"Журналистское расследование". Как кормят островецких школьников?
З бягучага навучальнага года ў арганізацыі харчавання чатырох школ – СШ №1 г. Астраўца,Гудагайскай і абедзвюх Рымдзюнскіх школах – адбыліся істотныя змены. Цяпер гэты працэс тут забяспечвае ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”.
Што змянілася ў сувязі з пераходам харчавання ад аддзела адукацыі да Ашмянскага мясакамбіната? І як цяпер арганізавана харчаванне дзяцей у школах? – пра гэта чытайце ў журналісцкім расследаванні Алены Ярашэвіч.
Ашмянскі мясакамбінат бадай што першым у рэспубліцы ўзяў на сябе ініцыятыву па арганізацыі харчавання ў школьных установах – спачатку Ашмянскага раёна. Пазней мясакамбінат “выйшаў на прасторы” Смаргоншчыны. А сёлета прыйшоў і ў Астравец.
Праўда, пакуль што каменціраваць сітуацыю арганізацыі харчавання ў школах Астравецкага раёна кіраўніцтва Ашмянскага мясакамбіната адмовілася, спаслаўшыся на тое, што гаварыць пра плюсы і мінусы такога новаўвядзення і тым больш падводзіць нейкія вынікі яшчэ рана.
Аднак на афіцыйным сайце ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” удалося знайсці інфармацыю, якая сцвярджала, што спецыяльна для дзіцячага і прафілактычнага харчавання тэхнолагі Ашмянскага мясакамбіната сумесна са спецыялістамі Міністэрства аховы здароўя распрацавалі больш за сорак
відаў паўфабрыкатаў. У склад карысных катлет, каўбас, сасісак і паштэтаў уваходзіць марская капуста, а разам з ёй – дэфіцытны ў нашай краіне ёд і лактулоза, якая дапамагае палепшыць абменныя працэсы ў арганізме чалавека.
Дык наколькі карыснае харчаванне, якое дзеці цяпер атрымліваюць у школе? Што змянілася ў сувязі з пераходам харчавання ад аддзела адукацыі да Ашмянскага мясакамбіната? І як цяпер арганізавана харчаванне дзяцей у школах? Менавіта гэтымі пытаннямі зацікавіўся наш карэспандэнт і папрасіў адказаць на іх галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Вольгу Міхайлаўну Балунда.
– Перш чым прыняць такое рашэнне – перадаць арганізацыю харчавання ў чатырох школах раёна ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, – аддзел адукацыі правёў вялікую работу, у выніку якой з Ашмянскім мясакамбінатам быў заключаны дагавор – пакуль на адзін год. Сёння гэтая арганізацыя корміць
вучняў Гудагайскай і Рымдзюнскіх школ з беларускай і літоўскай мовамі навучання і СШ №1 г. Астраўца. Праводзіцца анкетаванне дарослых і дзяцей, якое паказвае, што пакуль што ніякіх праблем з харчаваннем няма. Згодна з меню, распрацаваным ашмянскімі тэхнолагамі, прадукты
завозяцца па графіку. Ашмянскі мясакамбінат таксама забяспечвае школьныя сталовыя неабходнымі мыючымі і дэзінфіцыруючымі сродкамі, а сталовых работнікаў – спецыяльным адзеннем. Але падводзіць нейкія вынікі пакуль што рана. Гэта можна будзе зрабіць месяцы праз тры, калі мы будзем
бачыць, ці выконваюцца натуральныя нормы харчавання дзяцей, ці задавальняе дзяцей і бацькоў якасць і кошт школьных абедаў, – падвяла вынік нашай размовы Вольга Міхайлаўна.
І ўсё ж мы вырашылі паглядзець, як жа цяпер харчуюцца дзеці ў школах – і накіраваліся ў СШ №1 і Гудагайскую школу.
Паабедаем у СШ №1...
– Пакуль што вынікі падводзіць рана. Яшчэ нават месяц не прайшоў, і дзеці не разлічваліся за з’едзеныя абеды. Адзінае, што можна канстатаваць: павялічылася нагрузка на шэф-повара. Работы ў яго стала значна больш. Аднак і заработная плата таксама павінна павысіцца. Усе астатнія: дзеці, настаўнікі і бацькі – задаволены, і нараканняў на харчаванне не ўзнікала. Хочацца думаць, што і не ўзнікне, – расказала дырэктар СШ №1 г. Астраўца Марына Мар’янаўна Кутовіч.
