На астравецкай сцэне вызначалі таленты сярод міліцыянераў

15:00 / 27.09.2021
Творчасць, артыстызм і харызму на сцэне шматфункцыянальнага культурнага комплексу дэманстравалі супрацоўнікі міліцыі – на мінулым тыдні ў Астраўцы прайшоў адзін з адборачных этапаў агляду-конкурсу мас­тацкай самадзейнасці сярод калектываў аддзелаў унут­раных спраў, які прысвячаўся Году народнага адзінства.

Такі парад творчага майстэрства праходзіць раз у 2 гады. Сёлета лепшых артыстаў падчас занальных адборачных этапаў вызначалі ў Гродне, Дзятлаве, Свіслачы і Астраўцы. У горад энергетыкаў з’ехаліся канкурсанты Воранаўскага, Іўеўскага, Лідскага, Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага РАУС.

Дарэчы, паспытаць сілы на сцэне маглі не толькі міліцыянеры, але члены іх сем’яў, ветэраны службы і вучні прававых класаў. 

2.jpg

Конкурс атрымаўся відовішч­ным і вакальна багатым. Ды і як магло быць па-іншаму, калі першым нумарам у якасці натхняльніка для ўдзельнікаў і эстэтычнага задавальнення для гледачоў было выступленне абаяльнага ўладальніка аксамітнага голасу Аляксандра Юргелянца. Пасля надышла чарга ўзяць у рукі мікрафон непасрэдна канкурсантам – і яны годна падтрымалі выстаўленую творчую планку, парадаваўшы цудоўным вакалам і разнастайным рэпертуарам. 

Па-мужчынску стрыманае, сур’ёзнае і пранікнёнае выступленне прадстаўніка Воранаўскага РАУС Алега Валчэцкага з песняй «Радзіма і маці», задорнае і запальва­ючае «Давай-давай» у выкананні яго калегі Генадзя Рынгеля з Іўеўшчыны, драматычнае і надломнае «Вярніце памяць» ад лідчанкі Ганны Трышынай, самотная песня-размова з нябачным «Брацішкам» смаргонца Аляксандра Власенкі – нумары выканаўцаў краналі і выклікалі дружныя апладысменты залы.

Ашмянскі РАУС прадставіў 2 нумары: звонкагалосая юная артыстка Дар’я Булкевіч задорна спявала «Любімую не аддаюць», а жаночае трыа ў складзе піяністкі, скрыпачкі і вакалісткі Таццяны, Юліі і Марыі Чэрскіх парадавала выкананнем песні «Сінявокая».

Не падвялі землякоў і астравецкія канкурсанты. Наўрад ці хто застаўся раўнадушным да чуллівага выступлення супрацоўніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Валерыі Вольскай з песняй «Беларусь». І ад дзявочага трыа з прававога класа Гудагайскай сярэдняй школы – Дар’і Антановіч, Паліны Вянгроўскай і Вікторыі Валэйка – гледзячы на іх светлыя твары і слухаючы іх чыстыя галасы, так і хацелася спяваць разам з імі «Дзень добры сонцу». Ну а «Марш міліцыі» ў выкананні аксакала праваахоўных органаў, ветэрана службы Сяргея Шэіна і акампаніятара Аляксандра Альховіка гучаў урачыста і ганарова.

На гэтым конкурсная праграма скончылася, а гледачоў яшчэ парадавалі яркім харызматычным нумарам артысты Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Па выніках, якія былі падведзены праз некалькі дзён, на абласным этапе конкурсу Астравеччыну бу­дзе прадстаўляць Валерыя Вольская.

3.jpg


1.jpgВячаслаў Страчынскі, намеснік начальніка ўпраўлення ўнутранных спраў Гродзенскага аблвыканкама:

– У 2000-х я праходзіў службу ў Астравецкім аддзеле ўнутраных спраў, таму мне асабліва прыемна сюды вярнуцца. Канешне, у параўнанні з тагачасным, горад вельмі змяніўся – і толькі да лепшага. Як прыклад – прыгожы цудоўны будынак, дзе прайшоў сённяшні адборачны этап! Адзначу і добры ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства. Дарэчы, гэта толькі пачатак. Пераможцы занальных этапаў будуць выступаць на абласной сцэне, а завершыцца конкурс святочным гала-канцэртам у сталіцы. Лічу, такія мерапрыемствы патрэбны – яны аб’ядноўваюць, раскрываюць таленты і дэманструюць, што не службай адзінай жыве міліцыянер. Конкурс прысвечаны Году народнага адзінства, бо пакуль мы разам – мы моцныя!

4.jpg

5.jpg

6.jpg

7.jpg

8.jpg



Текст:
Фото: Марина Мацкевич