Последний звонок для выпускников-2012

15:53 / 01.06.2012

У апошні дзень апошняга вясенняга месяца ва ўсіх школах і дзіцячых садках прайшлі развітальныя лінейкі.


Развітанне са школай у чацверг адбылося ў 2791 вучня нашага раёна. Сёлетні школьны год стаў апошнім для 228 выпускнікоў.


Апошні званок – самае чуллівае, самае незабыўнае з усіх школьных свят. Яно ўвабрала ў сябе адначасова і  расстанне, і сум, і добрыя пажаданні і наказы выпускнікам.


У чацвер ён празвінеў ва ўсіх  школах раёна, у тым ліку і ў Варнянскім НПК.


Наперадзе ў выпускнікоў складанае лета з экзаменамі, цэнтралізаваным тэсціраваннем і паступленнем. А сёння – толькі шчасце ад таго, што засталося ззаду, і надзея на тое, што чакае іх наперадзе. І шчыміць сэрца ад расстання з настаўнікамі і сябрамі –сваімі аднакласнікамі і зусім юнымі першакласнікамі, якіх цяперашнія выпускнікі год назад прывялі ў школу,  як сваю будучую змену. А цяпер  настаў час перадаць ім эстафету дабрыні і любові да школы…


Для 31 выпускніка Варнянскага НПК таксама прагучаў апошні званок. Павіншаваць рабят з днём, калі дзяцінства саступае месца сталасці, прыйшлі старшыня СВК “Варняны” Аляксандр Часлававіч Вярбовіч, старшыня Варнянскага сельвыканкама Марыя Зыгмунтаўна Шыманец, начальнік разлікова-касавага цэнтра “Белаграпрамбанка” Пётр Віктаравіч Усціновіч,






метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Элеанора Браніславаўна Аўтушэнка, адміністрацыя і настаўнікі школы і, канешне, бацькі.

Штогод праўленне СВК “Варняны” ўзнагароджвае лепшых вучняў школы – і сёлета таксама не абышлося без падарункаў. Грашовыя прэміі атрымалі  выдатнікі і  вучні, якія закончылі навучальны год з сярэднім балам 9 і вышэй, а таксама настаўнікі, якія на працягу года дасягнулі значных поспехаў.


А  самыя актыўныя  і лепшыя вучні і настаўнікі школы, а таксама бацькі, якія клапоцяцца пра выхаванне сваіх дзяцей, былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі аддзела адукацыі і адміністрацыі школы.


І трэба было бачыць вочы дзяцей і іх бацькоў, якія свяціліся  радасцю і надзеяй. І вочы настаўнікаў і выпускнікоў, якія з сумам глядзелі  адзін на аднаго.


Але лета – не час для смутку. Гэта паходы і экскурсіі, летнікі і новыя знаёмствы... А праз тры месяцы – яны прабягуць вельмі хутка! – школьнікі і настаўнікі  сустрэнуцца зноў. Магчыма, гэта будуць ужо  новыя настаўнікі і новыя дзеці. Але школа будзе жыць сваім жыццём: новыя падручнікі і цікавыя ўрокі, вядомыя і новыя настаўнікі, сустрэчы і знаёмствы.


Да пабачэння, школа! Прывітанне, лета!



Алена ЯРАШЭВІЧ.