Пенсійны ўзрост: час адпачыць ці падзарабіць?

15:03 / 24.09.2021
Спяшаюся з абедзеннага перапынку на работу. Часу – у абрэз. А на лавачцы ля пад’езда суседкі ловяць апошнія цёплыя дзянькі нашага, бабінага, лета.

– Прысядзь, адпачні, пагамонім,– прапаноўваюць.

– Пачакайце крыху, – шуткую. – Хутка далучуся. А пакуль не магу – спазняюся.

– Ты яшчэ працуеш? – наўздагон пытае адна з каляжанак.

У нашым пад’ездзе прыкладна ўсе аднаго ўзросту, плюс-мінус пяток гадоў. Разам прыехалі на Астравеччыну напачатку 90-х з «чарнобыльскіх» раёнаў, разам дзяцей гадавалі, святы адзначалі, вяселлі спраўлялі, унукаў «замачвалі». Цяпер вось амаль адначасова выходзім на пенсію.

– Малайчына! Працуй, пакуль можна, – не дачакаўшы адказу, падтрымала мяне адна з суседак, якая толькі нядаўна, адпрацаваўшы 10 гадоў на пенсіі, пакінула работу. І ўздыхнула:

 – Надта ж сумна дома сядзець…

– Ой, не! – не пагадзілася другая. – Трэба адпачываць! Маем права, заслужылі, нездарма ж кажуць – заслужаны адпачынак.

Даслухаць дыскусію, што лепш – працаваць на пенсіі ці адпачываць, – я не змагла: час падганяў.

А літаральна праз пару дзён гэтая тэма ўзнікла зноў, і зноў па дарозе на работу. Золкім дажджлівым ранкам па дарожцы крочылі дзве жанчыны – і я, ідучы на некалькі крокаў наперадзе, стала міжвольным сведкам іх размовы.

– Толькі выйшла на пенсію, не паспела адчуць водар свабоды, як мяне штодня сталі даставаць пытаннямі і прапановамі: ці выйшла на працу, куды ўладкавалася, давай да нас… Кажу, што не працую і не збіраюся, – глядзяць, як на ненармальную. Не, ну ты скажы: калі яшчэ і адпачыць, як не на пенсіі? Мне муж скандынаўскія палкі падарыў 2 гады назад, а я з імі яшчэ ні разу на прагулку не выйшла.  Часу не мела: работа, агарод, унукі. Вось цяпер і буду гуляць! А грошы… Таго, што дзяржава плаціць ды муж з рэйсаў прывозіць, нам на дваіх хопіць. Дзеці ўжо дарослыя. Колькі можна іх цягнуць? Выгадавалі, вывучылі, жыллё прыдбаць дапамаглі – цяпер можна і пра сябе падумаць. А ты як лічыш? – пацікавілася новаспечаная пенсіянерка ў спадарожніцы.

Адказ я не пачула – шляхі нашы разышліся. 

І задумалася: а мне якая пазіцыя бліжэй?

Нехта скажа: калі, атрымліваючы пенсію, усё яшчэ працягваеш працаваць, то пытанне рытарычнае…

Хлопок, слои и металлографика — как печатают белорусские деньги — Новости — Новости и события Гродно. Вечерний Гродно

Хоць адказ на яго не зусім відавочны. Я працую не таму, што сумна дома. На шчасце, не ведаю, што такое сум – спадзяюся, што і не зведаю. У мяне іншая праблема: дзе ўзяць час, каб паспець зрабіць і даведацца ўсё, што хочацца, што трэба і цікава.

І не для таго, каб дзяцей да пенсіі пракарміць – тут я поўнасцю згодна з выпадкова падслуханай  спадарожніцай: у пэўны час трэба адпускаць іх у свабоднае плаванне, каб вучыліся самастойнасці. Так што прыхільнікі сентэнцыі «жыць трэба дзеля дзяцей», напэўна, лічаць мяне дрэннай маці: не пабудавала ім кватэры, не падарыла машыны і, калі купляю новую сукенку ці выпраўляюся ў чарговую вандроўку, сумленне не грызе, што трачу грошы на сябе, а не на дзяцей. 

Спытаеце, для чаго ж тады я працую? Так, канешне, грошы лішнімі ніколі не бываюць і магчымасць купіць тое, што хочацца, а не тое, на што хапае змесціва кашалька, ці зрабіць падарунак харошаму чалавеку, дапамагчы тым, каму цяжэй, – прыемная магчымасць, якую дае пенсія ў дадатак да зарплаты (ці наадварот?).

Але і грошы – не галоўнае. Не было б гэтай магчымасці – урэзала б свае «хачу» і «магу сабе дазволіць» – і жыла б, як і іншыя пенсіянеры.

Я шчаслівы чалавек у тым сэнсе, што ўсё жыццё займаюся справай, якая мне цікавая і якую люблю. І нават калі назусім развітаюся са сваёй другой сям’ёй – рэдакцыяй (некалі ж гэта абавязкова адбудзецца!), напэўна, усё роўна буду нешта пісаць, хоць «у стол», для сябе – калі, вядома, мазгі дазволяць.

Ведаю, што і тая суседка, якая раіла працаваць колькі можна, вельмі любіла сваю работу – і аддавала ёй усю сябе, не лічачыся з часам, пакуль магла.

…Дзякаваць богу, сёння ў Астраўцы праблем з работай няма. І пенсіянеры – прынамсі, тыя, хто мае сілы, здароўе і жаданне – могуць знайсці свайму нерастрачанаму патэнцыялу прымяненне.

А працаваць на пенсіі ці адпачываць – гэта кожны вырашае сам, зыходзячы з многіх аргументаў.

Не апошні з якіх – ідзеш ты на работу як на свята ці як на катаргу…

Текст: Нина Рыбик