Сёння ў СШ №1 вучыцца 613 школьнікаў. Большая палова з іх – 363 чалавекі – атрымліваюць гарачае харчаванне. Гэта вучні пачатковых класаў, школьнікі, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, дзеці са шматдзетных, сацыяльна-небяспечных, малазабяспечаных сем’яў і інваліды. Прычым 16 школьнікаў забяспечаны трохразовым харчаваннем, частку якога аплачваюць бацькі.
Усе астатнія харчуюцца за бацькоўскую аплату. Праўда, пакуль што гарачым харчаваннем ахоплены 80 працэнтаў школьнікаў. Але навучальны год толькі пачаўся, і адміністрацыя школы спадзяецца, што справа ў хуткім часе набудзе іншы выгляд.
З пераваг, якія прыйшлі ў школу са зменай арганізатара харчавання, асабліва радуе сталовых работнікаў абяцанае павышэнне заработнай платы.
Разглядаецца пытанне ўстаноўкі ў школе буфета – гэта дасць магчымасць тым школьнікам, якія не хочуць есці абеды, падсілкавацца на працягу вучэбнага дня. У бліжэйшай будучыні плануецца замяніць посуд у школьнай сталовай.
– Мы хваляваліся, што з прыходам у школу новага арганізатара дзіцячага харчавання – ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” – абеды дзяцей будуць складацца з паўфабрыкатаў. Але не – паўфабрыкаты (пельмені ці мясныя біточкі) школьнікі атрымліваюць толькі раз у тыдзень. Усё астатняе работнікі кухні гатуюць на месцы, – расказвае Марына Мар’янаўна.
Дарэчы, пра абеды. 20 верасня ў СШ №1 на абед школьнікі атрымалі пельмені, памідоры, хлеб, кававы напітак і зефір. Кошт абеду склаў 7 тысяч 200 рублёў.
– З аднаго боку, нам стала прасцей: меню распрацавана тэхнолагамі Ашмянскага мясакамбіната, і згодна з ім пастаўляецца прадукцыя, – расказвае шэф-повар СШ №1 Людміла Мар’янаўна Андралойць. – З другога – павялічылася нагрузка на работнікаў школьнай сталовай.
Затое нам паабяцалі падняць заработную плату. Ці даюць фрукты? – паўтарае маё пытанне шэф-повар і адказвае: – Кіраўніцтва Ашмянскага мясакамбіната аддае перавагу беларускім яблыкам. Здаецца, усё прыстойна. Засталося толькі пачакаць і даведацца, колькі ж давядзецца бацькам заплаціць за школьныя абеды. Бо ні для каго не сакрэт, што 30-працэнтная надбаўка існуе і на Ашмянскім мясакамбінаце.
...і ў Гудагайскай СШ
– Дагавор з ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” мы заключылі толькі на адзін год. Іншымі словамі, у школе праходзіць эксперымент па арганізацыі харчавання, які ў любы момант пры наяўнасці адмоўных водгукаў ці нейкіх парушэнняў мы можам спыніць, – расказвае дырэктар Гудагайскай сярэдняй школы Ганна Мечыславаўна Капцюг.
Сёння ў штаце Гудагайскай школьнай сталовай працуюць чатыры чалавекі – шэф-повар Хрысціна Феліксаўна Мінкевіч, повары Таццяна Якаўлеўна Валошына і Ганна Вайцехаўна Трусевіч, кухонны работнік Марыя Станіславаўна Пілецкая.
Дарэчы, кантроль за дзіцячым харчаваннем ажыццяўляе і Ашмянскі мясакамбінат, і адміністрацыя школы. У школе працуе бракеражная камісія, якая кантралюе адпаведнасць абеда школьнаму меню, вагу порцый, наяўнасць вітамінізацыі і шэраг іншых параметраў. Падчас бацькоўскага сходу, які праходзіў у сярэдзіне верасня, дырэктар школы Ганна Мечыславаўна Капцюг прапанавала бацькам выбраць дзень і наведаць школьную сталовую, каб прадэгусціраваць стравы, якія даюць дзецям. Жадаючых аказалася не вельмі шмат – сем бацькоў паднялі рукі і далі згоду на адзін дзень стаць
дэгустатарамі школьных страў. Праўда, у вызначаны дзень іх колькасць знізілася да трох. Далучыцца да іх вырашыла і я.
