Городской автобус пока ещё ходит в тестовом режиме
З 1 жніўня па вуліцах Астраўца пачаў хадзіць гарадскі аўтобус. Гэтую падзею чакалі даўно. Пакуль што аўтобус ходзіць у тэставым рэжыме. І, напэўна, нягледзячы на тое, што навіну паведамляла раённая газета, ведаюць пра гэта нямногія.Нядаўна, выконваючы рэдакцыйнае заданне, дабіралася з цэнтра горада на яго ўскраіну. І толькі тады, калі міма праехаў аўтобус, на лабавым шкле якога красавалася лічба 1, успомніла: гэта ж можна было скарыстацца новым відам транспарту!
І таму праз некалькі дзён вырашыла праехаць па адным з маршрутаў, каб паглядзець, ці папулярны ў нас гэты новы від транспарту?
Дарэчы, пакуль што аўтобус ходзіць пяць разоў на дзень.
З аўтобуснай станцыі гарадскі аўтобус адпраўляецца ў 7.15, 9.30, 11.00, 15.00, 17.00. Пры гэтым ранішні і вячэрні маршруты ідуць па так званым вялікім крузе – аўтобус едзе праз вёску Малі з заходам ў першы і другі мікрараён. Днём аўтобус курсіруе па малым крузе – гэта значыць, па вуліцах Астраўца. Акрамя гэтага з'явіўся яшчэ адзін маршрут адпраўленнем у 7.35, які злучае першы мікрараён з цэнтрам, а потым з Гудагаем.
І вось у 11.00 я на аўтобусным прыпынку ў цэнтры горада. З нецярпеннем чакаю, калі падыдзе яшчэ хто-небудзь. Аднак мае надзеі не апраўдваюцца. Вось і аўтобус. Заходжу ў салон – і бачу здзіўленне на твары вадзіцеля. Бяру білет – дзве тысячы. Пералічваю на кошт бензіну і разумею, што лепш, канешне, карыстацца паслугамі аўтобуса, чым ездзіць на ўласнай машыне. Едзем па маршруце, спыняемся на кожным прыпынку, вакол ні душы…
– Колькі білетаў за сённяшні дзень прадалі? – цікаўлюся ў вадзіцеля.
– Вы – шосты купілі, – адказвае ён і працягвае: – Першым рэйсам адзін чалавек з Маляў у Астравец прыехаў, другім – яшчэ два, таксама з Маляў у Астравец. На трэцім крузе адна жанчына дабіралася з цэнтра ў бальніцу, а з бальніцы да аўтобуснай станцыі ехаў мужчына. А цяпер – вось вы.
Падчас дарогі абмяркоўваем, якім павінен быць маршрут і ці павялічыцца з часам колькасць пасажыраў. Напрыканцы размовы сыходзімся на думцы, што восенню іх стане значна больш – школьнікі будуць дабірацца ў школу, а дашкольнікі – у дзіцячы сад. Толькі вось прыпынкаў у Астраўцы ні паблізу садка, ні паблізу школ няма. Можна, канешне, даехаць да цэнтра, а потым дайсці да школы ці садка, толькі каму спадабаецца ехаць з вуліцы Берагавой у цэнтр горада праз Малі?
З тым, што маршрут трэба пераглядаць, пагаджаюцца ўсе. Толькі як зрабіць так, каб задаволіць запыты большасці насельніцтва?
Свае каментарыі да фарміравання маршрута сёння можна выказаць на сайце раённай газеты www. ostrovets.by ці па тэлефонах аўтамабільнага парка.
Многія з тых, хто ўжо выказаў сваё меркаванне, прапануюць перагледзець маршрут і ўключыць прыпынкі каля тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва і Бараноўкі, яшчэ лепш – прадоўжыць маршрут гарадскога транспарту да Гудагая і Слабодкі. І большасць пагаджаецца з тым, што неабходна пусціць некалькі аўтобусаў з перасячэннем, напрыклад, у цэнтры, каб можна было зрабіць перасадку.
Найбольш аптымальнай уяўляецца арганізацыя двух аўтобусных маршрутаў: адзін – з другога мікрараёна, ад бальніцы – і да Маляў. Другі – з першага мікрараёна – і да аўтастанцыі ці міліцыі, а, можа, нават і да станцыі Гудагай. І каб гэтыя маршруты перасякаліся ў цэнтры – тады пасажыры з аднаго маршрута змогуць перасесці на другі. А жадаючых ехаць “у Маскву цераз Сахалін”, вядома ж, будзе няшмат.
Мяркую, што пакуль што гарадскі транспарт – эканамічна нявыгадны. Па звестках аўтобуснай станцыі, у першы дзень быў прададзены толькі адзін білет. У дзень, які папярэднічаў маёй “экскурсіі” па Астраўцы, было прададзена 11 (!) білетаў. А кошт білета, між тым, досыць прымальны – гэта пацвердзілі і гараджане: на таксі даехаць у тую ж бальніцу з Астраўца каштуе 20 тысяч, а на аўтобусе – 2 тысячы.
Толькі вось пасажыраў, якія б пажадалі карыстацца гарадскім аўтобусам, чамусьці амаль няма. Будзем спадзявацца – пакуль.
Каментарый
– Пакуль што аўтобус ходзіць у абкатачным рэжыме. І пасажыраў няшмат. Спадзяёмся, што з пачаткам школьнага сезона, іх колькасць павялічыцца. З часам маршруты будуць пераглядацца. Мы, канешне, пастараемся ўлічыць запыты гараджан. Аднак неабходна разумець, што некаторыя просьбы не могуць быць выкананы з улікам бяспекі руху – сёння ў горадзе ёсць участкі, дзе аўтобус не зможа развярнуцца. А значыць, і аўтобусны прыпынак там зрабіць немагчыма. З развіццём і ростам горада ўсе гэтыя пытанні будуць улічвацца і ніякіх праблем узнікнуць не павінна, – паведаміў дырэктар аўтапарка Аляксандр Васільевіч Жук.
----------------------------------
Па гарадскім маршруце праехала Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.