзяленне займае каля 4 гектараў, з якіх 2 штогод засеяны, астатняя частка «адпачывае», ці, як мы кажам, знаходзіцца «пад парам». У глебу ўносім кампост, пераворваем, год яе не чапаем, а на вясну высяваем насенне сасны і елкі. Такая работа чаргуецца на двух участках пасяўнога аддзялення, – патлумачыла Надзея Васільеўна. – У школьных аддзяленнях вырошчваем елку для дапаўнення ўчасткаў буйнамерным пасадачным матэрыялам. 

У пасяўным аддзяленні сеянцы вырошч­ваюцца да двухгадовага ўзросту, пазней іх «пераводзяць» у школьнае – атрым­лі­ваецца елка-чатырохгодка. Скла­даныя лясныя ўчасткі дапаўняюцца мена­віта та­кімі зялёнымі прыгажунямі: па-пер­шае, яны лепш прыжываюцца і хутчэй растуць; па-другое, ім не так, як сеянцам, страш­на пустазелле і іншая расліннасць.

У школе дэкаратыўных парод вырошч­ваюць больш за 100 відаў і форм драў­нінна-хмызняковых раслін. Туі за­ход­­нія, каланавідныя, пірамідальныя, ша­ра­відныя. Таксама тут можна адшукаць розныя віды ядлоўцу: звычайны, кітайскі, ка­зацкі. З хвойных у лесагадавальніку вы­рошчваюць сасну горную, елку калючую, з лістоўных кустоў – спірэю, кізільнік, фар­зіцыю, барбарыс, вярбу і іншыя. На любы густ і кошт!

– У апошнія гады перавагу аддаём вырошчванню пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай – яго зручна прадаваць не толькі ў сезон, але і летам,  – расказала начальнік гадавальніка.

Дэкаратыўна-пасадачны матэрыял разводзяць з дапамогай чаранкавання. Для гэтых мэт ёсць матачнік плошчай каля 40 сотак. Спачатку наразаюць галінкі, потым па спецыяльнай тэхналогіі робяць чаранкі даўжынёй каля 10 см: зрэз зверху павінен быць роўны, знізу, наадварот, – касы. Ніжні зрэз кожнага чаранка апускаюць на 2-3 гадзіны ў разведзены стымулятар росту каранёвай сістэмы. Потым падрыхтаваныя жывыя «палачкі» выса­джваюць у аснашчаную туманападобным паліваннем цяпліцу.



Па словах спецыялістаў, паспяховасць чаранкавання залежыць ад трох умоў: паліву, тэмпературы (павінна быць не ніжэй за 20°C і не вышэй за 30°C) і ацянення. 

Па назіраннях Надзеі Ярмольчык, прыжываемасць чаранкоў залежыць ад віда расліны. Так, туі ў гэтым сэнсе самыя непатрабавальныя, а ядлоўцы – наадварот.

Зялёнае чаранкаванне хвойных працягваецца з сярэдзіны мая да сярэдзіны чэрвеня. Ёсць так званы зімні від: калі на­рыхтаваныя зімой чаранкі кладуць у халадзільнік, а ранняй вясной высадж­ваюць у глебу. У астравецкім леса­гада­вальніку аддаюць перавагу першаму спосабу.

Пры ўтварэнні каранёвай сістэмы раслі­ны перасаджваюць у школьнае аддзяленне – там яны гадуюцца роўна год. 

Апошнія некалькі гадоў у Астравецкім лясгасе культывуюць буякі, саджанцы якіх разыходзяцца бы гарачыя піражкі.

– Закладзены плантацыі буякаў на леса­гадавальніку і ля адміністрацыйнага будынка Гервяцкага лясніцтва. Усе кусцікі з уласных чаранкоў, – патлумачыла Надзея Васільеўна. –   Разводзім тры сарты: «блюкроп», «нортланд» і «патрыёт». 

