Вайна ў лёсе Мікіты і Веры Багачовых
14:13 / 27.03.2021
Але нямногія ведалі, што абодва браты Багачовы – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Бязлітасным катком прайшлася яна і па лёсе Веры Аляксандраўны.
А з іншага боку – калі б не вайна, то наўрад ці яны сустрэліся б…
Мінамётчык з Магілёўшчыны
Мікіта Іванавіч – з Магілёўшчыны, ён нарадзіўся ў вёсцы Смолькі Касцюковіцкага раёна. У малазямельных бацькоў было сямёра дзяцей, ён – старэйшы. Голад і працу хлопчык, як і яго малодшыя браты і сёстры, зведаў з дзяцінства: спачатку пасвіў гусей, затым – авечак, як падрос – кароў і коней.
Мікіта Багачоў
І ўсё ж запаветнай марай бацькоў было, каб дзеці вучыліся. Яны спадзяваліся, што адукацыя дапаможа ім вырвацца з беспрасветнай галечы. Усе закончылі пачатковую школу. А Мікіту адпусцілі ў Саматэвіцкую сямігодку – тады там настаўнічаў бацька вядомага беларускага пісьменніка Аркадзя Куляшова Аляксандр. Хлопец жыў на кватэры, дахаты прыходзіў толькі ў выхадныя ды на канікулы. І тады ў Багачовых збіраліся аднавяскоўцы: Мікіта так цікава расказваў пра далёкія краіны, пра моры і вулканы, пра ворагаў-імперыялістаў…
Пасля сямігодкі ён паступіў на рабфак у Мінску. А затым замахнуўся на нечуванае для вясковага хлапчука: Ленінградскі медыцынскі інстытут. І паступіў! Але… Каб вучыцца і жыць у вялікім горадзе, патрэбны былі грошы – стыпендыі там не плацілі. Бацькі, у якіх на руках заставалася шасцёра дзяцей, не маглі дапамагчы сыну. Даведаўшыся, што ў Рагачове адкрыўся настаўніцкі інстытут, дзе навучэнцам давалі стыпендыю, хлопец вярнуўся ў Беларусь. Гістарычны факультэт інстытута ён закончыў у 1940 годзе, стаў працаваць настаўнікам у Копыльскім раёне.
20 чэрвеня 1941 года Мікіта атрымаў першы працоўны водпуск і збіраўся ехаць дахаты. Але назаўтра грымнула вайна… Ужо 23 чэрвеня Багачова прызвалі ў дзеючую армію і залічылі ў 398-ы лёгкі артылерыйскі полк мінамётчыкам.
Сям'я Мікіты Багачова
– Тата не любіў расказваць пра вайну, – успамінае Людміла Багачова. – Мне здаецца, гэта тычылася ўсіх ветэранаў – яны мала ўспаміналі былое. Але ведаем, што на фронце бацьку спатрэбіліся веды, атрыманыя за некалькі месяцаў вучобы ў медінстытуце, калі неабходна было тэрмінова аказаць першую медыцынскую дапамогу параненым сябрам, і веданне нямецкай мовы, калі разведчыкі дастаўлялі «языка». Сам ён быў паранены, кантужаны – аднак дайшоў да Берліна.
…У пачатку снежня 1945 года на парозе бацькоўскай хаты з’явіўся юнак у вайсковым шынялі. Маці ўпала на грудзі са слязьмі шчасця: «Сынок! Жывы!» Хоць вайна ўжо закончылася, у арміі яшчэ заставаліся Мікола і Міхаіл…
Сялянка з Віцебшчыны
Вера Аляксандраўна нарадзілася на Віцебшчыне, у Дубровенскім раёне. Дзеці ў іх сям’і былі частыя, але слабыя: маці нарадзіла 13, выжыла чацвёра. Вера была другой.
Калі на хвалі паслярэвалюцыйнай эйфарыі сталі стварацца камуны, бацька ўступіў адным з першых: адвёў карову, каня, аднёс збожжа. Калі камуна ў хуткім часе развалілася, вярнуць удалося толькі жывёлу.
Вось тады і зведала сям’я, што такое суп з лебядой і пустая поліўка. Каб неяк пракарміць дзяцей ды ўратавацца ад краху ідэалаў, гаспадар падаўся на заробкі ў шахты. Але хутка захварэў на сухоты і, вярнуўшыся дамоў, памёр.
На змену камунам прыйшлі калгасы. Маці стала слыннай звеннявой-льнаводкай, стаханаўкай. І побач з ёй заўсёды была Вера, першая памочніца: брала лён, слала, падымала, вязала... Так што адкуль бярэцца «бялюсенькі кужалёк», ведала не з песень пра Вулляніцу.
Вера паспела скончыць сямігодку, будавала планы на будучыню. Жыццё, здаецца, крыху ўсталявалася, абед стаў сытнейшым, абжываліся патроху. І ўсё гэта абрынулася ўмомант ад страшнага слова «вайна».
– Праз нашу мясцовасць праходзіла лінія фронту, – расказвае Вера Аляксандраўна. – Мы ў вёсцы амаль і не жылі, усё па лясах ды балотах хаваліся.
