Інтэлектуальны чэмпіянат стартаваў. Далучайцеся!

14:37 / 28.01.2011
10041

Дзелімся радаснай навіной: падзея, пра якую так доўга марылі аматары інтэлектуальных гульняў, адбылася: стартаваў раённы чэмпіянат па гэтаму віду “інтэлектуальнага спорту”.


У мінулы панядзелак у Доме культуры “Галактыка” сабраліся прыхільнікі гульні “Што? Дзе? Калі?” і іншых інтэлектуальных “забаў”. Што асабліва парадавала: нягледзячы на тое, што рэгулярныя гульні чэмпіянату адразу планаваліся ў асноўным як трэніровачныя (а можа, і дзякуючы гэтаму?), каманд сабралася нават больш, чым на “прызавы” калядны турнір – дзесяць. Да пастаянных удзельнікаў з рэдакцыі, райвыканкама, гімназіі, першай і Гудагайскай сярэдніх школ, зборнай праваахоўных органаў, каманды цэнтральнай раённай бальніцы далучыліся прапусціўшыя мінулы турнір падаткавікі і новая каманда, дзе сабраліся аднадумцы, якая назвалася “Надзея”. Гэта лішні раз пацвярджае: зведаўшы хоць аднойчы асалоду ад інтэлектуальных гульняў, адмовіцца затым ад гэтага своеасаблівага “наркотыку” цяжка – ды і не варта.
У правядзенні раённага чэмпіянату нам, як і звычайна, дапамаглі суседзі: Ларыса Каханоўская з Ашмян, якая прадстаўляе ў нашым рэгіёне Беларускую лігу інтэлектуальных каманд, прывезла пытанні і правяла гульню.
Гульняў у першым туры чэмпіянату было дзве. Для “размінкі” знатакі згулялі ў не вельмі складную “Эрудыт-азбуку”. Лепшы вынік у ёй  паказала зборная праваахоўных органаў “Антрацытавае сонца”, якая адказала на ўсе пытанні. На другім месцы быў “Востраў шанцавання” з рэдакцыі, на трэцім – “Magnum ignotum” з райвыканкама.
Але вынікі першай гульні ў залік не браліся – заліковай, па правілах, з’яўляецца толькі гульня “Што? Дзе? Калі?”, вынікі якой будуць суміравацца пасля кожнага этапу раённага чэмпіянату (плануецца праводзіць іх кожны месяц),  а па выніках года пераможца атрымае прыз. Гэта якраз той выпадак, калі “работа ў семестры” будзе адзначана.
На гульню “Што? Дзе? Калі?” было прадстаўлена трыццаць пытанняў рознай ступені складанасці. На некаторыя — як, скажам, пра бярозкі, якія адлюстроўваюцца ў вадзе, “Жыццё” Гі дэ Мапасана, перадачу “Спакойнай ночы, малышы”, бараду Салжаніцына — адказалі ўсе. Іншыя – пра перашкоды, якія трэба было не ставіць, а “чыніць”; Дантэ, якога ўбачыў Юрый Алеша; час, які прасіў падарыць сабе на юбілей Вячаслаў Зайцаў, — не “ўзяў” ніхто.
Як паказалі вынікі першага тура раённага чэмпіянату, больш правільных адказаў далі каманды “Востраў шанцавання” і “Magnum ignotum” – па дваццаць: паколькі рэйтынг пытанняў не вылічваўся, яны і падзялілі першае месца. На другім пасля першага тура ідзе каманда “Astra” з гімназіі – у іх 17 правільных адказаў. На трэцім месцы таксама дзве каманды – “Nika” з падатковай інспекцыі і “А’Крэм” з Гудагайскай школы.
Але і ў астатніх ёсць усе шансы пазмагацца за перамогу – чэмпіянат толькі пачынаецца, і асноўная барацьба яшчэ наперадзе.
Хочацца сказаць і тым, хто хацеў прыняць удзел у гульні, але па нейкай прычыне не змог: далучацца да ўдзелу ў чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях можна з любога этапу. І калі не атрымліваецца сабраць усю каманду – розныя абставіны бываюць, гуляйце і ў меншым складзе: любы станоўчы вынік лепш, чым ніякага.
Пра час і месца правядзення наступных этапаў чэмпіянату мы будзем паведамляць дадаткова – сачыце за газетай і нашым сайтам.


Ніна РЫБІК.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений