Сакрэты “ЦэРэБрала” (Пра хатнія трэніроўкі, запаветны чорны блакнот і ўплыў інтэрнэту на гульню расказваюць інтэлектуалы з ЦРБ)

16:20 / 24.05.2011
8658

Апошняя навіна, у пэўнай ступені сенсацыйная: у другім туры асінхроннага абласнога чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?” каманда “ЦэРэБрал” стала другой (аб тым, што ў пятым туры раённага чэмпіянату яна, як і ў папярэднім, заняла першае месца, прычым з салідным адрывам, і ўмацавала агульнае лідарства ў турнірнай табліцы, наша газета ўжо паведамляла). Мы вырашылі: самы час, каб пазнаёміцца з інтэлектуаламі з цэнтральнай раённай бальніцы бліжэй і адначасова паспрабаваць выведаць сакрэты іх стабільна паспяховага на працягу апошніх тураў выступлення ў  інтэлектуальных гульнях.



Такім чынам, знаёмцеся: Дзіна Аляксандраўна Мажэйка, урач-фтызіятр і жонка капітана па сумяшчальніцтву, у камандзе – з першай інтэлектуальнай гульні. Святлана Уладзіміраўна Радзько, загадчыца раённай паліклінікі – да сёлетняга чэмпіянату гуляла ў камандзе раённай бальніцы перыядычна, цяпер – у асноўным складзе (“Канчатковым” – рэзюміруе Дзіна Аляксандраўна, “Аптымальным” – дадае нехта з маладых). Псіхатэрапеўт Алег Аляксандравіч Максімюк, траўматолаг Андрэй Віктаравіч Паўлюкевіч, нарколаг Аніта Генрыхаўна Русецкая – навічкі, па той простай прычыне, што з’яўляюцца маладымі спецыялістамі, працуюць у бальніцы менш за год і раней гуляць проста не маглі. У камандзе яны са снежаньскага каляднага турніру. І вядома, стваральнік і капітан каманды, намеснік галоўнага ўрача (“Гэта немалаважна, асабліва калі трэба замяніць дзяжурства, каб патрапіць на гульню” – каменціруе Аніта Русецкая) —Уладзімір Часлававіч Мажэйка.


