Гісторыя газетным радком: Астравецкія выбары і бандытызм

11:08 / 14.04.2021
Выбарам была прысвечана значная частка публікацый раённай газеты ў 1950 годзе, пра смерць савецкіх работнікаў ад рук бандытаў была аднаадзіная публікацыя, ды і тая – некралог. Тым не менш, гэтыя дзве тэмы  ўзаемазвязаны, і вельмі цесна.

Выбары – са студзеня да снежня

Год пачаўся з паведамлення аб выбарах у Вярхоўны Савет СССР – адпаведны Указ быў змешчаны ў № 4 «Сталінскай праўды» за 12 студзеня. Дзеля гэтай падзеі былі адтэрмінаваны выбары ў мясцовыя – абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя – Саветы дэпутатаў працоўных. Яны таксама адбыліся – але напрыканцы года, 17 снежня. А ў №№ 10-11 за 30 студзеня ў раённай газеце надрукавалі склад выбарчых камісій, дзе, як і сёння, перш за ўсё шукаеш знаё­мыя прозвішчы. Іх нямала: Рафаіл Адамавіч Лянкевіч, Мікалай Пятровіч Кажамякін, Мікалай Канстанцінавіч Алейнік… 

Дарэчы, нямногія ведаюць, што Мікалай Кажамякін, заслужаны лесавод, у гонар якога на Астравеччыне пасаджаны лес, у свой час з’яўляўся раённым камсамольскім важаком: у студзені 1950 года яго абралі першым сакратаром РК ЛКСМБ – аб гэтым «Сталінская праўда» паведамляла ў № 9 за 23 студзеня.

Кандыдатам у дэпутаты Вяр­хоў­нага Савета СССР па Пастаў­скай выбарчай акрузе,  у склад якой уваходзіў і Астравецкі раён, быў вылучаны – а затым абраны! –  Якаў Калінавіч Будзько, старшыня Мядзельскага райсавета дэпутатаў працоўных, у Савет На­цыянальнасцей  – Платон Ва­сіль­евіч Саевіч, міністр асветы БССР. 

1.jpg


А восенню пачалася кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. У раённы Савет павінны былі абраць 32 дэпутаты – сярод зарэгістраваных кандыдатаў проз­вішчы сакратароў райкама партыі Максіма Язычэнкі, Васіля Волкава, Пятра Лук’янава, стар­шыні Варонскага сельсавета Маланні Сянюць, старшыні калгаса імя Варашылава Уладзіміра Шыманца, першага сакратара РК ЛКСМБ Мікалая Кажамякіна, старшыні Байканскага сельсавета Івана Лянкевіча і іншыя. Пасля выбараў быў сфарміраваны раённы Савет дэпутатаў і яго выканкам, які ўзначаліў Васіль Асененка. Намеснікам абралі Вікенція Падаліса, сакратаром выканкама – Мікалая Смір­нова. У склад выканаўчага ка­мі­тэта ўвайшлі таксама Фёдар Петра­­коўскі, які змяніў забітага Мікалая Калгушкіна на паса­дзе старшыні планавай камісіі, Уладзімір Разанаў, земле­ўпа­рад­кавальнік, Аляксей Лысенка, загадчык рай­фін­ад­дзела, Мак­сім Язычэнка, першы сакра­тар райкама партыі, Сямён Харытонаў, райваенком. 

…А на 21 лютага 1951 года былі прызначаны новыя выбары – у Вярхоўны Савет БССР.

Стралялі…

Пра тое, што пасля вайны на Астравеччыне, як і ў іншых раё­нах Заходняй Беларусі, было неспакойна, «Сталінская праў­да» ў той час не пісала. Але ад гэтага бандыты, што хаваліся ў лясах, запалохвалі актывістаў, забаранялі мясцовым жыхарам ісці ў калгасы, пагражаючы пусціць «чырвонага пеўня», не знікалі.

