Советское прошлое: поездка в фотоателье
09:58 / 14.11.2017
2
Цяпер, каб зрабіць здымак, не трэба вялікіх намаганняў і асаблівага прафесіяналізму – усё зробіць тэхніка: падправіць прычоску, макіяж, нават можа «перанесці» ў любое месца свету. І галоўнае: перад тым, як фотаздымкі «ўбачаць свет», мы маем магчымасць іх перагледзець, падрэдагаваць і выбраць той, які спадабаўся. Тут галоўнае мець больш-менш прыстойны гаджэт...
А ў маім дзяцінстве такіх раскошаў не было. У нашай сям’і фатаграфаванне было сапраўднай падзеяй. Для гэтага мы ехалі ў фотаатэлье ў Вільнюс. Можна было сфатаграфавацца і ў Астраўцы, але ж – Вільня!!! Там і якасць, і майстры, і студыя…
Бацькі лічылі абавязковым кожны год фатаграфаваць нас з братам – гэта была своеасаблівая храналогія нашага сталення. Перад паездкай у фотаатэлье бацька і маці рабілі прычоскі, рыхтавалі ўборы нам і сабе – збіраліся, як на свята.
Але не заўсёды ў дарозе было так жа радасна, як у падрыхтоўцы да яе. Бацькі ўсаджваліся ў нашым «Запарожцы» наперадзе, мы з братам – ззаду. Праз некалькікіламетраў нам станавілася сумна, і мы пачыналі дзяліць месца на сядзенні, высвятляць адносіны, успамінаць крыўды, штурхацца, шчыпацца, сварыцца... Словам, да месца мы прыязджалі ўчырванелыя і надзьмутыя адзін на аднаго. У выніку фотамадэлі ў нашых асобах былі ніякія: калі валасы можна было прычасаць і адзенне паправіць, то сапсаваны настрой – ніяк. І ў атэлье мы ішлі паасобку, а станавіцца ці сядзець разам згаджаліся толькі пасля апошняга папераджальнага позірку бацькі.
Здымкі атрымліваліся адпаведныя. А ўжо не пераробіш і не «падфаташопіш»! Разглядваючы іх, я злавалася на сябе і на брата і давала сабе слова, што больш такіх разбуральна-баявых дзеянняў паміж намі не будзе – і я атрымаюся на фота прыгажуняй.
…Здавалася б, што тут такога – сфатаграфавацца? Націснуць кнопачку… А некалі гэта была падзея! Успаміны пра яе і сёння грэюць душу.