План развития Островетчины

07:30 / 12.02.2013

Раённая нарада з удзелам кіраўніцтва райвыканкама, кіраўнікоў усіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прысвечаная абароне перспектыўнага плана развіцця рэгіёна на бягучы год і на больш аддаленую перспектыву, да 2015 года – так званая "абарона мерапрыемстваў" – прайшла ў Астраўцы 29 студзеня. Для ўдзелу ў ёй у раён прыехала аўтарытэтная камісія з Гродна на чале з намеснікам старшыні аблвыканкама А.П. Худыком.


Даклад аб планах і перспектывах развіцця Астравеччыны зрабіў старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька. Сваё выступленне Адам Дзмітрыевіч пачаў з таго, што той грандыёзны праект, які ажыццяўляецца зараз на тэрыторыі раёна – будаўніцтва атамнай электрастанцыі – дае вялікі імпульс для развіцця ўсяго рэгіёна і небывалыя перспектывы для кожнага прадпрыемства і арганізацыі. Па словах старшыні райвыканкама, у кожнага з іх ёсць магчымасць стаць лепшымі ў сваёй галіне не толькі ў вобласці, але і ў краіне – і гэта трэба ўспрымаць як задачу дзейнасці на бліжэйшы час.
Аналізуючы выкананне прагнозных паказчыкаў у мінулым годзе, старшыня райвыканкама асобна спыніўся на тых – магчыма, не самых галоўных, але, безумоўна, важных – якія не былі выкананы і прааналізаваў прычыны гэтага невыканання, сярод якіх ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя.
Асаблівая ўвага ў дакладзе была ўдзелена вынікам работы і перспектывам развіцця сельскай гаспадаркі. Адам Дзмітрыевіч звярнуў увагу, што тут самая важная задача – стварэнне трывалай кармавой базы для жывёлагадоўлі як асноўнай складаемай эканомікі сельгаспрадпрыемстваў.
Сацыяльная сфера, як адзначыў А.Д. Кавалька, зараз адчувае вялікую нагрузку ў сувязі са значным павелічэннем колькасці насельніцтва раёна з-за прыезду рабочых на будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Ужо ў канцы мінулага года іх колькасць даходзіла да тысячы чалавек – а ў пік работ плануецца, што кожны дзень на будаўнічай пляцоўцы будзе працаваць звыш васьмі тысяч чалавек. І ўсіх іх трэба забяспечыць неабходнымі ўмовамі для жыцця і адпачынку.
Патрабуе развіцця сетка навучальных і дзіцячых дашкольных устаноў, якія ўжо сёння адчуваюць недахоп месцаў.
Значную частку даклада Адама Дзмітрыевіча заняла асабліва актуальная ў апошні час тэма мадэрнізацыі. У адпаведнасці з зацверджанай праграмай яна адбудзецца ва ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах, а таксама ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, на заводзе “Радыёдэталь”, на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, у аўтапарку, у МПМК-158, ДРБУ-159, лясгасе, на кардоннай фабрыцы “Альхоўка”, у райпалівазбыце.
Найлепш, па ацэнцы старшыні райвыканкама і абласной камісіі, падрыхтаваны мерапрыемствы па мадэрнізацыі вытворчасці ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Мадэрнізацыя будзе ажыццяўляцца часткова за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый, часткова – за кошт банкаўскіх крэдытаў, некаторыя мерапрыемствы – з дапамогай дзяржаўнай падтрымкі. Галоўная мэта, якую неабходна дасягнуць з дапамогай мадэрнізацыі вытворчасці, – гэта паляпшэнне ўмоў працы людзей і павышэнне заработнай платы.
Абласная камісія высока ацаніла аналітычны і ўсебаковы даклад старшыні райвыканкама. І тым не менш у некаторых абласных спецыялістаў, асабліва ў намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы А.В. Вайцяховіча, узнікла шэраг пытанняў і крытычных заўваг. Найперш яны тычыліся жывёлагадоўлі – галіны, якую курыруе Аляксандр Віктаравіч. У прыватнасці, ён у сваім выступленні зазначыў, што шчыльнасць жывёлы ў разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў у Астравецкім раёне яшчэ далёкая ад аптымальнай. Ёсць нявырашаныя праблемы з узнаўленнем статка. У студзені засталося нявыкананым заданне па павышэнні прадуктыўнасці дойнага статка.
Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.У. Янчэўскі даў тлумачэнні па ўзнятых пытаннях і акрэсленых праблемах, патлумачыўшы, што многія з іх абумоўлены аб’ектыўнымі абставінамі.
Але, якімі б ні былі абставіны, намечаныя на гэты і на наступныя гады планы і прагнозныя паказчыкі неабходна выконваць.
У раёне ёсць рэальная праграма руху наперад, бачанне сітуацыі і існуючых праблем, а таксама – шляхі іх вырашэння. Гэта і было адзначана абласной камісіяй пры падвядзенні вынікаў нарады.


-------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.


Фота з сайта news.rin.ru.