У той дзень на абед гудагайскім школьнікам давалі салат са свежай капусты з цыбуляй і гарошкам, адвараныя макароны з гуляшом са свініны, кампот з яблыкаў, хлеб, батон і сыр. Порцыя досыць вялікая. І галоўнае – усё было смачна!
Большасць школьнікаў пасля абеду панеслі пустыя талеркі. Але былі і такія, хто да яды амаль не дакрануўся. На маё пытанне “Чаму?” – яны паціснулі плячамі.
– Мне ўсё падабаецца ў сталовай. Асабліва люблю, калі даюць каўбасу і макароны. Стараюся есці ўсё.
Але звычайна раніцай ем дома, і таму ў школе не ўсё з’ядаю, – расказвае Арцём Скаскевіч, трэццякласнік Гудагайскай школы.
– Я кожны дзень прыводжу сына ў школу і нейкі час праводжу тут з ім. Здараецца, што таксама купляю ў школьнай сталовай абед. І хачу запэўніць бацькоў: тут усё заўсёды свежае і смачнае, таму ніякіх нараканняў няма, – дадае мама Арцёма.
Крыху пазней на абед у школьную сталовую завіталі яшчэ дзве мамы, прадстаўніцы класных бацькоўскіх камітэтаў. Цікава, а што думаюць яны пра школьны абед?
– Ужо тое, што мы – а разам са мной прыйшла Ірына Францаўна Каспяровіч, яшчэ адна прадстаўніца бацькоўскага камітэта, – з'явіліся ў школу без папярэджання і з задавальненнем з’елі ўсё, што нам прапанавалі, дазваляе сцвярджаць, што кормяць тут добра. Мой сын Павел вучыцца ў першым
классе і харчуецца ў школе два разы.
Паспытаўшы тое, што елі дзеці, з упэўненасцю магу сказаць, што мяне ўсё задаволіла. Ведаю школьнага повара і ўпэўнена, што гэтыя людзі стараюцца для нашых дзяцей – душу ўкладваюць у работу, – гаворыць Марыя Сцяпанаўна Станкевіч. – Ды і ўвогуле хочацца сказаць дзякуй адміністрацыі школы на чале з дырэктарам Ганнай Мечыславаўнай Капцюг за ўсё, што зроблена тут за час летніх канікул: утульныя класы, трэнажорная зала, санвузлы. Усё гэта – для нашых дзяцей. А што датычыцца харчавання, то адміністрацыя школы стараецца яго ўдзешавіць. Для гэтага на школьным прысядзібным участку вырошчваюць моркву, цыбулю, буракі, капусту. Зразумела, што на ўсю зіму гародніны не хопіць. Таму звычайна дапамагае СВК “Гудагай”, які выдзяляе для харчавання дзяцей бульбу.
Плюсы ў новай форме харчавання знайшлі і некаторыя настаўнікі, якія знаходзяцца ў школе ад ранку да позняга вечара: кожны з іх мае магчымасць паабедаць у школе і адразу ж разлічыцца. Кошт абеду вагаецца ад 6 да 8 тысяч рублёў.
Адзінае, што не вельмі задавальняе настаўнікаў, – абеды на заўтрашні дзень трэба заказваць загадзя – гэта значыць, сёння. А дзіця сёння ёсць у школе, а заўтра, здараецца, яго няма. Гэта і выклікае цяжкасці. Здзівіла і тое, што з рацыёна школьнікаў амаль зніклі фрукты. Калі раней амаль штодня школьнікі атрымлівалі палову банана або апельсіна, то цяпер Ашмянскі мясакамбінат аддае перавагу беларускім яблыкам. Я не супраць яблыкаў, але... Хацелася б, каб асартымент фруктаў пашырыўся.
У цэлым жа атрымалася, што плюсаў у новай сістэме арганізацыі харчавання значна больш, чым мінусаў. Аднак амаль усе мае рэспандэнты сцвярджалі, што вывады рабіць яшчэ рана. Таму, мяркую, у хуткім часе мы яшчэ звернемся да гэтай тэмы і зноў абмяркуем арганізацыю харчавання ў школах нашага раёна.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.