А вам слабо пачысціць снег?

14:01 / 21.02.2021
Замятае зіма, замятае… Радкі з папулярнай песні сёлета сталі явай жыцця. Напэўна, ужо ніхто не стане жаліцца, што «не тыя цяпер зімы, як былі некалі». Здаецца, усім усяго хапіла: і снегу, і маразоў. Некаму, можа, ужо і залішне…

Каму? Найперш, вядома ж, камуналь­нікам і дарожнікам – вось у каго цяпер ненарміраваны рабочы дзень без выхадных і адпачынкаў. Раніцай у нядзельку заспаныя гараджане толькі фіранкі адхінаюць – а «жук»-трактарэц ды дворнікі ўжо чысцяць тратуары ў мікрараёне. Часта гэта тая яшчэ задача: усе праезды, а часам і тратуары занятыя аўтамабілямі-«падснежнікамі».  А вывезуць бліжэй да абеду мамы сваіх малышоў на саначках ды калясках у лесапарк на прагулку, пенсіянеры выйдуць туды ж свежым паветрам падыхаць – дык і ў лесе ўжо асноўныя дарожкі прачышчаны: гуляйце на здароўе! Я ўжо не кажу пра цэнтральныя вуліцы і тратуары. 

1.jpg


Ну а калі да абеду да нейкага двара ці вуліцы снегаачышчальная тэхніка і людзі не даехалі – не дайшлі ці пачысцілі снег не да асфальту ці пліткі, то асабліва нецярплівыя знаўцы сваіх правоў (якія, як правіла, забываюцца пра абавязкі) тут жа ў сацыяльныя сеткі гнеўныя посты і каментарыі закідваюць: так, маўляў, і так, чаму гэта я ўжо прачнуўся – а снег яшчэ не расчышчаны?! Чым гэта гарадская камунальная служба займаецца, за што людзі грошы атрымліваюць?!

А гаспадарам уласных падвор’яў тым часам наракаць няма на каго, хіба што мужу з жонкай «на кіёк» мерацца, чыя чарга сёння дарожкі расчышчаць. Затое амаль штодзённы бясплатны «фітнес» гэтай зімой ім забяспечаны: каб выехаць ці выйсці з панадворка, трэба перш снег пачысціць – а ён толькі здаецца пульхным і лёгкім…

Зрэшты, гаспадары – у літаральным, сапраўдным сэнсе гэтага слова – жывуць не толькі ў прыватных сядзібах, а і ў шматкватэрных дамах. І ім, сапраўдным, не трэба ні заклік Прэзідэнта дапамагчы ў расчыстцы снегу, ні загады «зверху», ні акцыі грамадскіх арганізацый – яны самі прывыклі клапаціцца пра свой дом, двор, лесвічную пляцоўку.  

…Раніцай гляджу: сусед, вярнуўшыся з работы з начной змены, перш чым падняцца ў кватэру, паставіў сумку на лавачку, узяў лапату і стаў чысціць снег – ля пад’езда, да ўваходу ў падвал. І так пасля кожнага снегападу, якія сёлета, як вы паспелі заўважыць, – частыя і густыя. І не абураецца, маўляў, чаму толькі мне гэта патрэбна, ці ж я адзін у гэты падвал хаджу, хоць, калі па праўдзе, мог бы… Па-гаспадарску чысціць: снег падалей адносіць, думае пра тое, што, як стане ён раставаць, вада ў падвал пойдзе. 

1.jpg


А другі лавачку ад снегу ачысціў, дарожку… Вадзіцель, гляджу, завёў рухавік і, пакуль аўтамабіль грэецца, не толькі сваю машыну адкапаў, але і суседскую…

Ды такія, на жаль, не ўсе. Вунь стаіць дужы шыракаплечы дзяцюк, назірае, як працуюць немаладыя мужчыны. Пэўна ж, пасміхаецца сабе ў вусы: хай працуюць, работа дурняў любіць. Ён жа «разумны», бо за яго іншыя працуюць. А ён лепей палюбуецца прыгожай снежнай зімой. А калі раптам, рот разявіўшы, паслізнецца ці ў гурбу незнарок паваліцца, то тут жа фотку зробіць і ў сацыяльныя сеткі вылажыць: вось, маўляў, як працуюць нашы камунальныя службы… 

…Падумалася: калі б словы, што вялікімі літарамі «маячаць» са сцяны РУП ЖКГ – «Жыві як гаспадар» – сталі правілам жыцця не толькі для саміх камунальнікаў і майго нераўнадушнага суседа, а для кожнага жыхара горада – наколькі б менш  было ў нас праблем! 

І не толькі са снегам… 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Ольга Хотянович