Вынікі ІІ тура чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях

12:12 / 26.02.2012

Другі тур раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, які прайшоў у мінулы панядзелак, каго парадаваў, а каго і засмуціў – як, зрэшты, бывае ў кожнай гульні.


Сярод першых, безумоўна, абодва інтэлектуальныя “Астравы”. На рэдакцыйны “Востраў” вярнулася заяўленае ў назве каманды шанцаванне: пасля надзвычай няўдалай гульні ў першым туры “Востраў шанцавання» вярнуў рэпутацыю адной з мацнейшых каманд – стаў другім у “Сваёй гульні”, першым у “Што? Дзе? Калі?” і заняў у другім туры агульнае першае месца. Гэта дазволіла камандзе па выніках двух тураў узняцца на трэцюю прыступку турнірнай табліцы.
Да слова сказаць, на трэцім месцы пасля другога тура ўтварыўся амаль што архіпелаг – яго рэдакцыйныя “астраўчане” дзеляць яшчэ з адным “востравам”: каманда дырэкцыі будаўніцтва АЭС “Ядзерны востраў” была лепшай у “Сваёй гульні”, чацвёртай – у “Што? Дзе? Калі?”, па выніках другога тура заняла агульнае трэцяе месца і засталася на ім па суме месцаў за дзве гульні.
Але пахіснуць запас трываласці лідараў – бальнічнай каманды “ЦэРэБрал” і райвыканкамаўскай “Magnum ignotum” – “выскачкі” другога тура не змаглі, што лішні раз пацвярджае, што шанцаванне – добра, а стабільнасць – лепш.
Безумоўна, палепшыўся агульны настрой пасля другога тура і ў каманды з Альхоўкі “Гульні розуму”. Ігракі гэтай каманды ўвогуле заслугоўваюць павагі: няўдала згуляўшы ў першым туры, яны тым не менш не апусцілі рукі і галовы. І ў другім стварылі пэўную сенсацыю: згулялі на стабільную “пяцёрку”: былі пятымі ў кожнай з гульняў і па выніках тура ў цэлым, пакінуўшы ззаду многія моцныя каманды. Малайцы навічкі! У першым туры вызначыўся “Праметэй”, у другім – “Гульні розуму” прадэманстравалі, што не “хлопчыкамі для біцця” прыйшлі на турнір. Неўзабаве, напэўна, трэба чакаць спурту і ад варнянскага “Оптымуму”.
Неацэнны падарунак усім, акрамя сябе, зрабіла “Антрацытавае сонца”, не з’явіўшыся на гульню. Мала таго, што з-за гэтага ніводная каманда не стала апошняй – а вынікі ж падводзяцца па суме месцаў! – дык яшчэ і рэйтынг у кожнай павысіўся ў кожным пытанні як мінімум на адзінку. Праўда, юрысты пры падвядзенні канчатковых вынікаў турніру змогуць ануляваць гэтую гульню – што, напэўна, і зробяць – але ж на сённяшні дзень сітуацыя ў турнірнай табліцы выглядае менавіта так.
Дарэчы, пра рэйтынг. У некаторых навічкоў – а магчыма, не толькі ў іх – узнікла пытанне: што гэта такое і як яно вылічваецца? Дык вось, рэйтынг – гэта своеасаблівая ацэнка складанасці пытання. Скажам, калі некалькі каманд далі аднолькавую колькасць правільных адказаў, але адна з іх адказвала на больш складаныя, на якія не змаглі адказаць іншыя, то і рэйтынг у яе будзе большым і, адпаведна, пры роўнай колькасці ачкоў яна зойме больш высокае месца.
Практычна рэйтынг вылічваецца так: колькасць няправільных адказаў плюс адзін. Калі, скажам, пытанне не ўзяла ніводная з нашых трынаццаці каманд – як было ў выпадках з “курачкай рабэ” ці фільмам пра кіта Віллі, то рэйтынг гэтага пытання – 14 (праўда, яго ніхто не атрымаў, бо ніхто не адказаў правільна). Калі ж на пытанне пра беларускую групу “Разбітае сэрца пацана” адказала толькі “Ніка”, а пра чэмпіёнаў – толькі “Востраў шанцавання”, то рэйтынг у гэтых двух каманд па гэтых пытаннях самы высокі з магчымых – 13. На пытанне пра Мікалая Трубача правільна адказалі ўсе каманды, і кожная з іх атрымала мінімальны рэйтынг – 1. У выпадку, калі каманда не дала правільнага адказу, то па гэтаму пытанню ў яе нулявы рэйтынг. У канцы рэйтынгі па ўсіх пытаннях суміруюцца для кожнай каманды – і яго велічыня мае важнае значэнне. Напрыклад, у другім туры менавіта рэйтынг пры роўнай колькасці правільных адказаў дазволіў камандзе “Ніка” заняць у “ШДК” больш высокае месца, чым “Аstra”, а “Гульням розуму” абысці “Праметэй”.
Яшчэ адну практычную падказку хацелася б даць навічкам – хоць, зноў жа, не толькі ім. Калі ў гульні “Што? Дзе? Калі?” запісваць трэба любую версію, нават на першы погляд бязглуздую, калі няма лепшай – у кожнай каманды здараліся выпадкі, калі і такія аказвалася правільнымі, то ў “Сваёй гульні”, калі яна гуляецца з мінусамі, гэтак жа, як і ў “Рызыкуй!”, “Тройцы” – іх, думаю, нам яшчэ давядзецца згуляць у гэтым чэмпіянаце, запісваць пажадана толькі тыя адказы, у правільнасці якіх вы ўпэўнены ці амаль упэўнены, асабліва на “дарагіх” пытаннях па 40-50 балаў. Бо пара-тройка такіх няправільных адказаў – і ўвесь ваш запас трываласці, набраны “непасільнай працай”, растае, як сёння снег за акном… Да прыкладу, “Ядзерны востраў”, які адказаў на 38 пытанняў у “Сваёй гульні”, толькі на двух з іх “змінусаваў” – і ў выніку набраў 580 ачкоў і заняў першае месца. “Аднакашнікі” далі 36 адказаў, але з іх няправільных было 14 – 210 ачкоў у выніку і дзясятае месца. Калі б яны адказалі толькі на 22 пытанні, то набралі б 540 балаў – і гэта быў бы адзін з самых высокіх паказчыкаў у гульні. Таму парада: рызыкуйце разумна.
І яшчэ адна, на гэты раз найперш навічкам: трымайце форму адказу! Бо калі ў вас пытаюць, ЯК, у адпаведнасці са словамі песні, трэба успрымаць любое надвор’е, то не трэба пісаць назву фільма, у якім гэтая песня гучала. А калі пытаюць пра імёны герояў вядомага мультфільма, то адказ “Тры парасяці”, нават калі б быў правільным па сутнасці, не быў бы залічаны з-за формы.
Хочацца спадзявацца, што ў наступных турах гэтыя прыкрыя недарэчнасці знікнуць, і ўсе каманды ўздымуцца на больш высокі ўзровень. Хоць, зрэшты, у гульні пры ўсім жаданні не можа быць 13 пераможцаў і нават прызёраў. Але ж пажадаць гэтага хочацца ўсім. Тым больш, што і шансы ёсць ва ўсіх.
Так што будзем чакаць трэцяга тура, які адбудзецца ў сакавіку. Сустрэнемся!


Ніна РЫБІК.