Перад самым вызваленнем Вера, якой да таго неяк удавалася схавацца ад нямецкага вока, усё ж трапіла ў лапы фашыстаў. Палонных пагналі пехатой на Шклоў. Ідучы праз лес, дзяўчаты кінуліся ў цёмны гушчар. А ранкам, плачучы ад шчасця, яны ўжо абдымалі савецкіх салдат.
Вярнулася Вера дамоў. Ішоў ліпень 44-га. Час жыта жаць. Ды што ўбіраць, калі не пасеяна? Хаты ў вёсцы немцы паразбіралі – масцілі гаць цераз балота. Голад. Галеча. А наперадзе – зіма.
1959 год. М.І. Багачоў (першы справа) з настаўнікамі і вучнямі Быстрыцкай сямігадовай школы
Дзядзька, які жыў у менш пацярпелай ад вайны, больш сытай і багатай Заходняй Беларусі, паклікаў пляменніцу да сябе на Ашмяншчыну. Дзяўчына бралася за самую цяжкую работу, абы гаспадары далі паесці ды ў кішэню кавалак хлеба паклалі.
Калі аднойчы Вера вярнулася з заробкаў, цётка паказала ёй газету:
– Глядзі, тут на настаўніцкія курсы запрашаюць. Ты ж граматная, сямігодку скончыла. Ідзі, паспрабуй.
Галоўным аргументам стала тое, што на курсах давалі хлебныя картачкі. А Веру загадчык пашкадаваў і выдзеліў ажно дзве.
Курсы рэарганізавалі ў педагагічнае вучылішча, але картачкі пакінулі, ды яшчэ і стыпендыю плацілі. А ўлетку, на канікулах, Вера зноў ішла па вёсках – дапамагала людзям жаць, каб якую адзежыну-абуўку справіць і маці перадаць што-кольвечы.
Пасля заканчэння вучылішча накіравалі Веру Аляксандраўну дырэктарам пачатковай школы ў вёску.
– Кніжкі і сшыткі тады па разнарадцы выдавалі, вось я і выкупіла ўсё, што належала маёй школе, аддала ўсю зарплату да капеечкі. Бацькоў на сход сабрала, раздала ім падручнікі. А ў каго з сялян былі тады грошы, каб адразу разлічыцца? Адна толькі жанчына прынесла ў якасці платы кош бульбы. Соль знайшлася ў кватэры, што мне выдзелілі. Так і жыла цэлы месяц: печаная бульба, соль ды вада...
Настаўнікі з Астравеччыны
Мікіта Іванавіч пасля вайны працаваў інспектарам у Ашмянскім аддзеле народнай адукацыі – тады, інспекціруючы школы, і спаткаў маладую настаўніцу, якая запала ў сэрца.
У 1950 годзе яны пажаніліся. Яшчэ год жылі паасобку, а потым муж плюнуў на кар’еру, узяў маладую жонку ды паехаў з ёй на Астравеччыну, у Быстрыцу: не важна, дзе працаваць, абы разам. Ён стаў выкладаць не толькі гісторыю, а і хімію, біялогію – зноў спатрэбіліся веды, атрыманыя ў медыцынскім інстытуце, нямецкую мову – дапамагала франтавая практыка, геаграфію – о, колькі ён пабачыў, пакуль крочыў франтамі Вялікай Айчыннай, беларускую мову і літаратуру – гэта ж сваё, роднае.
Вера і Мікіта Багачовы ў 1950 годзе, пасля вяселля
Тут, у Быстрыцы, нарадзіліся іх дзеці: Надзея, Людміла, Анатоль. Гэтая маляўнічая вёсачка на стромкім беразе Віліі стала для іх роднай…
– Мама была больш строгай, а тата, што б ні здарылася, заставаўся вельмі добрым чалавекам, – успамінае Людміла Мікітаўна. – Нават калі сваволілі, мы не чулі ад яго благога слова. Тым не менш, заўсёды помнілі, што дома ён нам – тата, а ў школе – Мікіта Іванавіч. Памятаю, узімку ўвесь дзень з сябрамі бавіліся на горцы, а назаўтра бацька, ведаючы, што падручнікі я не адкрывала, выклікаў да дошкі. Ну што ж – заслужаная «двойка»! І ўрок на будучыню…
Мікіта Іванавіч пражыў нядоўга: памёр пасля двух інсультаў у 1978 годзе. А Вера Аляксандраўна пад клапатлівым доглядам дачок, найперш Надзеі, якая пераняла ад бацькі яго цягу да медыцыны і стала недыпламаваным «сямейным доктарам», размяняла ўжо соты дзясятак – і ўсё яшчэ «выхоўвае» сваіх «дзяўчат»-пенсіянерак у строгасці і дысцыпліне.
…Урокі бацькоў, жыццёвыя і прафесійныя, Людміла і Надзея Багачовы, пранеслі праз усё жыццё.
А цяпер іх пераймае і беражліва захоўвае дачка Надзеі Мікітаўны Таццяна Нешытая, настаўніца пачатковых класаў адной са школ горада Ліды. І можна не сумнявацца: перадасць іх сваім дочкам Паліне і Ульяне.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.