Нарадзілася 8 сакавіка: радавацца ці засмучацца?

11:00 / 08.03.2022
Дзень нараджэння – галоўнае свята ў жыцці чалавека. Восьмага сакавіка – асаблівы дзень у жыцці кожнай жанчыны. А калі два святы супадаюць, то атрымліваецца двайное свята ці скамечаныя абодва?

Жанчынам і дзяўчатам, якія нарадзіліся 8 сакавіка, з нагоды абодвух святаў мы задалі пяць пытанняў аб галоўным.

1. Дзень нараджэння 8 сакавіка – гэта добра ці дрэнна? Калі б вы маглі, ці змянілі б дату свайго нараджэння?

2. Які падарунак самы памятны?

3. Дзень нараджэння вашай мары – які ён?

4. Адно з пажаданняў, якім нязменна суправаджаецца кожнае віншаванне, – шчасце. А што робіць вас шчаслівай?

5. Якімі рысамі характару, на вашу думку, павінна валодаць сапраўдная жанчына? І ці ўласцівы яны вам?

«Падарункамі не абдзелена»

Люцыя Лях, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва Астравецкага райвыканкама:

1. Мне падабаецца, што 8 сакавіка ў мяне двайное свята. Прыходзяць, тэлефануюць, каб павіншаваць з днём нараджэння –  а я ў адказ віншую каляжанак з Міжнародным жаночым днём. І я шчаслівая, і яны. А калі хто віншуе толькі з 8 Сакавіка і забываецца пра дзень нараджэння – ну дык такой бяды! І без таго ў гэты дзень добрых слоў хапае.

2. Падарункамі я не абдзелена. Звычайна блізкія дораць практычныя рэчы: электрапрыборы, посуд. Аднойчы падарылі свята – білет на канцэрт Стаса Міхайлава. А ў мінулым годзе нявесткі купілі белы туалетны столік. Ён стаіць у спальні – і я кожны ранак, калі прыводжу сябе ў парадак, успамінаю іх добрым словам. Мне гэты столік так падабаецца! Гэта – толькі мая жаночая прастора!



3. Дзень нараджэння сваёй мары я ўжо, напэўна, адзначыла. У нас жа як прынята святкаваць юбілеі: банкет, мноства гасцей, віншаванні, тосты… Не скажу, што гэта дрэнна, так мы адзначылі 50-годдзе майго мужа. Сабраліся ўсе родныя, сябры, былі нават сталічныя артысты Дзмітрый Карась і Алена Сіняўская. Мой Аляксандр Міхайлавіч ззяў ад шчасця, а я ад гэтага – тройчы!

Але ўласны юбілей праз два гады мне захацелася адзначыць асабліва. Мы з мужам купілі на пачатак сакавіка пуцёўкі ў Егіпет. Гэта была наша першая паездка за мяжу. Уяўляеце: у Беларусі вясна толькі пачынаецца, прымаразкі, снег – а там сонца, мора, пальмы, пляж! Неза­быўна!

Калі будзе магчымасць, хацелася б паўтарыць такое цудоўнае святкаванне.

4. Шчасце жанчыны – у сям’і. Калі побач каханы муж – мы з Сашам пражылі 35 гадоў, і з часам наша каханне толькі мацнее, цяпер разумеем адзін аднаго, здаецца, не толькі з паўслова, але і з мімалётнага позірку. Калі з намі любімыя дзеці – цяпер іх шасцёра, і я бясконца люблю не толькі сыноў і дачку, але і нявестак, і зяця. Калі падрастаюць і радуюць шчэбетам унукі. Калі ў іх усё добра, усе здаровыя – гэта і ёсць шчасце.

І, канешне, для шчасця любому чалавеку найперш патрэбен мір. Цяпер асабліва разумееш пажаданні старых людзей, якія паўтаралі, як заклінанне: «Толькі б не было вайны…»

5. Жанчына павінна быць жаноцкай: слабай, мілай, пяшчотнай, безабароннай. На жаль, жыццё не заўсёды дае нам магчымасць праяўляць гэтыя рысы характару. 

Мне даводзілася працаваць на адказных пасадах, кіраваць людзьмі, прымаць рашэнні – і гэта вымагала цвёрдасці, адказнасці, строгасці.

Старалася кампенсаваць гэта дома: сямейныя рашэнні мы прымаем разам, параіўшыся: калі я мужа паслухаю, іншым разам ён пераканаецца, што праўда на маім баку. Галоўнае, каб усё ішло на карысць сям’і.

«Аднаго свята я пазбаўлена»

Таццяна Мацкела, медсястра Астравецкай ЦРКБ:

1. Калі б была магчымасць выбіраць дзень нараджэння, я спынілася б на іншым дні, не на 8 сакавіка. Грэх скардзіцца, увагай я не абдзелена, але ўсё роўна ёсць адчуванне, што аднаго свята пазбаўлена, – незалежна ад таго, колькі падарункаў атрымала. Усе віншуюць з днём нараджэння – а жаночы дзень адыходзіць на другі план, нібыта гэта не маё свята. 

2. Не скажу, каб нейкі падарунак запомніўся асабліва. Часцей за ўсё дораць кветкі, упрыгожанні, грошы. Усё звычайна – і прыемна.

Магчыма, самы лепшы сюрпрыз яшчэ наперадзе – жыццё толькі пачынаецца.

3. Я адна ў сям’і, і 8 сакавіка звычайна ехала да бацькоў у Міхалішкі – мы ў сямейным коле адзначаем усе святы. Цяпер ужо прыязджаем з мужам – мы адна­вяскоўцы. Толькі ў паза­мінулым годзе, калі мне споў­нілася 24, сабраліся з сябрамі ў кафэ. А летась зноў вярнуліся да традыцыі сямейных святкаванняў.

Не мару пра нешта асаблівае, мяне ўсё задавальняе ў звыклым раскладзе. Галоўнае, каб у гэты дзень побач былі блізкія і каханы.



4. Шчасце – гэта мір, гармонія, калі родныя людзі з табой і ўсе здаровыя.

5. Прыстойнасць, прыгажосць, дабрыня, добрасумленнасць.
 
Не скажу, што ўсімі гэтымі рысамі характару валодаю, але імкнуся да гэтага і працую над іх фарміраваннем. (Усміхаецца.)

«Для шчасця патрэбна здароўе»

Галіна Вашкевіч, бухгалтар Астравецкага філіяла аблспажыўтаварыства:

1. Ніколі не думала пра тое, каб дзень нараджэння выпаў на іншую дату, як склалася, так і добра.

У нас з мужам, светлая яму памяць, дзень нараджэння быў амаль адначасова: у мяне – 8 сакавіка, у яго – 9-га. Адзначалі, як правіла, разам. 
Вядома ж, ніхто мне не дарыў па два падарункі ў адзін дзень – і аднаго хапала.

2. Я згодна з выказваннем, што галоўнае – не падарунак, а ўвага. Неяк сын прыйшоў перад днём нараджэння, усю мужчынскую работу ў доме перарабіў – цяпер, як засталася адна, з гэтым цяжка спраўляцца. А назаўтра прыходзяць сям’ёй са святам мяне віншаваць, падарункі прыносяць. Толькі для мяне галоўны падарунак – тое, што дзеці са мной, што надоечы сын зрабіў тое, што мне не па сілах, а ўсё астатняе – другаснае.

Хоць, вядома ж, дзеці заўсёды ідуць не з пустымі рукамі: кветкі, посуд, бытавыя прыборы. Але, паўтаруся, галоўнае – што яны ідуць, а не тое, што нясуць.



3. Ніколі не марыла пра нейкі асаблівы дзень нараджэння. Святкуем звычайна ў сямейным коле: прыгатую нешта смачненькае, пасядзім, пагамонім. Толькі калі юбілей спраўляла, запрасіла ўсіх у рэстаран, тады ўжо ўсё было шыкоўна. Раз у жыцці можна…

4. Для шчасця любому чалавеку, не толькі жанчыне, найперш патрэбна здароўе – сёння гэта разумееш найбольш востра. І каб у дзяцей усё было добра. У мяне два сыны, абодва жывуць у Астраўцы, маюць сем’і. Падрастае чацвёра ўнукаў – усе хлопчыкі. І калі адпраўляешся з імі на веласіпедную прагулку – гэта сапраўднае шчасце і для іх, і для мяне.

5. Жанчына павінна быць ураўнаважанай, доб­рай гаспадыняй, маці, бабуляй.

Ці такая я? Ды адкуль жа я ведаю? Стараюся… Але іншым лепш відаць – яны хай і скажуць.

«Мару пра новы веласіпед»

Анжаліка Мілаш, вучаніца 10 класа Альхоўскай СШ:

1. Вось і не скажаш адназначна, добра ці дрэнна, калі дзень нара­джэння прыпадае на 8 Сакавіка. З аднаго боку, дрэнна, бо падарунак звычайна дораць толькі адзін. А з другога, – добра, бо ніхто не забываецца павіншаваць. Не ведаю, ці выбрала б я такую дату нараджэння. Але што ўжо сёння пра гэта гаварыць?

2. Мне толькі 15 гадоў, і асаблівы падарунак, думаю, яшчэ наперадзе.

А звычайна ў гэты дзень дораць кветкі, сувеніры, грошы. Бацькі – больш дарагія рэчы: нешта з адзення, тэлефон, камп’ютар. Пра які падарунак мару? Нават не ведаю – здаецца, усё ў мяне ёсць… Зрэшты, ад новага веласіпеда не адмовілася б… 

3. Хацела б, каб разам са мной у дзень нараджэння былі мае родныя, блізкія і ўсе сябры. І каб было цёпла, каб можна было сабрацца недзе на прыродзе. Але, на жаль, на мой дзень нараджэння звычайна мароз…



4. Для шчасця мне шмат не трэба: каб блізкія і дарагія мне людзі былі побач і каб яны былі здаровыя – у сённяшні час гэта, бадай, найважней. 

5. Адна з галоўных якасцей характару сапраўднай жанчыны, як па мне, – дабрыня, жаданне дапамагчы, калі папросяць. І разам з тым трэба мець унутраны стрыжань, характар.

Цяжка сказаць, ці ўласцівы такія рысы мне. Здаецца, я добразычлівая. Зрэшты, мой характар яшчэ толькі фарміруецца. 
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.



Текст: Нина Рыбик