Вынікі трэцяга тура раённага чэмпіянату інтэлектуалаў

11:36 / 26.03.2011

Прайшоў трэці тур раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, які да таго ж з’яўляўся этапам завочнага чэмпіянату вобласці па інтэлектуальных гульнях.


Абышоўся ён без страт: на гульню прыйшлі ўсе раней заяўленыя дзесяць каманд, плюс госці з Ашмян – каманда “Гасіла”, якая гуляе па-за конкурсам.
На гэты раз вядучая Ларыса Каханоўская прывезла дзве гульні – “Рызыкуй”, якая ў агульны залік не ішла і служыла для інтэлектуалаў своеасаблівай размінкай, і традыцыйную “Што?Дзе? Калі?” з 24 пытаннямі.
Даволі складаным быў “Рызыкуй”. Тым не менш многія каманды – асабліва тыя, хто не спяшаўся рызыкаваць – з ім паспяхова справіліся. Найлепшы вынік паказала “Astra” з гімназіі, на другім месцы апынуўся рэдакцыйны “Востраў шанцавання”, на трэцім – зборная праваахоўных органаў “Антрацытавае сонца”.
Пасля першых дванаццаці пытанняў гульні “Што?Дзе? Калі?” вызначылася група каманд, што прэтэндавалі на лідэрства. Больш за ўсё – восем правільных адказаў – далі інтэлектуалы з раённага выканаўчага камітэта – каманда “Magnum ignotum” і каманда медыкаў “ЦэРэБрал”. Сем правільных адказаў запісалі на свой рахунак “Антрацытавае сонца” і “Востраў шанцавання”, па шэсць – “Ніка” з падатковай інспекцыі, “Ядзерны востраў” з дырэкцыі будаўніцтва АЭС.
Другая палова гульні была менш удалай для “Антрацытавага сонца”, “Ядзернага вострава” і “Нікі”. Затое разгулялася каманды ветэранаў “Надзея”, лепш пайшлі справы ў “Вострава шанцавання”. І зайздросную стабільнасць прадэманстравалі “ЦэРэБрал” і “Magnum ignotum”.
Па выніках гульні аказалася, што аднаасобнае лідэрства ўтрымлівае каманда з цэнтральнай раённай бальніцы “ЦэРэБрал” – яны правільна адказалі на 16 пытанняў з 24. Па 15 правільных адказаў – у “Magnum ignotum” і “Вострава шанцавання”, але ў каманды рэдакцыі аказаўся вышэйшы рэйтынг – яна і заняла ў выніку другое месца. Астатнія вынікі і рэйтынгі бачны з прыведзенай табліцы.
Па выніках трох гульняў каманда “Востраў шанцавання” пакуль што захоўвае лідэрства ў раённым чэмпіянаце, але з мінімальнай перавагай: літаральна ў спіну рэдакцыйным інтэлектуалам дыхае бальнічны “ЦэРэБрал”. На трэцім месцы – падатковая “Ніка”.



Паважаныя інтэлектуалы! Мы ўжо прывыклі сустракацца ў раённым Доме культуры кожны трэці панядзелак месяца. Але ў красавіку наша вядучая Ларыса Кааханоўская  не зможа ў гэты дзень прыехаць да нас на гульню. Таму ёсць прапанова правесці красавіцкі тур раённага чэмпіянату раней, 4 красавіка – у той жа час і на тым жа месцы.

Ніна АЛЯКСЕЕВА.