Знаёмцеся: інтэлектуальная каманда гімназіі "Astra"

14:42 / 31.10.2011

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з камандамі – удзельнікамі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Сёння мы ў гасцях у гімназіі, якую на чэмпіянаце прадстаўляе каманда выкладчыкаў адзінай падобнай навучальнай установы ў нашым раёне – пад назвай “Astra”. Расказаць пра тое, як фарміравалася каманда, хто сёння ўваходзіць у яе склад і якую ролю адыгрывае, як і чаму ўзнікла назва, што дае гульня ўдзельнікам і чаго б яны хацелі ад яе ў будучым – пра ўсё гэта ішла размова падчас сустрэчы з інтэлектуаламі з гімназіі.


— Для пачатку раскажаце крыху пра сваю каманду, яе ўдзельнікаў…
Вольга Тадэвушаўна Лябецкая: Ну, самы вопытны інтэлектуал у нас – настаўніца фізікі Галіна Віктараўна Внуковіч… Гэта ад яе ўсё пайшло…
Галіна Віктараўна Внуковіч: Ну, я б так не сказала… Бо трэніраваць дзіцячыя каманды і гуляць самому – гэта розныя рэчы.
— Дарэчы, а што цяжэй?
Галіна Віктараўна Внуковіч:
Адно магу сказаць адназначна: калі гуляюць на інтэлектуальных спаборніцтвах мае выхаванцы, я хвалююся нашмат больш, чым калі сама прымаю ўдзел у гульні.
— А як у вас усё пачыналася, з чаго?
Галіна Віктараўна Внуковіч:
Напэўна, як і ў большасці – з першага турніру па інтэлектуальных гульнях, які вы арганізавалі ў раёне. Раённы аддзел адукацыі тады выставіў зборную выкладчыкаў розных школ, якую мы назвалі “Вінегрэт”.
— Ну, мне здаецца, што для вас асабіста ўсё пачалося нашмат раней: раённая газета часта пісала пра ўдалыя выступленні дзіцячых інтэлектуальных каманд, якія вы трэніравалі, у розных абласных турнірах…
Галіна Віктараўна Внуковіч:
Так, у нашым раёне сярод школьнікаў інтэлектуальны рух пачаўся нашмат раней. У дзевяностых гадах я была класнай, і каб уцягнуць сваіх дзяцей у нешта цікавае, вырашыла арганізаваць інтэлектуальныя гульні. Дарэчы, нядаўна праглядвала запісы тых гадоў, і прачытала, што лепшым іграком быў прызнаны вучань сёмага класа Косця Рыбік. А Алёна Рыбік адна ведала адказ на вельмі каверзнае пытанне…
— Ну, калі вы намякаеце, што мяне ў інтэлектуальны рух прывялі мае дзеці, то ніколі гэтага не хавала… А вас?
Галіна Віктараўна Внуковіч:
Мяне, выходзіць, таксама дзеці — толькі не свае, а вучні. Я трэніравала дзіцячыя інтэлектуальныя каманды ў школе, затым – у цэнтры пазашкольнай работы. І ў нас, як вы заўважылі, нядрэнна атрымлівалася. Наш “Фатон” удала выступаў на многіх турнірах.
Але мы і ў школе, сярод настаўнікаў, праводзілі падобныя спаборніцтвы – паміж выкладчыкамі з розных кафедр. Цікава было!
— Гімназіі, мне здаецца, самім яе статусам наканавана быць ядром інтэлектуальнага руху. Памятаю, на адным з калядных турніраў вы выставілі нават дзве каманды. Куды падзелася другая?
Леанід Віктаравіч Казак:
Так сталася, што самыя моцныя інтэлектуалы каманду пакінулі. Засталіся найбольш адказныя… Якія жывуць па прынцыпу: раз трэба — значыць, трэба…
Ніна Рыгораўна Свіла: Але да наступнага каляднага турніру, думаю, мы сфарміруем яшчэ адну каманду. Усё ж турнір – не чэмпіянат, адзін раз прасцей сабрацца, чым кожны месяц.
— А як узнікла назва вашай каманды і што яна азначае?
Вольга Тадэвушаўна Лябецкая:
Яе прапанавала і на ёй настаяла Галіна Віктараўна.
Галіна Віктараўна Внуковіч: У розныя часы мы па-рознаму называліся – і “Вінегрэт”, і “Мроя”, і “Цмокі”. А сёлета перад чэмпіянатам вырашылі падысці да выбару назвы больш адказна. Вырашылі, што “Astra” – не толькі назва прыгожай асенняй кветкі. Акрамя таго, гэтае слова, па-першае, нагадвае назву нашага пасёлка – Астравец. Па-другое, у перакладзе з латыні азначае “зорка”. Прыгожа і сімвалічна!
— Як размяркоўваюцца абавязкі ў вашай камандзе?
Вольга Тадэвушаўна Лябецкая:
Капітан у нас – Ніна Рыгораўна Свіла. Яна ў гімназіі – прафсаюзны лідэр, і ў інтэлектуальных гульнях — застрэльшчык справы.
Ніна Рыгораўна Свіла: Ну, капітан я адносны – рашэнне ўсё роўна прымем калегіяльна. Хіба што, калі ў камандзе поўны разброд, тады я пішу, што лічу патрэбным. Ну і трымаць форму – гэта мой абавязак. Дзякуй богу, гэтаму мы ўжо навучыліся. Хоць на першым часе таксама былі праблемы…
А ўвогуле гульня мне вельмі падабаецца, тут адчуваеш такі азарт, як моладзь гаворыць, драйв…
Галіна Віктараўна Внуковіч: Аднойчы Ніна Рыгораўна не магла прыняць удзел у гульні – была ў Гродна. І ў мяне не атрымлівалася, трэба было ехаць у Мінск. Але яна тэлефанавала і так турбавалася за гульню, што я вырашыла адлажыць паездку на дзень – не падводзіць жа капітана!
Ніна Рыгораўна Свіла: Вольгу Тадэвушаўну Лябецкую, як мы лічылі, таксама прывялі ў інтэлектуальныя гульні дзеці…
Галіна Віктараўна Внуковіч: Сапраўды,Саша і Косця Лябецкія, Вераніка Дземеш былі касцяком дзіцячай інтэлектуальнай каманды “Фатон”…
Ніна Рыгораўна Свіла: А потым прачыталі ў вашай газеце інтэрв’ю – дык, аказваецца, усё пачалося нашмат раней, яшчэ з мамінай энцыклапедыі…
Вольга Тадэвушаўна Лябецкая: На самой справе гэта ў нас сямейны дыягназ – захапленне інтэлектуальнымі гульнямі. Разумею, што я — не самы моцны ігрок у камандзе, але працэс гульні мне так падабаецца!
Ніна Рыгораўна Свіла: Аляксандр Іванавіч Пілецкі ў нас – эрудыт: ён столькі ўсяго ведае…
Галіна Віктараўна Внуковіч: На Аляксандра Іванавіча я звярнула ўвагу, калі ён яшчэ ў самы першы раз гуляў у турніры за “Вінегрэт” – ён тады яшчэ выкладаў гісторыю ў Лошскай школе. Вельмі моцны ігрок. І калі ён прыйшоў працаваць да нас у гімназію, тут мы ўспомнілі яго інтэлектуальныя здольнасці і запрасілі ў каманду.
Аляксандр Іванавіч Пілецкі: Мне таксама вельмі падабаецца гульня. Нават не столькі вынік, колькі сам працэс, стасункі з калегамі ў такой нефармальнай, асаблівай атмасферы.. На жаль, я жыву не ў Астраўцы, і не заўсёды атрымліваецца прыняць удзел у чарговым туры…
Ніна Рыгораўна Свіла: Наш бібліятэкар Алена Зянонаўна Дрэма адказвае за пытанні, што тычацца літаратуры: яна столькі ўсяго перачытала!
А яшчэ яна ў нас вельмі асцярожная, і калі мы кідаемся з галавой у нейкую авантуру, яна астуджвае нашы гарачыя галовы. Ёй уласцівы гэткі здаровы песімізм…
Алена Зянонаўна Дрэма: Асабліва гэта патрэбна, калі гуляем “Сваю гульню” з “мінусамі” ці “Рызыкуй!” Тут ужо калі не ўпэўнены, то лепш не рызыкаваць…
Леанід Віктаравіч Казак: Каб карабель упэўнена плыў па моры, яму што патрэбна? Правільна: добры баласт! Вось я і выконваю ў камандзе яго ролю…
Ніна Рыгораўна Свіла: Вы яго не слухайце – Леанід Віктаравіч, як заўсёды, жартуе. Увогуле, менавіта яму мы абавязаны тым, што, як бы ні закончылася для нас гульня, залу мы пакідаем заўсёды ў добрым настроі. Леанід Віктаравіч заўсёды ўмее яго ўзняць, рассмяшыць – анекдот да месца расказаць ці пажартаваць…
Вольга Тадэвушаўна Лябецкая: Мне ўвогуле здаецца, што наша “Astra”– самая вясёлая каманда. Столькі, як мы, не смяецца, напэўна, ніхто. А яшчэ мне вельмі падабаецца, калі мы пасля гульні вяртаемся дамоў: заўсёды з жартамі і смехам. Нават калі прайграем.
Алена Зянонаўна Дрэма: Сапраўды, у гэтай гульні найперш важны сам працэс. І мы гуляем, не зацыкліваючыся на выніку, у сваё задавальненне…
Галіна Віктараўна Внуковіч: Хоць часам і бывае крыху крыўдна, бо практычна на ўсе пытанні ў нас ёсць правільныя версіі. Але не хапае калі інтуіцыі, калі – часу, каб “даціснуць”… Вось як з гэтым пытаннем у апошняй гульні пра бочку, што па моры плыве – успомнілі і казку, і бочку – а словы не ўзгадалі…
Леанід Віктаравіч Казак: Вас паслухаць, дык нікога вынік не турбуе… А ціск чамусьці ў некаторых скача…
Жанчыны (хорам): Дык гэта ж ад адрэналіну!
— Як вы лічыце, што варта змяніць у нашым чэмпіянаце?
Галіна Віктараўна Внуковіч:
Калі ён будзе праводзіцца і ў наступным годзе…
—А як вы лічыце, ён павінен праводзіцца?
Усе:
Абавязкова!
Галіна Віктараўна Внуковіч: Дык вось, у наступным годзе, мне здаецца, трэба ўжо браць у залік і першую, так званую разміначную, гульню. Мне здаецца, мы ўсе ўжо дастаткова натрэніраваліся. Можа, у гэтым выпаду і ў нашай каманды з’явяцца шансы на перамогу?
А яшчэ, калі гляджу па тэлебачанні перадачу “Брэйн-рынг”, заўсёды засмучаюся: там столькі розных, вялікіх і малых гарадоў Беларусі прадстаўлена – а Астраўца няма! У нас жа таксама нядрэнныя інтэлектуалы ёсць, і нашы былыя ігракі “Фатона”, якіх мы ўжо ўзгадвалі і якія цяпер вучацца ў Мінску. Ды і нашы сённяшнія ўдзельнікі чэмпіянату… Ну чым мы горшыя за тыя ж Ашмяны? Мне здаецца, што ніколькі. І наш сцяг на “Брэйн-рынгу” глядзеўся б не горш.
— Ну што ж, прапановы цікавыя. Магчыма, яны калі-небудзь і ўвасобяцца ў жыццё. А пакуль – поспехаў вашай камандзе ў раённым чэмпіянаце і ўвогуле ў гульні – каб яна заўсёды прыносіла вам толькі станоўчыя эмоцыі!
Усе:
Дзякуй!


Знаёмілася з гімназічнымі інтэлектуальнымі “зоркамі” Ніна РЫБІК.