Як жывецца прыезджым у Астраўцы?

08:59 / 08.04.2021
673
Хачу спытаць у жыхароў старой часткі Астраўца: ці часта вам даво­дзіц­ца бываць у новым горадзе? Маю на ўвазе не проста паходы ў ZAMI, «Санту», «Еўраопт» ці вымушаныя наведванні бальніцы, а ня­спешныя прагулкі, калі кожны крок прымушае назіраць, успамінаць, разважаць… 

1.jpgКалі ў вас былі такія вандроўкі-знаёмствы з новым родным горадам, то, думаю, пагодзіцеся: уражанні – неперадавальныя. Гімназія там, дзе некалі жыхары шматкватэрных дамоў «Валадаркі» садзілі агароды; дзіцячая бібліятэка на аэрадроме; бальніца  на месцы колішніх ягаднікаў і грыбовішчаў… А не паспелі і вокам міргнуць – вырас горад! Прыгожы, сучасны… Зусім новы, іншы, так непадобны на знаёмы з дзяцінства Астравец… Чужы... Хоць і завецца ён гэтак жа, як стары, дзе ведаеш кожны завулак. 

І людзі ў гэтым новым горадзе жывуць іншыя. Таксама чужыя…  

Вось пра іх, новых астраўчан, даўно карціць пагаварыць

Неаднойчы заўважала, што адносіны некаторых «абарыгенаў» да «чужакоў» у лепшым выпадку насцярожаныя, у горшым – адкрыта непрыязныя: маўляў, панаехалі… На іх спісваюць усё што можна і чаго нельга: смецце ў лесе, распісаныя прыпыначныя павільёны, пабітыя бутэлькі… Нібы да з’яўлення ў горадзе «новых астраўчан» гэтага не было! Але як сказаць дрэннае слова, зрабіць заўвагу свайму, мясцоваму, якога ведаеш калі не па імені, месцы работы і сямейным становішчы, то хоць бы ў твар. Нават калі ён таго заслугоўвае, то язык не паварочваецца: жывяце ж па-суседску, ці дзеці ў адну групу ў дзіцячым садку хадзілі, ці ў бальніцы некалі разам ляжалі, ці на чыімсьці вяселлі гулялі, ці… Тут усе – амаль што радня! 

А чужыя – яны на тое і чужыя, што на іх усё спісаць можна.

Адзін з маіх землякоў, які, як і я, даўно лічыць сябе астраўчанінам, так пракаменціраваў з’яўленне ў Астраўцы новых людзей:

– Добра, што прыехалі! Цяпер хоць не будуць казаць, што ва ўсім «чарнобыльцы» вінаватыя.

…Сапраўды, калі 30 з лішкам гадоў назад у Астравец амаль адначасова пераехала больш як 100 сямей з найбольш пацярпелай ад Чарнобыльскай аварыі Гомельшчыны, на «чарнобыльцаў», як нас тут адразу ахрысцілі, таксама «спісвалі» ўсе магчымыя і немагчымыя грахі: крадзяжы з падвалаў, чэргі ў магазінах, пыл з дываноў, які нібыта забруджваў радыяцыяй наваколле… Прайшоў час, буркатня адных і крыўды другіх забыліся, усе даўно перамяшаліся, перазнаёміліся, пасябравалі, парадніліся – «чарнобыльцы» сталі сваімі. Нас сталі ацэньваць не па месцы нараджэння ці папярэдняга жыхарства, а па адвечных чалавечых якасцях і каштоўнасцях. І мы ўжо – не агульная маса «наязджомых», а людзі з прозвішчамі і імёнамі. Сярод якіх ёсць добрыя і злыя, працавітыя і лайдакі, разумныя і не вельмі – зрэшты, як і сярод мясцовых, і сярод жыхароў іншых вёсак, гарадоў, абласцей, краін.

Вельмі балюча назіраць, як усё гэта паўтараецца з сучаснымі «новымі астраўчанамі» – успамінаюцца свае колішнія перажыванні. Я разумею, што сярод тых, хто прыехаў у Астравец будаваць ці эксплуатаваць атамную электрастанцыю, далёка не ўсе «белыя і пушыстыя». Але навошта недахопы і грахі аднаго чалавека пераносіць на ўсіх? 

Упэўнена, што за час будаўніцтва «атамкі», у большасці мясцовых жыхароў з’явіліся калегі, прыяцелі ці нават сябры, а ў каго ўжо і родзічы з ліку прыезджых. І ўсе паспелі пераканацца, што гэта цікавыя, разумныя, таленавітыя, добразычлівыя людзі. А што ў кожным статку ёсць хоць адна паршывая авечка, вядома здаўна.

Так што, шаноўныя землякі, давайце не забываць, што ў свеце беларусаў лічаць талерантнымі (на жаль, не заўсёды заслужана – але гэта тэма іншай размовы), і, у адпаведнасці з біблейскай запаведдзю, адносіцца  да людзей трэба гэтак жа, як хочам, каб адносіліся да нас ці да нашых дзяцей. Ім, прыезджым, па сабе ведаю, і так няпроста: у незнаёмым горадзе, сярод чужых людзей, удалечыні ад родных, сяброў. Давайце дапаможам ім як мага хутчэй стаць сваімі сярод сваіх – прынамсі, тым, каму гэта патрэбна. 

Ну а калі хто прыехаў сюды з пазіцыяй заваёўніка, гаспадара жыцця, якому ўсе заўсёды павінны (сустра­каюцца, на жаль, сярод прыезджых і такія), то на іх ёсць іншыя спосабы ўздзеяння – ад псіхалагічных да праваахоўных.

Але не трэба адным аршынам мераць усіх. Каб і нас аднойчы ім не памералі…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений