Ненавукова-iранiчнае даследаванне журналіста "Астравецкай праўды" з нагоды Дня жанчын

15:24 / 04.03.2011


Мужчыны рэдка задумваюцца над тым, як дорага жанчынам абыходзіцца  іх увага.
Чым толькі ні ахвяруюць дзеля яе нашы прыгожыя палавінкі! Сядзяць на бясконцых дыетах, насілуюць ногі ненавіснымі абцасамі, здзекуюцца над сабой, выскубваючы бровы, апранаюць нязручную вопратку, наведваюць спартыўныя залы і салоны прыгажосці, часам бясстрашна кладуцца пад нож хірурга, каб  хоць крыху наблізіцца да ідэалу, які ўсё роўна, нібы цень, здрадліва ўцякае з-пад ног.


А што ў выніку? Дзяжурны камплімент на 8-е Сакавіка і трэці тост за каханне? Дык ці вартая прыгажосць столькіх намаганняў? Што бачаць мужчыны, паглядаючы на жанчын, і ці ёсць каму ацаніць карпатлівую жаночую працу над сабой?  І ўвогуле, якія стрэлы Амура маюць шанц з першай спробы патрапіць у мужчынскае сэрца?
Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, у ролі “паддоследнага труса” быў цынічна выкарыстаны калектыў роднай рэдакцыі.


Такім чынам, задача: высветліць, што на самай справе мае значэнне ў адносінах мужчын да жанчын і разабрацца, ці адпавядае гэта жаночым чаканням і ўяўленням.
Дадзена: некалькі рознаўзроставых і рознаполавых рэспандэнтаў.
Умова: ніякіх умоў! Гэта значыць —  прэтэнзій на аб’ектыўнасць, праўдзівасць, тым больш навуковасць даследавання.
Першай атрымала заданне прыгожая палова. Жанчынам трэба было прыкласці максімум намаганняў, па магчымасці  непрадузята паглядзець на сябе вачыма мужчын і адказаць – дакладней, выказаць здагадку – на што найперш звяртаюць увагу ў іх абліччы мужчыны? Як варыянты прапаноўваліся: прычоска, макіяж, біжутэрыя, пазногці, рукі, ну і іншыя элементы гардэробу і частак цела.
Жанчыны з радасцю ўзяліся за справу і з алоўкамі ў руках схіліліся над паперкамі з варыянтамі адказаў.
У выніку жаночага галасавання першае месца ў хіт-парадзе мужчынскай увагі заняла прычоска. Затым, па меркаванню прыгожай паловы, увага мужчын засяроджваецца на адзенні, а ў завяршэнні злёгу слізгае па руках і твары.
Макіяж, біжутэрыя і абутак, на думку жанчын, амаль што цалкам абдзелены мужчынскай увагай. З апошнім, напэўна, можна паспрачацца. Абутак, магчыма, мужчын сапраўды цікавіць у апошнюю чаргу. А вось тое, на што ён надзеты!..
Зрэшты, паглядзім, што на гэта адкажуць мужчыны.
Іх чакала заданне больш складанае. Маючы на ўвазе вядомыя мужчынскія хітрыкі кшталту размоў пра каштоўнасці “шырокай жаночай душы” пры скрадлівых позірках туды, дзе “бэйдж” вісіць, я не стаў цалкам давярацца паперы. Яна, як вядома ўсё сцерпіць, а значэнне мела ісціна. Хаця б прыблізная. Таму моцнай палове мелася праявіць здольнасці не столькі ў дзяжурнай галантнасці, колькі ва ўважлівасці.
Калі жанчыны падвялі рысу пад сваім прагнозам, мужчыны атрымалі пытанні проста ў лоб: у што сёння была адзета Наталля, якога колеру пазногці ў Аксаны, якія завушніцы ў Вольгі – ну і гэтак далей.
Да гонару моцнай паловы, мужчыны аказаліся досыць уважлівымі. Без запінкі агучылі, хто і ў якое ўбранне апрануты. Адзенне, такім чынам, з лёгкасцю выйшла на першае месца мужчынскай увагі. Гэтак жа ўпэўнена мужыкі адзначылі і жаночыя прычоскі. Пры тым дазволілі сабе нават паразважаць аб іх відах, значэнні і адпаведнасці стылю. Пахвальна.
Прымусіла крыху задумацца пытанне, якое тычылася жаночых рук. І калі сярэбраны бранзалет супрацоўніцы, хоць і з невялікім напружаннем, але ўсплыў у памяці, то колер манікюру, можна сказаць, трывала прыціснуў да сценкі – думкі падзяліліся.
Макіяж – не тая вобласць, дзе мужчыны адчуваюць сябе моцнымі спецыялістамі. Ды і, па праўдзе кажучы, сапраўднае майстэрства прыгажосці якраз у тым і ёсць, каб зрабіць  яго ледзь прыкметным. Аднак у “кулуарах”і “не для прэсы” мужчыны адзінагалосна заўважылі, што макіяж для жаночай прывабнасці мае немалаважнае значэнне. І дадалі, што з першага погляду звяртаюць увагу на вусны і вейкі.
Абутак сапраўды аказаўся “пакрыўджаным”. Праўда, толькі зімой. А летам мужчынскае вока за яго абавязкова зачэпіцца. А разам з ім –  і за іншыя часткі жаночага цела.
Ну а што, калі “капнуць” глыбей? Якія жаночыя якасці маюць каштоўнасць для мужчын? І не толькі напярэдадні свята, а, так бы мовіць, у любую пару года і час сутак?
“Шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік!”. Гэтую ісціну жанчыны засвоілі даволі цвёрда і амаль што адзінагалосна вывелі гаспадарлівасць на першае месца мужчынскіх патрабаванняў. Наіўныя! Не варта так легкадумна давярацца стэрэатыпам. Уменне гатаваць боршч, для мужчын, канешне, мае значэнне. Але толькі не перад жаночай пяшчотай. Па ўсім відаць, яны гатовы самі гатаваць абеды і насіць каву ў пасцель.  Ясная справа, не абы каму, а пяшчотнай, ласкавай, паслухмянай, уважлівай і сексуальнай жанчыне з добрай фігурай! Колер валасоў і вачэй значэння не маюць. Як і памер бюсту: у рэйтынгу мужчынскіх каштоўнасцей ён схаваўся за розумам, але пасунуў назад адукацыю. Аказалася непатрэбнай мужыкам і самастойная, незалежная сцерва.
Як ні дзіўна, але чаканні жанчын аказаліся блізкімі да ісціны! Акрамя гаспадарлівасці, “прамазалі” яны яшчэ толькі з розумам, які трывала прымасціўся дзесьці ў сярэдзіне хіт-параду жаночых якасцей вачыма мужчын.
А недаацанілі жанчыны ўласную душу. Па іх меркаванню, на яе мужчыны калі і звернуць увагу, то толькі пасля фігуры. А яны вывелі яе на адзін узровень з пяшчотай і дабрынёй – абсалютным “чэмпіёнам” жаночых каштоўнасцей як на думку мужчын, так і з пункту погляду жанчын! Ура!
Міф аб выключна цялесных інтарэсах мужчын пераможна разбураны і павергнуты ў ганебнае бегства! Прынамсі, у межах аднаго асобна ўзятага невялікага калектыву!
А калі сур’ёзна, то мы вас, дарагія нашы жанчыны, любім рознымі і ўсялякімі: вясёлымі і хмурымі, прычасанымі і не, з макіяжам і без, летам і зімой, раніцай і вечарам…
Любім, таму што не любіць вас немагчыма і жыццё без вас было б нашмат больш шэрым і сумным!
А тое, што прызнаёмся вам у гэтым толькі раз на год і кожны раз за трэцім тостам – дык тое не ад абыякавасці, а ад вялікаха кахання! Таму што слоў кахання шмат быць не павінна.
Зрэшты, гэта ўжо тэма асобнай размовы…


Эдуард ІВАНАЎ.