Новая вытворчасць на заводзе «Радыёдэталь»

08:46 / 09.02.2012








Астравецкі завод “Радыёдэталь” выйшаў на новую ступень развіцця – не так даўно на прадпрыемстве адкрыўся цэх па вырабу металапрофілю і металачарапіцы.

Праект удалося рэалізаваць за адзін год. Аб’ём інвестыцый у вытворчасць склаў каля 0,5 мільярда рублёў, створана 5 новых працоўных месцаў. Мяркуецца, што магутнасць лініі дазволіць поўнасцю пакрыць патрэбнасці раёна ў гэтым відзе вырабаў.
– Гэты праект мы распачалі з мэтай удзелу завода ў будаўніцтве горада, – расказвае дырэктар завода “Радыёдэталь” Валянцін Баляслававіч Гульбіновіч. – У мінулым годзе пабудавалі ангар, дзе размясціліся дзве лініі па вырабу металапрофілю і металачарапіцы. Зараз праводзім даўкамплектаванне аснасткай для выпуску поўнай гамы элементаў даху. Акрамя таго, заводам асвоены серыйны выпуск ангараў памерам 12 на 36 метраў коштам 196 мільёнаў рублёў. Такія ангары можна выкарыстоўваць у якасці складскіх памяшканняў у сельскай гаспадарцы і будаўніцтве, цэхаў і станцый тэхабслугоўвання, сховішчаў для дроў.
Новае абсталяванне патрабавала вывучэння, і з яго асваеннем выдатна справіўся малады і таленавіты аператар Іван Валяр’янавіч Мальдзіс, які некалькі гадоў назад так жа хутка асвоіў новыя станкі з лічбавым кіраваннем. І ўжо сёння да Івана Валяр’янавіча за кансультацыяй звяртаюцца наладчыкі з розных прадпрыемстваў краіны.






Начальнікам цэха металапрофілю і металачарапіцы назначаны Цімафей Аляксандравіч Лук’янаў – таксама малады і перспектыўны работнік. Толькі год працуе Цімафей Аляксандравіч на заводзе “Радыёдэталь”, але ўжо зарэкамендаваў сябе як добры спецыяліст і патрабавальны кіраўнік сярэдняга звяна.
Кіраўніцтва прадпрыемства выказвае спадзяванні, што ў сувязі з перспектывай развіцця пасёлка новыя віды прадукцыі будуць карыстацца вялікім попытам. Дарэчы, заказчыкаў доўга чакаць не давялося. Па выніках сустрэчы прадстаўнікоў Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь і ДУ “Дырэкцыя будаўніцтва АЭС”, “Астравецкі завод “Радыёдэталь” будзе прымаць удзел у вырабе элементаў металаканструкцый прамысловай пляцоўкі.

Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.