Совхоз "Подольский" позиции сдавать не намерен

15:00 / 11.08.2013




І зноў анамальна спякотнае сонца. Усё жывое імкнецца схавацца ад яго наскрозь працінаючых промняў у цень, туліцца бліжэй да кандыцыянераў або хаця б да паветраных вентылятараў…
Іду па агромністым пшанічным полі саўгаса “Падольскі”, на якім цесна ад уборачнай тэхнікі. Перыядычна спыняюся, каб сфатаграфаваць той ці іншы экіпаж. На спякотным “звонку” няўтульна – камбайнеры пазіруюць без асаблівай ахвоты і паспешліва ныраюць у камфартабельнае нутро сваіх “Джон Дзіраў”, “Лексіёнаў”, КЗС-аў.

Прайшлі тыя часы, калі ўбіраць хлеб даводзілася ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых: спёка, пыл і грукат. Менавіта тады нарадзілася і доўгі час была актуальнай фраза “бітва за ўраджай”. Сёння ў кабінах уборачных агрэгатаў абавязковыя кандыцыянеры, радыёпрайгравальнікі, спецыяльная абшыўка для паглынання гукаў, камп’ютары і іншыя “навароты”– такія ўмовы працы “бітвай” не назавеш. Хаця працуюць сённяшнія камбайнеры гэтак жа аддана, як і іх папярэднікі.







– У поле выходзім, як толькі спадае раса, – расказвае намеснік дырэктара саўгаса “Падольскі” Алеся Іванаўна Вялічка. – А пакідаем яго нярэдка апоўначы. На “перапрацоўку” ніхто не скардзіцца – усе разумеюць: хлеб ідзе! Ды і ўмовы аплаты, распрацаваныя на час жніва, прадугледжваюць падобную  сітуацыю: за звышнарматыўны час – двайны тарыф.

Збожжавы і зернебабовы клін у саўгасе сёлета – 3158 гектараў, а камбайнавы парк складаецца з 16 уборачных агрэгатаў. Нагрузка на кожны з іх – менш, чым 200 гектараў (з разраду сярэдніх). Канешне, як і кожная “жалязяка”, камбайны не могуць час ад часу не псавацца, але ў саўгасе створаны спецыяльныя рамонтныя звенні, якія дробны рамонт праводзяць непасрэдна ў полі. Так што на мехдвор даводзіцца ехаць толькі пры буйной паломцы. Прадумана сістэма двухразовага харчавання, няма перабояў у забеспячэнні гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Словам, працуй – і хочацца!
Настрой жнеяроў збівае ўраджайнасць – кожны гектар збожжавых і зернебабовых дае ў сярэднім па 32,2 цэнтнера з гектара.






Дзеля справядлівасці нагадаем, што за не асабліва высокімі гарамі засталіся тыя часы, калі падобны ўраджай у саўгасе (асабліва на яго кямелішкаўскіх землях) лічыўся неблагім, але ў апошнія гады падольскі хлебны колас прыкметна пацяжэў (у мінулым годзе, да прыкладу, на круг сабралі па 44,1 цэнтнера!) – каму ж хочацца здаваць заваяваныя пазіцыі?!

– Зрабілі ўсё магчымае, каб вырасціць нармальны ўраджай, – гаворыць Алеся Іванаўна. – Але “падкачалі” азімыя – частку збожжавых нават давялося перасяваць. Затое радавала ярына – парасткі з’явіліся дружна, вегетацыйная маса нарастала, як “на дражджах”. А потым ударыла засуха… Проста навалач нейкая! Дажджы ўвесь час абыходзілі нас бокам – за ўвесь май не выпала ні кроплі. Не нашмат больш вільготным выдаўся і чэрвень. Гэта пры нашых лёгкіх глебах, якія без ападкаў могуць нармальна пратрымацца не больш двух тыдняў… Сэрца балела глядзець на патрэсканую ад засухі зямлю, на збожжа, якое без пары выкінула колас… У выніку ўраджай атрымаўся такім, якім атрымаўся…







І тым не менш, па стане на 8 жніўня ў саўгасе ўжо абмалочана 42 працэнты збожжавых і зернебабовых, агульны намалот склаў 4227 тон.
След у след за камбайнамі ідуць прэс-падборшчыкі, якія падымаюць салому і скручваюць яе ў рулоны. 29 працэнтаў саломы (як правіла, на самых аддаленых участках) здрабняецца і раскідваецца па полі падчас абмалоту, а ўся астатняя ў выглядзе “катышкаў” складваецца ў вялізныя сцірты – зімой яна будзе выкарыстана ў жывёлагадоўлі – у рацыёне статка (як “сухое рэчыва”) або на подсціл.
Далей за справу бяруцца аратыя – новая пасяўная ўжо стаіць на саўгасным парозе.






– Мы ўжо прыступілі да сяўбы азімай свірэпіцы, – працягвае А.І. Вялічка. – І літаральна на днях распачынаем сяўбу азімага рапсу. А там і да азімых збожжавых рукой падаць.
– Спецыфіка земляробчай працы, – усміхаецца яна. – Восень – работ восем. А калі палічыць, дык іх нашмат больш атрымаецца: лён церабіць, гліфасатныя прэпараты супраць пырніку ўносіць, насенне чысціць, дасушваць, пратручваць, дзяржзаказ выконваць…



Дарэчы, заданне на пастаўку рапсу падальчане завяршылі, не ўзнікла праблем і з продажам жыта. А вось піваварны ячмень і харчовая пшаніца крыху збілі тэмпы паставак – то ўтрыманне бялку не тое, то клейкавіна не адпаведная… Але працаўнікі саўгаса рукі не апускаюць – робяць усё, каб своечасова і без страт сабраць ураджай, давесці яго да кандыцыйных патрабаванняў і распарадзіцца ім па-гаспадарску – каб і з дзяржавай разлічыцца, і самім з поўнымі складамі застацца…


-------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.