День сельисполкома прошел на базе Гудогайского сельсовета
Дні сельвыканкама трывала ўвайшлі ў практыку работы мясцовай улады. Яны дазваляюць на прыкладзе аднаго сельскага Савета паглядзець практыку работы ўсіх устаноў і арганізацый, што забяспечваюць жыццядзейнасць мясцовага насельніцтва, выявіць праблемы і намеціць шляхі іх вырашэння. Апошні такі дзень прайшоў на базе аднаго з буйнейшых сельсаветаў – Гудагайскага. Узначалілі яго работу старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігар Яраслававіч Шалудзін і раённага Савета дэпутатаў Ірыну Эдуардаўну Тальчук.
Культура
З установамі культуры Гудагайскага сельсавета ўдзельнікі сельвыканкама знаёміліся ў Доме культуры аграгарадка Малі, які разам са сваім Гудагайскім «сабратам» уваходзіць у цэнтр культуры і вольнага часу пасёлка Гудагай. Тут прадставілі свае творчыя здабыткі абодва Дамы культуры. Гудагайскі хоць і быў пэўны час зачынены на рамонт, але, па словах яго загадчыцы Яўгеніі Шаптун, гэта ўважлівая прычына – не нагода не працаваць: работнікі культуры пайшлі «ў масы»: яны выязджаюць з канцэртамі ў суседнія вёскі, арганізоўваюць святы на ўлонні прыроды – для творчага чалавека сцены і сцэна не з’яўляюцца галоўнымі атрыбутамі працы.
Аляксандр Іванавіч Марозаў, які «камандуе парадам» у Мальскім доме культуры, узяў «на ўзбаренне» тое, што яму бліжэй – паэтычную творчасць: да гэтага Дома культуры «прыпісана» літаратурнае аб’яднанне «Астравецкай зямлі галасы». Але не паэзіяй адзінай… Паспяхова тут працуюць гурткі «Мы малюем», «Юны следапыт», «Кінаман» і іншыя. А брэндам гэтай установы можна лічыць дзейнасць аматарскага аб’яднання «Свая гульня» – хоць створана яно было даўно і без удзелу работнікаў культуры, але знайшло ўтульную прыпіску пад дахам гэтага Дома культуры: тут штомесяц збіраюцца інтэлектуалы не толькі з нашага раёна, але і з суседніх.
Гандаль
Найбольш шырока падчас дня сельвыканкама былі прадстаўлены аб’екты гандлю, прычым у розных канкурыруючых напрамках.
У Малях госці пазнаёміліся з работай магазіна КСУП «Гудагай» – асноўнай яго перавагай з’яўляецца тое, што працаўнікі гаспадаркі тут могуць узяць прадукты ў лік зарплаты.
Гудагайскае кафэ «Лаванда» – не толькі месца правядзення мясцовымі жыхарамі сямейных урачыстасцей, яго эканоміку ў многім вызначае харчаванне будаўнікоў Беларускай АЭС. Але, па словах старшыні райспажыўтаварыства Аляксея Васільевіча Васільева, кліенты паступова адмаўляюцца ад гарачых абедаў – і кааператарам трэба думаць, чым кампенсаваць непазбежныя страты.
Магазін «Родны кут» таксама прайграе ў канкурэнтнай барацьбе прыватнай «АнаСтасіі» – і справа, напэўна, не толькі ў тым, што «за пераездам» жыве большая частка насельніцтва пасёлка, якой зручней наведаць апошні магазін: як упэўніліся ўдзельнікі дня сельвыканкама, у «АнаСтасіі» і асартымент больш разнастайны, і час работы зручнейшы.
Дзіўна, але пры такой канкурэнцыі знаходзяць сваю «нішу» і комплексны прыёмны пункт, і паштовае аддзяленне, якое займаецца не толькі аказаннем традыцыйных паслуг, але і гандлюе таварамі першай неабходнасці, кіруючыся нязменным прынцыпам: «хоць на капейку, ды танней». Праўда, удзельнікі дня сельвыканкама, якія вырашылі праверыць, ці так гэта і параўналі цану на кілаграм цукру ва ўсіх наведаных гандлёвых кропках, прыйшлі да высновы, што самы танны салодкі прадукт усё ж у «Родным куце».
Адукацыя
была прадстаўлена Гудагайскай сярэдняй школай, а тая, у сваю чаргу, – сваёй адмецінкай – школьным музеем, экспазіцыі якога мог бы пазайздросціць і раённы. Тут сабраны і сістэматызаваны шматпланавыя звесткі пра зямлю гудагайскую і яе людзей. І ўсё гэта – дзякуючы нястомнай працы яго стваральніка і захавальніка Марыі Карлаўны Васілёнак, якая, не шкадуючы ні сіл, ні часу, вядзе вялікую даследчую і пошукавую работу – і, што самае галоўнае, прыцягвае да яе сваіх вучняў.
Ахова мяжы
Гудагайскі сельскі Савет адметны тым, што тут сканцэнтравана ажно чатыры «апорныя пункты» пагранічнікаў: пагранічныя заставы «Гудагай» і «Лоша», чыгуначны пераход на станцыі «Гудагай» і нядаўна набыўшы статус міжнароднага пункт пропуску «Лоша». Чаго больш – карысці ці праблем? – прыносіць цеснае суседства мясцовага насельніцтва з людзьмі ў пагранічнай форме – пытанне з разраду рытарычных.
Аб тым, як жыве і дзейнічае пагранічная застава «Гудагай», расказаў і паказаў яе камандзір Кірыл Рагавы. Дзе жывуць воіны-пагранічнікі, як яны харчуюцца і адпачываюць – адказы на ўсе гэтыя пытанні можна было атрымаць пры наведванні пагранкамендатуры.
Але найбольш кіраўнікоў мясцовых органаў улады цікавілі асаблівасці жыцця мясцовага насельніцтва, якое воляй лёсу апынулася ў непасрэднай блізкасці ад Дзяржаўнай мяжы – пытанняў тут шмат, і да гэтай тэмы ў чарговы раз вырашана вярнуцца на старонках і ў відэарэпартажах раённых СМІ, што называецца, выпісвайце, чытайце, глядзіце…
Вынікі
Падводзячы вынікі работы дня сельвыканкама, Ігар Яраслававіч Шалудзін прапанаваў калегам і гаспадыні тэрыторыі – Марыі Іванаўне Безляповіч не толькі выказаць сваё меркаванне пра ўбачанае, але і падзяліцца набалелымі пытаннямі. Некаторыя, у прыватнасці старшыня Варнянскага сельскага Савета Аляксандр Часлававіч Вярбовіч, Міхалішкаўскага – Віталь Іванавіч Івашкевіч, скарысталіся гэтай прапановай.
Нямала праблемных пытанняў узняў падчас гутаркі стараста вёскі Палушы Віктар Станіслававіч Карповіч: рамонт Кастрычніцкай вуліцы ў гэтым аграгарадку, лёс будынка колішняй сталовай, які пустуе і разбураецца, тое, што аўтобус цераз Палушы на Градаўшчызну ходзіць толькі раз на тыдзень – а значыць, жыхарам сельсавета цяжка дабрацца да мясцовай адміністрацыі, каб вырашыць свае пытанні.
Падвядзенне вынікаў работы дня сельвыканкама ператварылася ў адкрыты дыялог аб тым, што хвалюе сельскіх жыхароў і кіраўнікоў органаў мясцовай улады. А хвалюе іх многае: гэта і вулічнае асвятленне, і работа комплексна-прыёмных пунктаў, і неабходнасць стварэння ўчасткаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі для падтрымання парадку на тэрыторыі населеных пунктаў.
Меркаванне
– Мы павінны забыць гэты выраз – «неперспектыўная вёска», – сказала, падводзячы вынік размовы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Усе населеныя пункты, дзе жывуць нашы людзі, павінны быць перспектыўнымі, усім мы павінны забяспечыць неабходны ўзровень жыцця.
Гэтаму садзейнічае ў тым ліку і правядзенне падобных дзён сельвыканкама, якія становяцца не толькі аглядам пэўнай тэрыторыі і дзейнічаючых там устаноў і арганізацый, але і магчымасцю абмеркаваць злабадзённыя пытанні.
Ніна РЫБІК, фота аўтара.