Як мы з лепшымі намерамі адбіваем у дзяцей жаданне думаць

10:03 / 26.03.2022
506
Патэлефанаваў знаёмы.

– Вы не ведаеце, ці ёсць кніга «Памяць» у электронным варыянце? – пацікавіўся.

– Наколькі я ведаю, не. А навошта вам патрэбен электронны варыянт? – у сваю чаргу зацікавілася, міжволі падумаўшы, што і сапраўды добра было б адлічбаваць адзінае пакуль выданне, дзе сабраны і сістэматызаваны звесткі па гісторыі раёна.

Тлумачэнне дабіла:

– Сын-студэнт курсавую піша па гісторыі Астравеччыны. Кніга «Памяць» у нас ёсць – але ж яе трэба чытаць, шукаць патрэбныя звесткі, потым набіраць – доўга і нудна. А была б электронная – скапіраваў, уставіў – і справа зроблена!

Я не знайшла, што адказаць… 

Падумала толькі: Адам Мальдзіс, калі працаваў у шматлікіх архівах, не меў магчымасці не толькі «скапіраваць-уставіць», а нават адсканіраваць ці сфатаграфаваць – і перапісваў цэлыя старонкі ад рукі, каб вярнуць гісторыю Беларусі і роднаму краю. Сённяшнім жа пачынаючым «навукоўцам» (а курсавая работа лічыцца навуковай працай!) лянота нават прачытаць, не тое што прааналізаваць, пераасэнсаваць і зрабіць высновы.

Зрэшты, настаўнікі даўно ведаюць пра метад «трох крокаў» выканання самастойных работ, якім не першы год карыстаюцца іх вучні: «загугліць» – скапіраваць – уставіць». У лепшым выпадку – пераставіць словы і напісаць два-тры сказы для звязкі абзацаў. 

Зборнікі лепшых сачыненняў, дзе ўсё за вас прыдумалі і сказалі; кароткія тэксты лепшых твораў, калі ўся школьная праграма змяшчаецца на трохстах старонках; рашэбнікі, у якіх задачкі распісаны ад А да Я, са спосабамі іх рашэння і правільнымі адказамі – усе гэтыя «мыліцы» для лянівых з’явіліся яшчэ ў мінулым стагоддзі. Цяпер «мыліцы» сталі больш зручнымі і сучаснымі: ёсць інтэрнэт, які ведае ўсё!

Нядаўна даведалася пра яшчэ больш «прасунутую» спробу дапамогі школьнікам у засваенні праграмы па літаратуры: відэапераказ твораў. Што называецца, ідзём у нагу з часам! Вядучы добра пастаўленым голасам расказвае пра каханне мележаўскіх Ганны Чарнушкі і Васіля Дзятліка, пошукі жыццёвага шляху коласаўскага Андрэя Лабановіча, пакуты быкаўскіх Івана Цярэшкі і Джуліі ў спадзяванні, што пасля гэтага дзеці захочуць прачытаць гэтыя ці іншыя творы са школьнай праграмы. Скажыце, кнігалюбы, якіх, веру, нямала сярод нашых чытачоў: вы б узялі кнігу ў бібліятэцы, калі б зараней ведалі, хто каго любіў, хто каго забіў і хто каму здрадзіў, а для адзнакі па літаратуры вам гэтага больш чым дастаткова? Думаю, што наўрад ці…

Мы робім усё магчымае, каб аблегчыць жыццё сваіх дзяцей і сваё ўласнае. Толькі яно чамусьці не становіцца лягчэйшым. І вольнага часу, якога, здавалася б, павінна быць усё больш – яго вызваляе сучасная тэхніка, гаджэты і іншыя вынаходніцтвы цывілізацыі – не хапае нікому і ні на што. Ці не таму, што ў інтэрнэце – не толькі рашэбнікі і гатовыя курсавыя, а і цікавыя, хоць і пустыя, гульні, ролікі, мемы і іншае інтэлектуальнае шалупінне, якое крадзе яго не хвілінамі – гадзінамі, а то і суткамі? А галоўнае – мы адвучаем іх думаць і вучым «хАваць» любую «жуйку» што «выплюне» тэлеэкран…

…Дзяўчына ехала ў электрычцы і чытала кнігу – звычайную, папяровую. Пажылы чалавек, які сядзеў насупраць, доўга за ёй назіраў, а потым не вытрымаў, загаварыў:

– Напэўна, вы адносіцеся да аднаго працэнта маладых людзей, якія сёння чытаюць кнігі.

– Мне здаецца, што нас намнога больш, – усміхнулася дзяўчына.

– Дай бог, каб вы мелі рацыю. А што вы любіце чытаць? У гады маёй маладосці ўсе зачытваліся Маркесам, мне асабліва падабаўся яго раман «Сто гадоў адзіноты»…

– Не паверыце: сучасная моладзь таксама чытае Маркеса. Гэта адна з маіх любімых кніг.

– Сапраўды?! Вы яшчэ скажыце, што Стругацкіх чыталі…

– Так, у мяне поўны збор іх твораў, час ад часу перачытваю.

…Усю дарогу яны размаўлялі пра кнігі і пісьменннікаў. А на развітанне мужчына сказаў:

– Калі ў нас і сапраўды такіх, як вы, маладых людзей больш чым адзін працэнт, то ёсць надзея, што не ўсё яшчэ страчана…

…Даўно сказана і неаднойчы паўторана: тыя, хто чытае кнігі, заўсёды будуць кіраваць тымі, хто глядзіць тэлевізар.

І давайце не будзем адбіваць у дзяцей жаданне ці пазбаўляць іх абавязку прачытаць кнігу відэапераказамі, кароткімі тэкстамі і гатовымі курсавымі – усім тым, што працуе на адзнаку, але не на развіццё асобы.

 А яшчэ лепш – паказаць ім прыклад і падказаць, што варта пачытаць, каб адчуць, перажыць, зразумець, палюбіць… Стаць Чалавекам!



Текст: Нина Рыбик
Фото: Вероника Бойкова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений