На берегу Вилии наши предки плавили железо

17:00 / 01.12.2014
На гмахі, што, нібы грыбы пасля дажджу, растуць на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС, большасць жыхароў нашага старажытнага і адначасова юнага горада (нагадаем: адпаведны статус Астравец набыў нейкіх паўтара года назад), а таксама ўсёй краіны паглядваюць з надзеяй на перспектыву: адны мараць атрымаць тут цікавую і добра аплачваемую работу; іншыя – што будаўніцтва станцыі надасць (ужо надае!) новы, немагчымы пры любым іншым раскладзе імпульс для развіцця; трэція – што ўвод у эксплуатацыю атамнай электрастанцыі дазволіць дыверсіфікаваць нашы энергетычныя рэсурсы і атрымаць устойлівую энергетычную “падушку бяспекі” для развіцця эканомікі Беларусі.

Але пэўныя надзеі на “будоўлю стагоддзя” ўскладваюць і гісторыкі, дакладней – археолагі. Яны спадзяюцца, што гэтае маштабнае будаўніцтва дапаможа прыадкрыць новыя старонкі старажытнай гісторыі Астравеччыны і ўсёй краіны. Ніякай супярэчнасці тут няма, а залежнасць – самая прамая. Усім земляным работам, што праводзяцца ў нашай краіне, у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №661 ад 2012 г. і Законам "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" №665 ад 2012 г. павінны папярэднічаць археалагічныя даследаванні.

І, як паказвае практыка, вельмі часта гэтыя выратавальныя даследаванні бываюць не проста плённыя, а без перабольшвання – сенсацыйныя.


На ўзбярэжжы Віліі, куды вядзе добра абуладкаваная дарога, гудзе тэхніка: экскаватары, аўтамашыны, пад’ёмныя краны – тут будуецца водазаборная станцыя для патрэб Беларускай АЭС.

А непадалёк, літаральна ў некалькіх метрах, у густым сасонніку некалькі маладых людзей, нягледзячы на халаднаватае лістападаўскае надвор’е, займаюцца для недасведчанага нечым незразумелым: у даволі вялікіх прамавугольных раскопах (я б па-дылетанцку сказала – ямах, толькі вельмі ж акуратных) слой за слоем здымаюць жоўценькі пясочак, акуратна, па жменьках, прасейваючы яго, беражліва складваюць асобна нейкае (зноў жа з пункту гледжання дылетанта) смецце… А ў некаторых месцах (ну падумаеш – зямля там не жоўтая, як паўсюль, а чорная!) кожную пясчынку акуратненька змятаюць пэндзлікам, спрабуючы разгледзець нешта абсалютна незразумелае звычайнаму дылетанту – да якіх адношу і сябе. Ці то ювеліры скарб шукаюць, ці то чараўнікі варожаць…

У склад гэтай групы ювеліраў-чараўнікоў, а калі без залішняй эмацыйнай вобразнасці, то археолагаў, якія займаюцца сваёй будзённай справай, уваходзяць супрацоўнікі інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Марыя Ткачова, Святлана Велент-Шчэрбач, Аляксандр Максімовіч, Сяргей Ліневіч, Станіслаў Юрэцкі. А кіруе імі старшы навуковы супрацоўнік гэтага ж інстытута, вядомы археолаг Максім Чарняўскі (так-так, сын таго самага знакамітага археолага Міхася Чарняўскага, імя якога вядома кожнаму беларусу, хто хоць крыху цікавіцца старажытнай мінуўшчынай роднага краю). І ён не хавае свайго захаплення:

– Аб’ект, які зараз разбіраюць дзяўчаты, вось гэтая чорная зямля, – гэта не што іншае, як старажытная домніца – печка, якой карысталіся нашы продкі для выплаўкі жалеза. Час, калі гэта адбывалася, у межах ад пятага стагоддзя да нашай эры да трэцяга стагоддзя нашай эры. Словам, часы Хрыста, жалезны век. Домніца – гэта гліняная купалападобная печка, якая паслойна запаўнялася загадзя падрыхтаваным вугалем і жалезнай рудой, накапанай недзе тут, непадалёк. Потым гэтая печка распальвалася – і на працягу некалькіх дзён у ёй падтрымліваўся агонь. Пад уздзеяннем высокіх тэмператур адбываліся пэўныя хімічныя і фізічныя рэакцыі, жужаль – шлак – падымаўся наверх, а жалеза абсядала ўніз і застывала ў выглядзе вялікага “каравая”. Калі выплаўка заканчвалася, печка астывала, купал яе скідвалі, жужаль разгортвалі, жалезны “каравай” даставалі і неслі ў кузню, каб зрабіць з яго нейкія патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Мы тут ужо знайшлі рэшткі жужалю, шмат кавалачкаў металу, кавалкі штрыхаванай керамікі. Прычым некаторыя рэчы – у вельмі добрым стане, рэшткі збанкоў нават з венчыкам. Знайшлі таксама нейкія індывідуальныя рэчы – да прыкладу, крэсіва для высякання агню, праселка, шыла. А ў другім раскопе хлопцы разбіраюць паўтарамятровы круглы аб’ект – магчыма, гэта быў тэхнічны калодзеж, вада з якога выкарыстоўвалася для той жа выплаўкі жалеза. А, магчыма, прызначэнне яго было зусім іншае, ці гэта не

калодзеж увогуле – нам трэба шмат папрацаваць, каб зразумець гэта…

Ад такіх знаходак, ад усведамлення таго, што некалі, два тысячагоддзі таму, калі па зямлі яшчэ хадзіў Хрыстос, вось такім крэсівам здабывалі агонь, з гэтым шылам працавалі, магчыма, твае прашчуры, дух захоплівае! І не толькі ў мяне – археолаг Максім Чарняўкі, на рахунку якога – мноства знаходак, не хавае свайго ўзрушэння:

– У такія моманты міжволі пачынаеш задумвацца: а якімі яны былі, тыя людзі, што два тысячагоддзі назад прыйшлі на бераг Віліі, каб выплавіць жалеза? І адкуль яны прыйшлі? Мо тут, непадалёк, размяшчалася іх паселішча? А мо ў тыя часы выплаўка жалеза з’яўлялася нечым таямнічым, сакральным, і для заняткаў гэтай справай адыходзілі далей ад жытла спецыяльна навучаныя майстры? Мо гэты сакрэт перадаваўся ад бацькі да сына? Пра што думалі, што адчувалі, гаварылі гэтыя людзі, якія здабывалі на гэтым месцы сыравіну для надзейных і даўгавечных прылад працы? Хто ведае – магчыма, у тваёй крыві цячэ нейкая кропля крыві таго далёкага прашчура, сляды дзейнасці якога ты спрабуеш зараз разгадаць…

Знайсці гэты, без перабольшвання, скарб жалезнага веку дапамаглі выратавальныя раскопкі, зробленыя па заяўцы Беларускай АЭС, – інакш ляжаў бы ён у зямлі яшчэ невядома колькі часу, бо месца для раскопак не самае зручнае: парослае лесам узбярэжжа Віліі.

– Спачатку, вядома, была разведка, – прыадкрывае заслону ў свет пошуку скарбаў мінуўшчыны Максім Міхайлавіч. – Пачынаецца яна звычайна з агляду мясцовасці і разваг: калі, скажам, табе з сябрамі падчас вандроўкі давялося б зрабіць стаянку, дзе б ты разбіў свой лагер: з тым разлікам, каб было зручна дабрацца да вады – але каб не затапіла падчас паводкі, каб было зацішна, не прадзімала халоднымі вятрамі... Знайшоў падыходзячую мясцовасць – аглядваеш яе больш уважліва, вывучаеш кратавіны – часам краты выштурхоўваюць з зямлі цікавыя знаходкі. А потым, каб высветліць, ці варта праводзіць раскопкі, праводзіцца шурфоўка. На гэтым месцы першыя ж закладзеныя шурфы паказалі, што варта капаць. І, як бачна, мы не памыліліся…

Колькі яшчэ згадак хавае нашая зямля! І як цяжка іх знайсці і разгадаць… Максім Чарняўскі параўноўвае працу археолагаў з дзейнасцю дэтэктываў: яны таксама прыходзяць на месца нейкага здарэння – толькі не праз гадзіну, дзень ці тыдзень, а праз стагоддзі і тысячагоддзі, і спрабуюць па знойдзеных “рэчавых доказах” высветліць, як жылі тут людзі, што адбывалася на гэтым месцы. Для разумення гэтага вельмі важна не толькі тое, што знайшлі гісторыкі, але і парадак, у якім ляжалі знаходкі, што з чым суседнічала…

