Вынікі пятага тура чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях

14:13 / 11.05.2011
8590

У пятым туры раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, які адначасова з’яўляўся другім турам абласнога завочнага асінхроннага чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?”, каманда цэнтральнай раённай бальніцы “ЦэРэБрал” упэўнена, са значным адрывам ад сапернікаў, заняла першае месца і ўмацавала сваё лідзіруючае становішча ў турнірнай табліцы.


На жаль, гэты тур прапусцілі дзве каманды: “А’крэм” з Гудагайскай СШ і зборная юрыстаў “Антрацытавае сонца” – і тым самым пагоршылі, хоць і не вельмі істотна, сваё турнірнае становішча.
У гэтай сувязі вазьму на сябе смеласць даць дзве парады. У кожнай каманды часам узнікаюць праблемы з саставам: людзі хварэюць, ездзяць у камандзіроўкі, у іх здараюцца “аўралы” на рабоце ці праблемы ў сям’і. Але, па-першае, гуляць трэба ў любым выпадку, нават у няпоўным складзе, бо некалькі правільных адказаў – ужо больш, чым нічога. І, па-другое, вельмі карысна мець своеасаблівую “лаўку запасных”: тых, хто зможа “падстрахаваць” у складаны момант – так з’яўляецца вопыт, а калі гульня пойдзе добра, то “запасныя” затым могуць “прапісацца” ў асноўным складзе.
Калі паспрабаваць коратка ахарактарызаваць пяты тур, які прайшоў 4 мая, то просіцца адно слова: складаны. Зрэшты, тыя, каму даводзілася мець справу з пытаннямі, складзенымі вядомым знатаком Леанідам Клімовічам – а гэта быў якраз той выпадак – могуць пацвердзіць, што гэта яго стыль: космас, зоркі… і “труны”. У мінулай гульні іх было ажно пяць – не ўзятых ніводнай камандай пытанняў: такога ў нашым чэмпіянаце яшчэ не было. Такімі “моцнымі арэшкамі” сталі пытанні пра амерыканскі “акт аб флоце двух акіянаў”, Цэзара Кюі, “Сатанінскія вершы”, касмічны карабель “Аполо-13” і анекдот пра прычыну, з-за якой прэзідэнт ЗША Біл Клінтан узмацніў ахову сваёй жонкі. Толькі “ЦэРэБрал” адказаў на пытанне пра амбіцыі і амуніцыю. Высокім быў рэйтынг у пытанняў пра залатыя гузікі на мундзіры Сталіна – яго ўзялі толькі медыкі і атамшчыкі з “Ядзернага вострава”, зноў-жа “ЦэРэБрал”, ды яшчэ рэдакцыйны “Востраў шанцавання” здагадаліся, што адказала жонка Шэкспіру ў адказ на пытанне пра здрады, дзве каманды — “Аднакашнікі” з СШ №1 і ветэранская “Надзея” – правільна адказалі, што маладога асеціна ў ракавую ноч прымусіла выйсці на палубу “Тытаніка” марская хвароба. Затое ні ў каго не выклікалі цяжкасцей адказы на трынаццатае пытанне пра трынаццаць гадоў канфлікту сярод шахматных чэмпіёнаў і пра кубік Рубіка.
У цэлым па выніках гульні бальнічны “ЦэРэБрал” не пакінуў нікому ніводнага шансу: васямнаццаць правільных адказаў з 24 – безумоўнае і пераканаўчае першае месца ў пятым туры раённага чэмпіянату і грунтоўная заяўка на высокі вынік у абласным чэмпіянаце. На другім месцы з адзінаццаццю правільнымі адказамі рэдакцыйны “Востраў шанцавання”. А лёс трэцяга і чацвёртага месца падзяліў рэйтынг: райвыканкамаўскі “Magnum ignotum” і гімназічная “Astrа” запісалі ў актыў аднолькавую колькасць ачкоў – па дзесяць, але ў “Astrы” на нейкіх дзве адзінкі аказаўся больш высокім рэйтынг – і ў выніку выкладчыкі з гімназіі апынуліся на трэцім месцы.
У выніковую турнірную табліцу пяты тур істоных змен не ўнёс, так што асноўная барацьба яшчэ наперадзе. Тым больш, што чакаць яе доўга не давядзецца. Па словах вядучай раённага чэмпіянату Ларысы Каханоўскай, шосты тур раённага чэмпіянату пройдзе напрыканцы мая і стане трэцім, апошнім завочным турам абласнога чэмпіянату.
Сустрэнемся – паварушым звілінамі!


Ніна РЫБІК.
Фота Яўгенія ЧАРВЯКОВА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений