Кооператив "Михалишки" - один из первых в районе по уборке урожая

14:50 / 06.08.2013
Як бы ні старалася надвор’е перашкодзіць земляробам – уборка ўсё роўна працягваецца, і па стану на 1 жніўня ў раёне абмалочана ўжо 2888 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, што складае 15 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Хоць дзеля справядлівасці трэба сказаць, што летась на адпаведную дату было абмалочана ўжо 33 працэнты збожжавых і зернебабовых.

Адным з правафланговых у тэмпах раённага жніва з’яўляюцца жнеяры СВК “Міхалішкі”, якія ўбралі 527 гектараў свайго хлебнага поля (17%). Агульны намалот склаў 2230 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 42,3 цэнтнера з гектара (у сярэднім па раёне, нагадаем, – 41,7).
– Ураджайнасць для гэтага года нядрэнная, – гаворыць намеснік па раслінаводству СВК “Міхалішкі” Андрэй Іосіфавіч Ствол. – Хаця, безумоўна, магла б быць лепшай. Для параўнання: летась на адпаведную дату яна складала 45,7 – розніца ў 4 цэнтнеры! З вясны, здавалася, зрабілі ўсё магчымае: унеслі мінеральныя ўгнаенні, лічы, пад патрэбнасць, правялі своечасовыя падкормкі, хімпраполку, а на пшаніцы – і фунгіцыдную апрацоўку ад ліставых хвароб, а вось аддачу атрымліваем меншую, чым спадзяваліся.
Вінавата ў гэтым надвор’е. Лёгкія глебы СВК “Міхалішкі” не ў стане ўтрымліваць вільгаць, і спёка прымусіла збожжавыя раней часу завяршыць наліў коласа, што не дазволіла яму дасягнуць выдатнай напоўненасці.
– Пакуль найбольш радуе азімая пшаніца, – працягвае аграном. – На круг яна дае каля 50 цэнтнераў. На мінулагоднім узроўні, па сутнасці, і ячмень – з кожнага гектара мы атрымліваем па 42 цэнтнеры збожжа (летась было – 42,2). Астатнія культуры (авёс, яравая пшаніца…) даюць каля 40 цэнтнераў.
Размаўляць з Андрэем Іосіфавічам нам даводзіцца пад дахам збожжасушылкі – звонку пануе дождж. Ды такі споры, што брызентавыя палотны, накінутыя на вялікую кучу збожжа, не спраўляюцца з ускладзенай на іх задачай, і нябесная вільгаць зацякае ў сярэдзіну.
– Не паспяваем з дасушкай, – ківае ў бок збожжавай горкі Андрэй Іосіфавіч. – Яшчэ і наша сушылка “ЛідАрай” нешта капрызіць стала. Прыходзіцца трымаць збожжа на адкрытай пляцоўцы. Але гэта часовая з’ява – пры першай жа магчымасці давядзём збожжа да кандыцыйных патрабаванняў.
У гэтым накірунку, дарэчы, міхалішкаўцы працуюць старанна – яны не толькі высушылі насенне азімага рапсу, але і здалі яго на прыёмны пункт – выканалі дзяржзаказ у поўным аб’ёме. Падобная сітуацыя і з жытам – з дзяржзаказам і на гэтую культуру хлебаробы ўжо справіліся.
– Цяпер распачалі пастаўку харчовай пшаніцы, – гаворыць тэхнолаг палёў. – Першыя партыі прайшлі без асаблівых прэтэнзій з боку лабарантаў хлебапрыёмнага пункта. Будзем спадзявацца, што так будзе і надалей. Але прабачце – час ехаць да камбайнаў…
Справа ў тым, што пакуль мы размаўлялі, дождж скончыўся, на неба выкацілася свежапамытае сонца і накінулася на наваколле з такой сілай, што адразу стала ясна: намоклыя палі яно дасушыць вельмі хутка. Канешне, у такой сітуацыі аграному лепш быць у непасрэднай блізкасці ад нівы.
… УАЗік Андрэя Іосіфавіча крутануўся па мехдвары – і, нібы важак магутнага статка, паехаў наперадзе, а за імпацягнуліся два крылы павесялеўшых камбайнаў , якія яшчэ нядаўна сумна падстаўлялі свае жаткі пад струмені праліўнога дажджу. Яшчэ гадзіна – і ўборка прадоўжыцца…
– Няўжо сапраўды “… у природы нет плохой погоды”? Няўжо “…каждая погода – благодать”? – сумняваецца загадчыца збожжаскладоў Ірына Лявонаўна Серакова.



НА ЗДЫМКАХ:

Аператар “ЛідАрай” Віктар Антонавіч Мілашэвіч працуе ў “звязцы” са сваім братам, неаднаразовым пераможцам раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа, Станіславам Антонавічам Мілашэвічам. Адзін брат падвозіць – другі дасушвае.
Экіпаж камбайнераў у складзе Уладзіміра Станіслававіча Вайцяховіча і Аляксандра Уладзіміравіча Салаўя.
Валерый Іванавіч Калтан - камбайнер, а Ігар Сяргеевіч Гаравы – яго надзейны памочнік.

------------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота аўтара і Аляксандра ЮШЧУКА.