Дзясятага лютага 1950 года падчас сходу ў Дайлідках, на якім арганізоўвалі калгас, бандыты забілі начальніка планавай камісіі райвыканкама Мікалая Калгушкіна і старшыню Дайлідскага сельсавета Івана Ушакевіча. Тады ўпершыню на старонках раённай газеты ў № 14 за 12 лютага з’явіўся некралог, хоць і без паведамлення прычыны трагічнай смерці. Ды гэта было і неабавязкова – яе і без таго ўсе ведалі, такія навіны распаўсюджваюцца не праз газету. 

2.jpg


З некралога можна даведацца, што ў 30-гадовага Мікалая Калгушкіна была жонка, а Іван Ушакевіч сям’і не меў. Але ў маладога старшыні Дайлідскага сельсавета была нявеста, на­стаў­ніца з мястэчка Гудагай Дуся, якая міжволі адыграла рака­вую ролю ў гібелі актывістаў. У той дзень, Іван, адпраўляючыся ў Дайлідкі, сказаў дзяўчыне, што сход пройдзе ў Тракелях, каб, у выпадку чаго, збіць бандытаў са следу. Дуся ж, калі спыталі, куды паехаў Ушакевіч, вырашыла падмануць бандытаў, сказала, што ў Дайлідкі, – а на самой справе адправіла іх па следу жаніха.

Але гэта не ўся праўда пра асабістае жыццё Івана Уша­кевіча. Мясцовыя жыхары расказваюць, што ў Дайлідках і цяпер жыве яго дачка. Справа ў тым, што да Дусі была ў маладога старшыні сельсавета іншая каханая, з мясцовых. Зараз ніхто не зможа сказаць дакладна, што сталася, але яны рассталіся, дзяўчына засталася цяжарнай. Яна нарадзіла дачушку ўжо пасля смерці Ушакевіча, у маі 1950 года. Неўзабаве выйшла замуж, у сям’і з’явілася яшчэ двое дзяцей. Дачка доўга не ведала праўды пра свайго бацьку, пакуль нехта з родзічаў не расказаў ёй і не паказаў парт­рэт Івана Ушакевіча. Гэта, вядома, нічога не змяніла ў жыцці дзяўчынкі, а затым і дарослай жанчыны – гэтую праўду ведае толькі яна ды старэйшыя жыхары Дайлідак.

Пра Мікалая Калгушкіна і Івана Ушакевіча, у гонар якіх названы вуліцы ў Астраўцы, «Астравецкая праўда» піса­ла неаднойчы. А жыхар Дай­лідак Казімір Варановіч, аба­пі­раючыся на расповеды ста­ражылаў, больш падрабязна расказаў не толькі пра траге­дыю ў Дайлідках, а і ўвогуле пра бандытызм на Астравеччыне.


– У ваколіцах Дайлідак яшчэ падчас вайны дзейнічала некалькі банд – са Снігян, Свіршчызны, Баяроў. Людзі расказвалі, што асаблівай жорсткасцю вызначаліся снігянскія бандыты. Успамінаюць, як яны заявіліся на вяселле ў Солах і забілі бацьку маладой – каб не весяліліся, а плакалі. Маглі прыйсці ў любую хату і забраць тое, што ім спадабалася – людзі аддавалі, бо баяліся. А родзічы тых бандытаў не саромеліся потым фарсіць у нарабаваных уборах! 

3.jpg

Пахаванне Мікалая Калгушкіна і Івана Ушакевіча



Толькі жыхары Гальчун здолелі пастаяць за сябе: пакуль бандыты хадзілі з хаты ў хату, збіраючы дань, мужчыны, узяўшы дубальтоўкі – паляўнічая зброя была амаль у кожнага, – выйшлі за ваколіцу і сустрэлі няпрошаных гасцей, калі тыя вярталіся назад, ружэйным агнём. Дабро сваё вярнулі – і больш «лясныя браты» ў гэтую вёску не сунуліся.

Каля станцыі Ашмяны ў вайну разбамбілі эшалон са зброяй і прадуктамі. Мясцовыя жыхары цягнулі адтуль харчы, а жыхары Баяроў Вікенцій Карвэцкі, Юзаф Субач і Амброша Карвэцкі вазілі вазамі зброю, адзенне, ваенную форму. Яны стварылі банду, якой кіраваў Вікенцій Карвэцкі і якую ўсе празывалі Вінцулі. Паміж Ажуройсцямі, Баярамі, Якентанамі, Тракелямі і Дайлідкамі ў той час было вялікае балота, дзе яны зрабілі бункер – знайсці іх логава недасведчанаму чалавеку было немагчыма. Бандыты не прызнавалі ніякай улады, лічылі сябе гаспадарамі на гэтай тэрыторыі, якім усе павінны былі падпарадкоўвацца. 

Асабліва лютавалі супраць прадстаўнікоў савецкай улады і актывістаў з мясцовых. Расказвалі, як Вінцуль Карвэцкі пераняў фінагента Сяргея Радзько з вёскі Мілайшуны, які збіраў падаткі, забраў усё да капейкі і напісаў распіску «Грошы забраў Вінцуля». Пасля таго фінагентам сталі даваць узброеную ахову. Адным з такіх ахоўнікаў стаў Часлаў Алёхна з засценка Ажуройсці, родзіч Карвэцкага. Але гэта не перашкодзіла Вінцулю стрэліць у Часлава, калі той прыйшоў у Баяры з фінагентам збіраць падаткі – ён смяротна параніў родзіча, да бальніцы яго не давезлі, памёр у дарозе.

Жорсткасць Вінцулёў была невытлумачальнай і неабгрунтаванай. Аднойчы бандыты прастрэлілі ногі маладой фельчарцы Олі з Ажуройсцяў – на жаль, прозвішча яе ніхто не ўспомніў, расказвалі толькі, што прыехала яна з Віцебшчыны. На шчасце, дзяўчына вылечылася і пазней выехала ў Маладзечна.

Вінцулёў усе баяліся і таму вельмі неахвотна супрацоўнічалі з савецкай уладай. Да актывістаў маглі прыйсці ўночы, надзёрці ягадзіцы таркай і пасыпаць соллю – і гэта было яшчэ мяккае пакаранне. Абрэвіятуру ВЛКСМ расшыфроўвалі так: «Вазьмі лапату, капай сабе магілу». Светлай памяці Генавефа Бурштыновіч успамінала, як выбіралі дэпутата ад іх вёскі. Ніхто не згаджаўся, і тады выбралі яе. Сказалі: «Ты маладая, ні сям’і, ні дзяцей не маеш, калі і  заб’юць, то нічога страшнага». Колькі дзяўчына ні плакала, ні прасілася – нічога не дапамагло. Але маці супакоіла дачку: «Будзем маліцца – пан Бог дапаможа, усё будзе добра». Так і сталася. Колькі разоў у хаце дэпутаткі начавала раённае начальства – ніхто ніколі не напаў, хоць кожную ноч пад вокнамі бачылі мноства слядоў.

Калі ж бандыты забілі Мікалая Калгушкіна і Івана Ушакевіча і паранілі каваля Мар’яна Страцэўскага, тады за Вінцулёў узяліся ўсур’ёз. Расказваюць, што Вікенція і Аброшу Карвэцкіх забіў удзельнік іх банды Юзаф Субель, якому за гэта савецкія ўлады паабяцалі захаваць жыццё. Хоць афіцыйна ліквідавалі банду ваенныя – целы главароў потым вазілі па вёсках, каб людзі пабачылі, што Вінцулі, якія столькі гадоў наводзілі страх на ўсё наваколле, мёртвыя. Пасля таго забітых бандытаў утапілі ў балоце насупраць сённяшняга будынка аўтастанцыі. А Юзаф Субель выехаў у Літву.  




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик