Гісторыя аднаго фотаздымка: цётка Адэля і яе сумачка
11:42 / 25.08.2020

Адэля Керна (у дзявоцтве Міцкун) нарадзілася ў 1909 годзе і была пятай з шасцярых дзяцей у сям’і. Ёй было сем гадкоў, калі адзін за другім памерлі бацькі. Старэйшаму з дзяцей, майму дзядулю, было на той час 17.
Ад бацькоў засталося некалькі валокаў зямлі, нейкая гаспадарка. Разам з незамужняй цёткай Масяй, сястрой іх бацькі, Адэлька гадавала малодшую сястру Саламею і вяла хатнюю гаспадарку, спасцігаючы няхітрую мудрасць сялянскага быту. У школе вучыцца ёй не давялося. І быт, што фарміраваў характары людзей таго асяроддзя, не абмежаваў развіццё неардынарнай асобы.
Лёсавызначальным момантам стала запрашэнне ў касцёльны хор. Такую прапанову Адэлі, яшчэ падлетку, зрабіў ксёндз-пробашч. Харысты з мясцовай эліты – моладзь са шляхты, настаўнікі, аптэкарка – фарміравалі жыццёвыя погляды сялянскай дзяўчынкі. Некалькі разоў яе выбіралі дэлегаткай ад мясцовага рэлігійнага аб’яднання на форум у Вільні. І там дзяўчо, нібы губка, упітвала ўсё, чаго так не хапала яе тонкай натуры: густ, з якім людзі апраналіся, манеры, што вызначалі іх стасункі, размовы… І разумела, як ёй не хапае ведаў! Таму самастойна навучылася чытаць і пісаць – кніжкамі забяспечваў усё той жа мясцовы ксёндз.
Калі прыйшоў з войска старэйшы брат і вырашыў будаваць новы дом, адправіў Адэлю ў Вільню зарабляць грошы. Знаёмыя далі ёй добрую рэкамендацыю, і маладая, прыгожая, паважлівая, кемлівая дзяўчына трапіла служыць у інтэлігентную сям’ю. За не вельмі доўгі час, год ці больш, яна вярнулася дахаты не толькі з грашыма, але і з прыданым – небывалым для вёскі гардэробам. Але галоўным скарбам быў той багаж уменняў, што вылучаў яе сярод вяскоўцаў.
Памятаю, калі нарываў палец – ніхто ж не звярнуў увагі, калі туды трапіла стрэмка! – пракалоць нарыў звалі цётку Адэльку. Трымалася тэмпература, не праходзіў кашаль – банкі паставіць умела толькі яна. Мама расказвала, як яе стрыечны брат аб’еўся ў лесе малінамі і цётка ставіла яму ў склепе (каб ніхто ж не бачыў!) клізму, і ён «роў як бык» – ой, як нам было страшна!
Цётачка ўмела налажыць шыну на зламаную нагу авечкі і так зашыць прабітае вяллё курыцы, што тая яшчэ некалькі гадоў радавала гаспадыню яечкамі.
Калі яшчэ ніхто не ведаў пра акушэрак, цётачцы і павітухай здаралася быць. Яна і кароўцы магла дапамагчы, калі нешта не так ішло ў час ацёлу, – паслугамі ветэрынараў тады карысталіся толькі вельмі заможныя людзі. І ў апошні шлях сабраць нябожчыка клікалі цётку Адэльку – яна дакладна ведала, як гэта зрабіць правільна і найлепш.
Першы раз галубцы, акуратна перавязаныя крыж-накрыж белай нітачкай, я паспытала ў яе хаце. А якія смачныя былі ў цётачкі маркоўныя пірагі і гарбузовая каша!
А яшчэ мы называлі яе «мёднай» цёткай, бо яна адзіная ў вёсцы трымала пчол і шчодра частавала не толькі родзічаў, але і ўсю вясковую дзятву такім жаданым салодкім ласункам! Узімку, калі нехта хварэў, яна прыходзіла праведаць са слоічкам мёду. Памятаю, як павезла мяне, шасцікласніцу, старэйшую з дзяцей у сям’і, у 1966 годзе праведаць у Гродна маму, якую чакала складаная аперацыя. З Астраўца ляцелі «кукурузнікам», каб паспець дапамагчы тымі невялікімі грашыма, што сабралі раднёй. Дапамагло: мама дажыла да глыбокай старасці.
Але найбольш мяне, сённяшнюю, уражвае яе характар, стаўленне да людзей і да сябе. Ніколі не чула, каб з яе вуснаў сарвалася не тое што нецэнзурнае, а ўвогуле злое, непаважлівае слова. Калі злавалася, казала: «Каб цябе качкі забрыкалі!» – і ад гэтага было не страшна, а смешна. Калі ў яе прысутнасці абмяркоўвалі нечыя непрыстойныя ўчынкі, ад цёці можна было пачуць толькі памяркоўнае: «Што ж, у жыцці ўсяляк бывае…» Я ніколі не чула, каб яна на некага крычала, нават на жывёлу – усіх яна ўгаворвала, настаўляла.
А між тым яе асабістае жыццё не было шчаслівым. Прыгожы мужчына на фотаздымку побач з цётачкай, яе муж, здзекваўся з жонкі, меў адкрытую сувязь з іншай жанчынай са сваёй жа вёскі. Цётка перажыла яго амаль на 20 гадоў, і ні разу я, ужо дарослая, не чула ад яе папрокаў, скаргаў ці прызнанняў.
І яшчэ раз аб фотаздымку, дакладней, аб адной дэталі на ім – сумачцы. З ёй звязана гісторыя, якая дапаўняе характар Адэлі.
Было гэта на пачатку 50-х гадоў. Па нядзелях моладзь па чарзе ў вясковых хатах ладзіла танцы. Назаўтра дзеці каля такой хаты-«клуба» часам знаходзілі «каштоўныя» рэчы: брошку, гузік, насоўку, капейку ці нават нешта большае. Цёткіна ж прыёмная дачка, якую яна выхоўвала пасля таго, як заўчасна памерла малодшая сястра Саламея, ніколі нічога не знаходзіла. І ад гэтага ёй было вельмі крыўдна: дзяўчынцы вельмі хацелася парадаваць цётачку. Аднойчы раніцай, пакуль Адэля даіла карову, яна ўзяла з гэтай сумачкі грошы – рубель ці пяць – і пайшла пахваліцца і зрабіць свой уклад у сямейны бюджэт. Жанчына адразу ж здагадалася, адкуль грошы, і сказала: «Ідзі і пакладзі там, дзе ўзяла. Нельга браць чужое». Гэты ўрок застаўся ў памяці прыёмнай дачкі назаўжды.
А для мяне жыццё Адэлі – прыклад таго, як звычайная вясковая жанчына можа паўстаць над лёсам і абставінамі, увабраўшы ў сябе ўсё лепшае, што назапасіла чалавецтва за доўгі час існавання і што сёння мы называем адвечнымі маральнымі каштоўнасцямі.
Марыя ВАСІЛЁНАК,
пасёлак Гудагай