—Давайце пачнём з “вешалкі” – з назвы. Вы мянялі яе некалькі разоў – зрэшты, як і склад каманды. Калі і чаму “Дзяцей Гіпакрата” змяніў “ЦэРэБрал”?
Андрэй Паўлюкевіч:
—Гэта ўсё Уладзімір Часлававіч. Сказаў: “Як мы лодку назавем – так яна і паплыве”. Назваліся “Дзецьмі” – і гуляем па-дзіцячы.
Алег Максімюк:
—На снежаньскім турніры мы былі яшчэ “Дзецьмі…”, і на першы тур раённага чэмпіянату імі ішлі — а выходзілі ўжо “ЦэРэБралам”.
Уладзімір Мажэйка:
—Хацелася, каб назва каманды неяк падкрэслівала мазгавую дзейнасць, якую і абумоўліваюць інтэлектуальныя гульні. Так выйшлі на “цэрэбрум” – мозг у перакладзе з латыні. Крыху “падправіўшы” да звыклага успрымання і “зашыфраваўшы” у ім нашу прафесійную прапіску – цэнтральную раённую бальніцу, атрымалі “ЦэРэБрал”. Новая назва каманды больш удалая – гэта відаць у тым ліку і па выніку гульні.
—Капітан часта “затоптвае” правільныя версіі? У “шэдэкашнікаў” ёсць нават жарт: “Капітана б’юць толькі пасля гульні”. Вы свайго не білі?
Аніта Русецкая:
—Хто яго паб’е – ён жа начмед!
Уладзімір Мажэйка:
—Адказваць няправільна, маючы за сталом дакладную версію, здаралася – напэўна, як і ва ўсіх. А як інакш, калі варыянтаў некалькі, і многія здаюцца вартымі ўвагі, а трэба выбраць адзін? Шансаў памыліцца прыкладна столькі ж, як і адказаць правільна. Мяне выратоўвае тое, што колькасць правільных рашэнняў капітана прыкладна роўная колькасці памылак, магчыма, нават з перавагай у станоўчы бок…
Дзіна Мажэйка:
—А ўвогуле роля ў капітана незайздросная: ён за ўсё ў адказе.
—Як размяркоўваюцца ролі ў вашай камандзе? За што могуць пабіць капітана, зразумела. А іншых?
Алег Максімюк:
—Ніхто нікога і ні за што не б’е! Увогуле вельмі дрэнна, калі няправільны адказ — няважна, па якой прычыне ён быў дадзены — выбівае каманду з каляіны. Трэба ўмець пераключацца на іншае пытанне, менавіта яно ў дадзены момант – галоўнае.
Уладзімір Мажэйка:
—А з ролямі таксама па-рознаму.
Аніта ў нас найперш генератар ідэй – іх у яе нараджаецца столькі, што хапіла б не на адну каманду, проста феерверк.
“Слухачоў”,  якія падслухоўваюць версіі іншых каманд, як раяць, у нас увогуле няма: спадзяемся толькі на сябе. Быў у нас выпадак на гульні ў Ашмянах, калі побач сядзела вельмі моцная каманда, здаецца, з Ваўкавыска. Мы выпадкова падслухалі іх версію, і паколькі сваёй талковай не было, запісалі гэтую. Аказалася – няправільна. А калі б не паспадзяваліся на аўтарытэт суседзяў, шукалі свой адказ – магчыма, і знайшлі б.
Пішуць усе, але “трымае форму” адказу – думаю, усе пераканаліся, наколькі гэта важна — Дзіна Аляксандраўна.
Дзіна Мажэйка:
—Я ўвогуле стараюся запісаць пытанне амаль слова ў слова – наколькі гэта магчыма: мне так потым лягчэй думаць, калі ўспрымаеш тэкст візуальна, а не на слых.
Святлана Радзько:
—А я “працую” скептыкам: калі яны вельмі радуюцца, парасцерагаю, каб не гаварылі “гоп”, пакуль не пераскочылі…
Андрэй Паўлюкевіч:
—Ага, перад кожнай гульнёй Святлана Уладзіміраўна папярэджвае, што сёння яна, напэўна, у апошні раз… Тады мы дружна абяцаем, што дзеля яе, каб яна нас не пакідала, зоймем першае месца –   мусім потым выконваць абяцанне.
—Ну вось мы і дайшлі да самага галоўнага. Раскажыце, у чым сакрэт вашага стабільнага поспеху ў апошніх турах раённага чэмпіянату? Для многіх ён стаў, скажам прама, сенсацыйным.
Аніта Русецкая (са смехам):

—У інтэрнэце.
Алег Максімюк:
—З кожнай гульнёй напрацоўваецца вопыт, у каманды з’яўляецца тое, што называецца “згулянасць”, калі пачынаеш адчуваць пытанні, разумець, як яны будуюцца і якія могуць быць адказы… Цяпер часам ловіш сябе на тым, што, слухаючы нейкую інфармацыю, чытаючы кнігу, у думках міжволі пракручваеш: а як гэта магло б выглядаць у “шэдэкашным” пытанні?
Уладзімір Мажэйка:
—Мы, калі падчас гульні перабіраем версіі, стараемся знайсці такую, каб адказ “гучаў”, быў цікавым ці смешным, ці нечаканым… Хоць гэта нас не раз і падводзіла, асабліва напачатку: здавалася, што адказ, які ляжыць на паверхні, вельмі просты, і мы шукалі больш “закручаныя” версіі. Якія потым аказваліся няправільнымі – што называецца, перамудрылі…
—Знаёмая сітуацыя…
Уладзімір Мажэйка:

—А ўвогуле з усіх інтэлектуальных гульняў “Што? Дзе? Калі?” нам найбольш блізкая. Гэта, напэўна, увогуле звязана з ладам мыслення ўрача, спецыфікай нашай прафесіі: нам штодзень даводзіцца, карыстаючыся вядомымі ці напалову вядомымі, ці не вельмі вядомымі фактамі з дапамогай нейкіх асацыяцый, атрыманай раней інфармацыі, нават інтуіцыі шукаць і знаходзіць рашэнне пастаўленай задачы. Вось толькі, у адрозненне ад гульні, няправільны адказ у нас каштуе нашмат даражэй…
Дарэчы, нечым падобная прафесія і ў юрыстаў – вы заўважылі, як у першых турах, пакуль у іх не пачаліся праблемы з саставам, добра гуляла “Антрацытавае сонца”?
 А вось “Свая гульня” і іншыя інтэлектуальныя гульні, дзе патрэбна найперш эрудыцыя — не наш “канёк”, тут мы прайграем тым жа настаўнікам, у якіх запас гатовых ведаў большы. А вось здабываць новыя веды, “вышчэмліваць” невядомае з вядомага – гэта наша, гэта нам падабаецца, і нават не столькі вынік, колькі сам працэс.
Святлана Радзько:
—А яшчэ вельмі многае залежыць ад таго, што ніякім вопытам не здабудзеш, — ад шанцавання, ад фартуны. Усім, напэўна, знаёма такая сітуацыя, калі гульня, што называецца, “не пайшла” – ну не шанцуе, і ўсё.
—Вы неяк рыхтуецеся да гульні, трэніруецеся?
Дзіна Мажэйка:
—Мы дома — дык кожны вечар…
Уладзімір Мажэйка:
—Ага: “Што на вячэру?”, “Дзе падзеліся грошы”? “Калі прыйдзеш з работы?”…
Дзіна Мажэйка:
—А калі сур’ёзна, то мы сапраўды часта вечарамі садзімся ля камп’ютара — яшчэ і сына падключаем, адкрываем якую-небудзь базу пытанняў – у інтэрнэце іх мноства – і пачынаем шукаць правільныя адказы. Аднаму, канешне, не так цікава: тут важна пачуць пытанне, а не бачыць яго.
Аніта Русецкая:
—І тым не менш усе мы трэніруемся, у асноўным, “лазячы” па інтэрнэту…
—А нейкія прыкметы на добрую гульню ў вас ёсць?
Андрэй Паўлюкевіч:
—А як жа! Садзімся заўсёды на адны і тыя ж, “свае” месцы. Лічба 6 для нас шчаслівая – мы зарэгістраваны пад гэтым нумарам. Яшчэ ў нас ёсць чароўны чорны блакнот, ён таксама прыносіць удачу: на другі тур прыйшлі без яго – і гульня была вельмі цяжкая. Абавязкова перад пачаткам гульні нехта расказвае анекдот – каб настрой быў добры.
Уладзімір Мажэйка:
—Мы ўвогуле, падобна, самая вясёлая каманда…
—У некага з вас ужо быў вопыт удзелу ў інтэлектуальных гульнях?
Алег Максімюк:
—Хіба што ў якасці тэлегледача. А цяпер уцягнуліся, гэта ўжо стала свайго роду залежнасцю: такі адрэналін атрымліваеш падчас гульні!
Уладзімір Мажэйка:
—Увогуле вельмі добра, што чэмпіянат стаў рэгулярным. Бо турнір раз у год – вельмі мала, не паспееш разгуляцца, а ўсё ўжо скончылася. Да таго ж, як ужо гаварылі, у кожнай каманды бываюць больш і менш удалыя гульні. У рэгулярным чэмпіянаце заўсёды можна ўзяць рэванш у наступнай гульні, што называецца, рэабілітавацца – а якая ж рэабілітацыя праз год? Справа гэтая добрая, і яе абавязкова трэба працягваць.
—Абавязкова! І яшчэ ёсць жаданне, каб каманд на наш чэмпіянат прыйшло як мага больш...
А вашаму “ЦэРэБралу” жадаю поспеху – зрэшты, як і ўсім іншым.
Хорам:
—Дзякуй! І вам таксама!


Сакрэты лідара інтэлектуальных гульняў выведвала Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений