Забавы рэйтынгу. Вынікі 3 тура чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях

10:32 / 05.04.2012

Трэці тур раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях адначасова з’яўляўся першым турам абласнога асінхроннага чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?”, і гэта наклала на яго пэўны адбітак.


На шчасце, не такі, як у мінулым годзе, калі пытанні на гульню былі заяўлены “свечаныя”, і ў выйгрышы аказаліся тыя каманды, якія больш лазілі па інтэрнэту. На гэты раз усе знаходзіліся ў роўных умовах, хоць пытанні былі прапанаваны даволі складаныя. Ці лепш будзе сказаць, не зусім звыклыя для нашых інтэлектуалаў. Таму што ў ліку пяці “трун” былі і вельмі цікавыя і прыгожыя пытанні – як, напрыклад, аб тым, што маці Пятра Пятровіча Шмідта любіла сваіх Пець, ці пра фіялетавыя баклажаны, якія растуць на агародзе ў абыякавага да ўсяго смяшарыка, ці пра пастой, за які грошы плацяць… Многія каманды былі блізкія да правільнага адказу на пытанне пра правобраз дартса – вырашылі, што першыя ігракі павінны былі патрапіць у піўную бочку, аказалася – у пробку. А вось да правільнага адказу на пытанне пра камарыка, які павінен, у разуменні жаб, вылецець з фотаапарата, ніхто і блізка не падабраўся, як і пра шахматную пешку.
Былі ўсе шансы стаць “труной” і ў складаных пытанняў пра чыстую і светлую бяросту – яго ўзяў толькі “Востраў шанцавання”; пра “Анёлаў Лікі” – тут вызначылася “Ніка”; пра сувязь паміж канапатымі і насеннем канопляў здагадаліся толькі “Аднакашнікі”; пра тое, што падарожнікі ў часе часта размаўляюць з сабой – “Астра”; пра лёгкую руку, а таксама пра гадзіннік у руцэ гледача, які для акцёра страшней, чым пісталет – зноў жа “Востраў шанцавання”.
Затое ні для каго не склала цяжкасці здагадацца, што пра дождж язычнікі малілі Перуна менавіта ў чацвер, што кветку, якой багіня Флора забылася даць імя, пазней назвалі незабудкай, пра тое, як на мове глуханямых абазначаецца горад Арол, і пра прыстаўкі, якія дазвалялі шматразова аднаўляць закрытыя цэнзурай выданні з той жа, але крыху іншай назвай.
У працэсе падвядзення вынікаў і вызначэння пераможцаў у каторы ўжо раз сваё важкае слова сказаў спадар рэйтынг. Калі з першым месцам пытанняў не ўзнікла – яго бясспрэчна, з адрывам у тры ачкі заняў “Востраў шанцавання”, то па дзесяць ачкоў аказалася адразу ў дзвюх каманд – “Magnum ignotum” і “Astra”. Але ў апошняй усяго на тры ачкі аказаўся вышэйшы рэйтынг – напэўна, дапамаглі “размовы з самім сабой”, і менавіта гімназічная каманда ўзнялася на другую прыступку. А затым гэта дапамагло ёй заняць агульнае першае месца ў трэцім туры, на якое з роўнай сумай месцаў яны прэтэндавалі разам з тым жа “Magnum ignotum” – але па палажэнню ў такой сітуацыі перавага аддаецца той камандзе, якая заняла больш высокае месца ў “ШДК”. Вось вам і жартаўнік рэйтынг!
Пазабаўляўся ён і з камандамі, якія набралі па 8 ачкоў – асабліва крыўдна, напэўна, павінна быць “Ядзернаму востраву”, які ўсяго адным ачком рэйтынгу “Праметэй” “пасунуў” на сёмае месца.
У “Сваёй гульні”, якая не ішла ў залік абласнога асінхроннага чэмпіянату, высокую эрудыцыю ў чарговы раз пацвердзіў “Ядзерны востраў” – і першае месца ў гэтай гульні нават пры не вельмі ўдалым выніку ў “Што? Дзе? Калі?” дазволіла камандзе атамшчыкаў заняць агульнае трэцяе месца. Дапоўнілі тройку лідараў у “Сваяку” “Magnum ignotum” і “Astra”.
Зрэшты, вынікі апошняй гульні і трох тураў лепш за ўсё бачны з табліц. І хоць пэўныя тэндэнцыі ў расстаноўцы сіл у інтэлектуальным чэмпіянаце ўжо з’явіліся, вопыт мінулых гульняў, і нават апошніх трох тураў, паказвае, што кожная гульня можа кардынальна памяняць сітуацыю. Асабліва з улікам новым правілаў, калі напрыканцы чэмпіянату кожная каманда будзе ануліраваць вынікі аднаго з тураў…
Так што пагуляем – пабачым…


Ніна АЛЯКСЕЕВА.