“Крыштальны журавель” наведаў Астравец

14:16 / 26.04.2019

Пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, удзельнікі клуба “Крыштальны журавель” пад кіраўніцтвам начальніка цэнтра развіваючых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Івана Фёдарава завіталі на Астравеччыну, каб правесці ўрокі і майстар-класы для настаўнікаў школ і педагогаў дашкольнага выхавання. Сустракалі гасцей у гімназіі №1 і дзіцячым садзе №3 нашага горада.

Падобныя выезды ў раёны члены клуба “Крыштальны журавель” арганізоўваюць некалькі разоў на год. Для настаўнікаў і выхавальнікаў гэтыя сустрэчы становяцца своеасаблівым міні-конкурсам “Настаўнік года” і магчымасцю пераняць бясцэнны вопыт калег.

2.jpg

“Крыштальнаму жураўлю” 12 гадоў. За гэты час многія з яго членаў сталі кіраўнікамі – дырэктарамі школ, начальнікамі аддзелаў адукацыі і іншых устаноў. І гэта – своеасаблівы гонар клуба.

– За гэты час мы больш чым 50 разоў выязджалі ў розныя рэгіёны краіны. І бачым эфектыўнасць нашай работы, – расказвае Іван Фёдараў. – Астраўцу сёлета пашанцавала. Мы прыехалі сюды напярэдадні старта першага этапа конкурсу “Настаўнік года” – і, думаю, гэта залог будучых перамог вашых настаўнікаў на рэспубліканскім узроўні.

1.jpg

У дзень педагагічнай сустрэчы ў гімназію №1 і дзіцячы сад №3 з’ехаліся настаўнікі і выхавальнікі з устаноў раёна. Цікавыя самапрэзентацыі, урокі матэматыкі, рускай літаратуры, біялогіі, англійскай мовы, фізікі, гісторыі, беларускай мовы і хіміі, заняткі з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі, майстар-классы на розныя тэмы – настаўнікі-канкурсанты дзяліліся сваімі напрацоўкамі, а астравецкія педагогі спасцігалі новыя для іх методыкі выкладання.

– Уражанні самыя найлепшыя, – гаворыць дырэктар Гудагайскай сярэдняй школы Уладзімір Крывец. – Тым больш што сёння я трапіў на майстар-клас настаўніцы, якая некалі выкладала фізіку мне, і ў многім дзякуючы ёй я выбраў педагагічную спецыяльнасць. Увогуле было цікава пазнаёміцца з лепшымі настаўнікамі рэспублікі, паглядзець, як яны выкладаюць свае прадметы. Ёсць над чым задумацца, узяць штосьці ў сваю педагагічную “скарбонку” і потым выкарыстаць у сваёй практыцы.

3.jpg

– З задавальненнем папрысутнічала на ўроках і майстар-класах пераможцаў рэспубліканскага конкурсу. Члены клуба з’яўляюцца для мяне прыкладам прафесійнага майстэрства, і мая даўняя мара – сустрэцца з гэтымі таленавітымі людзьмі – сёння ажыццявілася, – падзялілася ўражаннямі настаўніца гімназіі №1 Вольга Саковіч.

Не менш задавальнення ад сустрэчы з лепшымі педагогамі краіны атрымалі і дзеці – яны актыўнічалі, дэманстравалі свае веды і зараблялі высокія адзнакі.

4.jpg

– Сёння я наведаў некалькі ўрокаў і бачу, што дзеці адукаваныя, умеюць думаць і гаварыць, а гэта пацвярджае, што вашы педагогі – таленавітыя і адданыя сваёй прафесіі, – лічыць кіраўнік “Крыштальнага жураўля” Іван Фёдараў.

…Цікава, захапляльна, творча – гэтымі характарыстыкамі суправаджаліся ўрокі і майстар-класы, якія давалі лепшыя педагогі краіны – а значыць, рэспубліканскі семінар-акцыя быў арганізаваны недарэмна.

 СЛОВА СПЕЦЫЯЛІСТУ:

 Педагог – гэта чалавек, якія пастаянна развіваецца і знаходзіцца ў творчым пошуку. Сёння настаўнікі Астравеччыны мелі магчымасць пазнаёміцца з лепшымі педагогамі краіны, членамі клуба “Крыштальны журавель”. Гэтую ідэю мы выношвалі доўга і сёння рады, што яны прыехалі да нас і падзяліліся вопытам работы. Такія зносіны будуць садзейнічаць прафесійнаму росту нашых настаўнікаў, – упэўнена метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Апановіч.

5.jpg

6.jpg

8.jpg

Текст:
Фото: Елена Ярошевич