– А цяпер уявіце, – прапаноўвае Максім Міхайлавіч, – што на месцы злачынства да следчай группы пабываў нейкі цікаўны і сквапны мінак і забраў самае, на яго погляд, цікавае і каштоўнае. Як у гэтым выпадку дэтэктывам аднавіць сапраўдную карціну таго, што адбывалася? Вось таму так званых “чорных археолагаў”, якія вядуць раскопкі без дазволу, з уласных карыслівых памкненняў, я б назваў галоўнымі ворагамі навукі. Гэта, як правіла, добра тэхнічна аснашчаныя – намнога лепш, чым мы, дзяржаўныя навукоўцы, – хлопцы з немалымі грашыма, якія “выбіваюць” нашы археалагічныя помнікі, забіраючы ўсё самае каштоўнае – вядома ж, не дзеля таго, каб затым перадаць у музей ці напісаць навуковыя даследаванні. Часам “з барскага пляча” кінуць нешта, што ім не спатрэбілася, у які-небудзь мясцовы краязнаўчы музей – мы шалеем ад каштоўнасці знаходкі, просім расказаць, дзе знайшлі, а яны толькі пасміхаюцца: не хочаце – не бярыце, а там больш нічога няма…

– Так, існуе закон, які забараняе дзейнасць такіх вось “чарнушнікаў”, – працягвае гаварыць аб набалелым Максім. – Але ён, па сутнасці, не працуе, бо рэальнага пакарання, нават мінімальнага, яшчэ ніхто не атрымаў – таму яны адчуваюць сваю ўсёдазволенасць і становяцца ўсё больш нахабнымі… Калі б да “чорных капальнікаў” прымаліся хоць бы такія меры адказнасці, як да браканьераў – а яны ж, у адрозненне ад незаконных рыбаловаў і паляўнічых, знішчаюць неаднаўляемыя гістарычныя каштоўнасці – колькі б скарбаў, якія належаць дзяржаве, удалося б захаваць, колькі навуковых загадак разгадаць…

На вялікі жаль, не заўжды дбаюць аб гісторыка-культурнай і архіалагічнай спадчыне некаторыя кіраўнікі будаўнічых і сельскагаспадарчых арганізацый. Часта яны, імкнучыся хутчэй завяршыць нейкую будоўлю ці эканоміць, ігнаруюць вышэйзгаданую пастанову, не праводзяць археалагічную экспертызу – і ў выніку найкаштоўнейшыя помнікі гісторыі знікаюць беззваротна.

– Археалагічная экспертыза – безумоўная перадумова любых будаўнічых работ ва ўсіх цывілізаваных краінах, – канстатуе вучоны. – У некаторых – да прыкладу, у Францыі – у каштарыс будаўніцтва аўтаматычна закладваецца 5 працэнтаў ад кошту будаўніцтва на археалагічныя даследаванні – бо ўсім зразумела: тое, што ляжыць у зямлі, – гэта дзяржаўны скарб. І ад таго, што гэта не скрыня з золатам, а прылада працы жалезнага веку, каштоўнасць яго ніколькі не меншая. Прынамсі, для навукі…

І тое, што заказчыкі Беларускай АЭС дбаюць не толькі аб тым, каб пабудаваць станцыю своечасова і з найменшымі затратамі, але і аб тым, каб краіна ў выніку гэтай будоўлі не страціла сваіх гістарычных каштоўнасцей, не можа не радаваць. Дзякуючы праведзеным выратавальным экспертызам, ужо раскапана некалькі археалагічных помнікаў, некаторыя – якія не трапляюць у зону будаўніцтва – нанесены на карту – яны могуць пакуль пачакаць свайго часу.

А вось гэты, жалезнага веку, – не можа. І таму археолагі вельмі спадзяюцца, што знойдуцца час і грошы, каб яны маглі закончыць сваю справу – магчыма, зямля на стромкім беразе над Віліяй хавае яшчэ большыя скарбы, чым ужо раскапаны? Ва ўсякім выпадку, падставы думаць так ёсць…

– Край тут вельмі багаты – віленскае прысталічча, практычна ўскраіна сталіцы Вялікага Княства  Літоўскага. І пры гэтым – амаль што недаследаваны… Так што наша сённяшняя знаходка – не першая, і ёсць падставы спадзявацца, што не апошняя… Толькі б была магчымасць яшчэ папрацаваць…

Хочацца верыць, што ў нас яшчэ з’явіцца не адна нагода для сенсацыйных рэпартажаў пра знаходкі археолагаў на Астравеччыне. Сачыце за “Астравецкай праўдай”!


--------------------

Ніна РЫБІК.

Фота Дзмітрыя ДАМАРАДА.