Бацькавы кніжкі і малітва дапамагаюць Галіне Вайцяхоўскай

14:19 / 12.04.2020
Ранкам, прачнуўшыся, Галіна Вайцяхоўская перш за ўсё запальвае свечку і бярэ ў рукі надрукаваны на стараславянскай мове Псалтыр у патрапаным скураным пераплёце, там і сям падклееным ужо і яе рукамі – пачынае чытаць… І адчувае, што не толькі ад святых слоў малітвы, але і ад дотыку да гэтай старадаўняй кнігі ў душы пасяляецца спакой, а цела напаўняецца незвычайнай энергіяй. 

Галіна Архіпаўна не толькі вітае новы дзень малітвай і дзякуе за яго Богу, але і размаўляе такім чынам са сваім бацькам. Яго ўжо даўно няма на гэтым свеце:  Архіп Апанасавіч Цярэшчанка пражыў доўгае і насычанае жыццё і памёр у 91 год. Але,  пагладзіўшы цёплую карычневую вокладку, перагарнуўшы жоўтыя, амаль пергаментныя старонкі з вензялямі буквіц, жанчына адчувае дотык родных рук і позірк мудрых вачэй бацькі... 

34.jpg



Архіп Апанасавіч нарадзіўся напрыканцы пазамінулага стагоддзя, у 1896 годзе, на тэрыторыі сённяшняга Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Ён быў глыбока веруючым чалавекам, нават у часы, калі за малітву можна было трапіць у турму, быў царкоўным старастам. Калі клікалі, ішоў маліцца за нябожчыкаў. І кожны дзень чытаў Псалтыр і малітоўнік.

– Я яшчэ ў школу не хадзіла, а чытаць умела – тата навучыў па гэтым вось Пластыры, – успамінае Галіна Архіпаўна. – Мая стрыечная сястра, калі вучылася ва ўніверсітэце на філфаку і здавала стараславянскую мову, вучыла яе па гэтай кнізе.

Калі бацька памёр, дачцэ было не да яго кніг, яна нават не ведала, куды яны падзеліся. Ужо пазней Галіна Архіпаўна ўбачыла іх у сваёй цёткі Насты, мамінай сястры.

– Я забрала, каб ніхто не паквапіўся. Не хацела, каб святыя кнігі нехта зняважыў – словам ці ўчынкам,  – прызналася цётка. – Думала, вам, маладым, яны не патрэбны. Але ты, калі хочаш, забірай – гэта памяць пра твайго бацьку.

Так бацькава спадчына – нашмат больш каштоўная, чым уклады на ашчадных кніжках, якіх і не было, – перайшла да дачкі. 

Неаднаразова гэтыя кнігі, Псалтыр і малітоўнік, дэманстраваліся падчас выставак старадаўніх і рэдкіх кніг, якія час ад часу ладзіць айцец Георгій Савіцкі, – і нязменна выклікалі цікавасць знаўцаў і проста нераўнадушных людзей. Бо, хоць год выдання іх невядомы, нават няўзброенае вока дылетанта можа вызначыць, што веку яны больш чым сталага: гадоў па сто маюць, не менш.

А для Галіны Архіпаўны гэта не проста рэдкія ці старадаўнія кнігі, яны – жывая памяць пра бацьку: пажоўклыя старонкі памятаюць дотык яго пальцаў, яго голас, яго малітву, якая і цяпер вядзе дачку па жыцці.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик