Тыдзень postfactum: долары і еўра. За цаной не пастаім?

08:38 / 07.09.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

На мінулым тыдні валютная тэма зноў выйшла на першае месца ў сродках масавай інфармацыі і шырока абмяркоўвалася ў грамадстве.
Згодна з даручэннем Прэзідэнта Беларусі, якое прагучала на нарадзе 25 жніўня, на поўнае выпраўленне становішча на валютным рынку дадзена 1,5-2 месяцы.
А ўжо ў сярэдзіне верасня чакаецца правядзенне дадатковай сесіі на міжбанкаўскай валютнай біржы, якая павінна расставіць першыя кропкі над “і” і вызначыць рэальны рыначны курс долара і еўра.
Якім ён будзе?
Вось ужо паўгода, як купіць валюту ў банках і абменных пунктах амаль немагчыма. А на “чорным” рынку – калі ласка. Зразумела – зусім не па афіцыйнаму курсу.
Вынырнула з 90-х і добра забытая “прафесія” валютчыка. Канешне, прававая сітуацыя ў дзяржаве сёння некалькі адрозніваецца ад той, што была 15 – 20 гадоў назад. Таму, проста так, ля рынкаў ды вакзалаў з прапановай: “Долары, марачкі…” ўжо не патопчашся. Затое знаўцы сцвярджаюць, што пранырлівыя дзяльцы акупіравалі пагранічныя пераходы і ўжо там прапануюць валютна-абменныя паслугі гасцям нашай краіны.
Праблемы з нявызначанасцю абменнага курсу спазналі і ўсе мы, калі сталі, па сутнасці, заложнікамі сітуацыі і былі вымушаны пагаджацца з адвольнай трактоўкай курсу прадаўцамі тавараў і паслуг. Прычым не толькі замежных, але і айчынных. Анекдатычную сітуацыю з коштам мінулагодніх буракоў, якія вясной за некалькі дзён выраслі ў цане ледзь не ўтрая, добра памятаюць усе.
Натуральна, падобнае працягвацца бясконца не можа. Валюта – той жа тавар і, як любы іншы, павінна мець адну, прыкладна аднолькавую ўсюды, цану. Іншае пытанне – якую?
Валюта – не прадукцыя, у цане якой закладзены пэўныя выдаткі. Такія, напрыклад, як кошт энерганосьбітаў, сыравіны, выдаткаў на аплату працы работнікаў... Яе кошт фарміруецца выключна на аснове попыту і прапановы. А гэта значыць, нясе ў сабе значную спекулятыўную складаемую. Усё залежыць ад таго, па якой цане прадаўцы гатовы нам валюту прадаць і за які кошт мы можам дазволіць сабе набыць плацежныя сродкі іншых дзяржаў.
І вось тут узнікае адно пытанне. Хто з нас сёння згодны абмяняць беларускія рублі па “чорнаму” курсу ў 8-9 ці нават 10 тысяч?
Думаю, не многія. Асабліва тыя, хто мусіць плаціць за вугал для студэнта – прычым менавіта ў валюце – альбо выплачвае банку валютны крэдыт. Аднак сёння нас намагаюцца пераканаць, што менавіта па такой цане валюту набываюць – яго, маўляў, сфарміраваў рынак, таму гэты курс і з’яўляецца рыначным, а гэта значыць – справядлівым. Сумняваюся.
У “чорным” кошце замежнай валюты закладзена яе доўгая адсутнасць у абменніках, сезонны попыт у сувязі з водпускамі, а таксама павышаны попыт, звязаны з павелічэннем мытных пошлін на аўтамабілі. Таму сцвярджаць, што менавіта гэты курс з’яўляецца рыначным, напэўна, няправільна.
Праўда, ананімныя крыніцы ў “свабодных” сродках масавай інфармацыі ледзь не штодзень сцвярджаюць, што кошт валюты і далей будзе “расці”. Толькі вось важкіх довадаў у падтрымку сваіх прагнозаў чамусьці не прыводзяць.
Валютная ліхаманка, якая ахапіла наша грамадства, выглядае тым больш дзіўна, што ў свеце сёння назіраецца сур’ёзны фінансавы крызіс. Долары і еўра імкліва губляюць у цане. Па апошняй інфармацыі адмаўляецца ад сваіх планаў па ўступленню ў зону еўра Чэхія. Вялікія складанасці перажываюць іншыя дзяржавы.
У нас жа на гэтыя аб’ектыўныя факты нібы не звяртаюць увагі. Не прымаюцца ў разлік нават высокія макраэканамічныя паказчыкі развіцця дзяржавы, якія больш выразна сведчаць аб эканамічным развіцці краіны, чым кошт замежнай валюты.
Існуе меркаванне, што становішча з валютай стабілізуецца, калі абменныя пункты забяспечыць плацёжнымі сродкамі дзяржава. Да 18 сакавіка так і было. Нацыянальны банк ажыццяўляў рэгулярны продаж наяўнай валюты камерцыйным банкам для яе далейшай рэалізацыі насельніцтву. Аднак, пасля вядомых падзей, калі золата-валютныя запасы краіны сталі трансфарміравацца ў патрыманыя аўто і прыватныя “кубышкі”, гэтую практыку нацыяналны банк спыніў. Ці адновіцца яна ў бліжэйшай будучыні – пакуль невядома.
Зрэшты, чакаць засталося нядоўга.