Для вырошчвання лесакультурнага пасадачнага матэрыялу выкарыстоўваюць 4 цяпліцы (5-я – для чаранкавання). У першай растуць сеянцы сасны і ёлкі з закрытай караёвай сістэмай. Вялікая перавага такога метаду ў тым, што расліны прыжываюцца лепш за вырашчаныя ў адкрытым грунце. Таксама іх можна высаджваць не толькі ў сезон – вясной і восенню, але і летам. 

– З кожным годам пасадка лясных куль­тур з закрытай каранёвай сістэмай павялічваецца. Працуем па дагаворы і з Глыбоцкім лесанасенным цэнтрам, – удакладніла начальнік гадавальніка.

У астатніх трох цяпліцах у закрытым грунце вырошчваюць елкі, сосны і лістоў­ныя пароды: бярозу, вольху чорную і іншыя. Будучыя дрэўцы праводзяць у цяпліцы толь­кі год – і гатовы для высадкі. Пры тым што ў адкрытым грунце елачкі і за 2 гады не заўсёды вырастаюць да 40 сантыметраў. 

У кожнай цяпліцы ёсць аўтаматызава­ная сістэма кропельнага паліву. 



Пасадкі ў рад – працуе студатрад

У лесагадавальніку працуюць трактарыст, два рабочыя, на дапамогу ім у сезон прыходзяць яшчэ чатыры. Для работнікаў арганізаваны ўсе бытавыя ўмовы: ва ўтульным дамку можна адпачыць, прыняць душ і паабедаць.

Астравецкі доследны лясгас даўно і плён­на супрацоўнічае са школамі і райкамам ГА «Беларускі рэспуб­ліканскі саюз моладзі». Штогод студэнцкія атрады дапамагаюць даглядаць пасадкі, а таксама працуюць у лесагадавальніку. Асаб­ліва ў маі-чэрвені, калі хутка расце пуста­зелле, трэба, тэрмінова і якасна прапалоць пасяўныя аддзяленні. З кожным старшакласнікам заключаюць дагавор, згодна з якім праца падлеткаў аплочваецца. 

…Лясы – галоўнае багацце Беларусі. Пра гэта не па чутках ведаюць работнікі астравецкага ўзорнага ляснога гадавальніка. Яны ўпэўнены, што дрэва пачынаецца з саджанца, і ў кожную расліну ўкладваюць не толькі плён, працу і старанні, але і цеплыню сваіх рук. 

Кампетэнтна

Як спрацаваў лесагадавальнік 
у мінулым годзе, расказала інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Анастасія Кандратовіч:

– Лічу, што гэта заслуга ўсяго калектыву, пачынаючы ад начальніка і заканчваючы сезонным рабочым. Летась мы змаглі рэалізаваць пасадачны матэрыял у Расію. Добры даход таксама прыносіць продаж дэкаратыўных дрэў і кустоў. Рэалізацыя лесапасадачнага матэрыялу для лесакультурнага аднаўлення склала 70,2 тысячы рублёў на гектар прадукцыйнай плошчы, а для азелянення – 36,1 тысяча. У гэтым годзе заключаны дагавор з Баранавіцкім лясгасам на продаж сеянцаў двухгадовай елкі. Вядуцца перагаворы наконт сасны-аднагодкі. Вырошчванне стандартнага пасадачнага матэрыялу з палепшанага насення ад агульнай колькасці склала амаль 60%. З закрытай каранёвай сістэмай летась было вырашчана амаль 48 тысяч штук. У гадавальніку вырошчваецца 8 лесаўтвараючых парод для лесакультурных мэт і 110 драўнінна-хмызняковых відаў і форм для азелянення. У мінулым годзе набылі халадзільную камеру аб'ёмам 79,1 квадратны метр для захоўвання выкапанага пасадачнага матэрыялу, а таксама сістэму для паліву саджанцаў буякаў. Дадаткова пабудаваны навес для вырошчвання дэкаратыўна-пасадачнага матэрыялу. Сёлета на 10 гектарах плануем закласці лесанасенную плантацыю елкі еўрапейскай другога парадку, што дазволіць у будучыні нарыхтоўваць палепшанае насенне. 





Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич