Приключения корреспондента, который был почтальоном
09:32 / 10.09.2019
З НАГОДЫ НЕПРЫЕМНАСЦІ
Чалавек не машына, таму хоць зрэдку, але ўсё ж дапускае памылкі ў рабоце. І часцяком здараецца, што гэтыя памылкі даводзіцца выпраўляць не яму самому, а тым, каму яны вылазяць бокам.
Падобная непрыемнасць здарылася і ў рэдакцыі газеты: чарговы пятнічны нумар «раёнкі» гродзенская друкарня надрукавала з памылкай – двойчы адправіла чытачоў у падарожжа па Карэліі з Нінай Рыбік і прапусціла старонку з віншаваннямі юбіляраў і фотаздымкамі маладажонаў. Замяць такі «касяк» друкарні – людзі ж чакалі здымкаў, цёплых віншавальных слоў, плацілі за гэта грошы! – рэдакцыя не магла, таму ў суботу выйшаў выпраўлены нумар газеты.
Аднак на гэтым эпапея пятнічнага выпуску не скончылася: аказалася, на тое, каб разнесці газету ў суботу, не хапае паштальёнаў. Зразумела: лета, адпачынкі, выхадны дзень, на які ў кожнага свае планы…
Што рабіць? Не пакідаць жа чытачоў без віншаванняў! Паштальёнам вызваўся пабыць карэспандэнт «Астравецкай праўды».
АД ДОМА ДА ДОМА – АДНАМУ І ДРУГОМУ…
Новаспечанаму паштальёну пашанцавала тройчы. Па-першае, з цёплым надвор’ем – так што сонца перад самым абедам, здавалася, усё ж падсмажыла скуру на носе. Па-другое, разносіць пошту – сярод нумароў «АП» знайшла сабе месца і «СБ. Беларусь сёння» – мне даверылі толькі па трох вуліцах горада – 60 год Кастрычніка, Сасновай і Калгушкіна. Па-трэцяе, у дзесяць гадзін раніцы на кожным нумары газеты ўжо быў прастаўлены адрас дастаўкі.
Газет, на здзіўленне, аказалася не так ужо і шмат – і гэта спачатку ўзрадавала: работы будзе менш. А потым засмуціла: выпісваюць «раёнку», на жаль, не ўсе астраўчане.
Супакоіла сябе тым, што пятнічнага нумара газеты ў паштовых скрынях не было – значыць, тым, хто выпісвае газету, яна ўсё ж цікавая.
…Калі адкінуць некалькі хвілін, каб даехаць на машыне да патрэбных вуліц, то на разнос газет адрасатам няспешнай хадой было затрачана гадзіна сорак пяць хвілін. І гэта з агаворкай, што даводзілася траціць час на зверку нумароў дамоў. Да слова, як добра, што да перапісу насельніцтва, які адбудзецца ў кастрычніку, жыхары Астраўца аднесліся сур‘ёзна: на кожным доме цяпер ёсць прыгожы аншлаг або нумар, якія вельмі дапамагаюць арыентавацца.
Калі было страшна
1. Калі прыйшлося шукаць дом па вуліцы 60 год Кастрычніка, які аказаўся домам на Сасновай.
Паштальён на «распісцы» газет папярэджваў, что почырк у яе не вельмі прыгожы – мы толькі пасмяяліся і разышліся. І ўжо на месцы, калі, як першакласніца, стала чытаць неразборлівыя «кручочкі», пашкадавала, што не абмянялася з ёй нумарамі тэлефонаў. Спадзяюся, тая газета прыйшла ўсё ж па правільным адрасе.
2. Калі на Калгушкіна са звонкім браханнем мяне сустрэлі мясцовыя сабакі.
Яны бегалі па вуліцы і кідаліся пад ногі прахожых. Не адставалі ад іх зачыненыя ў дварах чатырохлапыя сябры, якія разганялі чужых, наскокваючы на плот і брамку. Дапамагалі падрыхтавацца да неспадзяваных наскокаў сабак таблічкі з надпісам «Асцярожна! У двары сабака». Але яны віселі далёка не ўсюды, дзе патрэбны.
Усміхнёмся
На адной вуліцы сустракаю мясцовага жыхара, перадаю яму газету, пытаю, ці бачыў пятнічны нумар і што ён думае пра дзве аднолькава надрукаваныя старонкі. Ён паварочваецца да сяброў, якія стаяць побач, і пытае: «Ты ў газеце ёсць? Не? А ты? Не? І мяне не павінна быць. Таму не бачыў!»
РОЗДУМ ПА ТЭМЕ
Пакуль хадзіла «па дварах», спрабавала зразумець, чаму на дзвярах раённага паштовага аддзялення не знікае аб’ява «Патрабуецца паштальён». Зразумела, зімой, у лютыя маразы, якіх, зрэшты не было ўжо які год, ці ў восеньскую непагадзь «боўтацца» па вуліцах – справа не з лёгкіх. Але колькі той зімы! Ды і гэта, на мой погляд, нашмат лягчэй, чым яшчэ ў марознай цемнаце аддзіраць наледзь ад тратуарнай пліткі або падмятаць лісце ў пару залатой восені – так працуюць дворнікі.
Зарплата не фантан? Не б’е, канешне, невычэрпнай крыніцай, але для таго, хто шукае работу і не можа пахваліцца «крутой» адукацыяй, – нядрэнны варыянт.
Да таго ж «хадзячая» работа дапаможа падтрымліваць спартыўную форму і сэканоміць грошы на розныя там фітнэсы і ёгі.
Адказнасць у паштальёна, безумоўна, ёсць: прыйсці на работу ў патрэбны час, распісаць нумары адрасатам, разнесці па дамах, аформіць падпіску, падлічыць грошы за яе… Але гэта не параўнаць з працай банкаўскага работніка ці эканаміста, які «варочае мільёнамі», або настаўніка ці ўрача, ад дзеянняў якіх залежыць лёс і жыццё чалавека…
Ведаеце, калі так здарыцца, што ў «раёнцы» стане цесна і я вырашу змяніць працу або мяне «папросяць», першае, куды напраўлюся, будзе пошта. Таму што, акрамя ўсяго вышэйпералічанага, я адчула, наколькі гэта прыемна – прыносіць свежыя навіны людзям.
P.S. А ў канцы дня мне стала смешна: паштальён, які ў суботу данёс-такі «раёнку» да вуліц 60 год Кастрычніка, Сасновая і Калгушкіна, сам застаўся без газеты: выпраўлены нумар жыхары мікрараёна Гагарына атрымалі ажно ў аўторак.
І прыкра: добрая справа, на якую ты не пашкадаваў ні сіл, ні часу, была змарнавана. І нават горка – калі сярод тых, да каго не дайшла выпраўленая газета, былі людзі, якіх віншавалі на яе старонках.
Можна ж было папрасіць – я б і туды газету занесла…