"Журналистское расследование". Сколько стоит собрать ребёнка в школу?

10:00 / 15.08.2013
1
Менш за месяц засталося да пачатку новага навучальнага года. І самае актуальнае пытанне для бацькоў вучняў – сабраць іх у школу. Тыя, хто паклапаціўся пра гэта раней, цяпер толькі паціраюць рукі. Тым жа, хто па нейкіх прычынах вырашыў пакінуць зборы на апошні летні месяц, давядзецца пабегаць.

Зрэшты, апрануць дзіця ў Астраўцы заўсёды было нялёгкай задачай. Ведаю многіх бацькоў, якія купляюць сваім школьнікам усё неабходнае ў Мінску ці ўвогуле за мяжой. Аднак ёсць і такія, якія ўжо даўно зрабілі свой выбар на карысць Астраўца і сцвярджаюць, што тавараў тут больш, чым дастаткова.



“Дзіцячысвет” у Астраўцы

Спецыялізаванага магазіна дзіцячага адзення ў горадзе няма. Але вопратку для дашкольнікаў і школьнікаў можна набыць на першым паверсе ўнівермага, у некалькіх гандлёвых павільёнчыках прыватных прадпрымальнікаў Астраўца і на рынку.
Асартымент дзіцячага адзення ва ўнівермагу, калі параўноўваць са сталічнымі дзіцячымі аддзеламі буйных магазінаў, не вельмі вялікі, аднак апрануцца можна. Прасцей хлопчыкам. Ва ўнівермагу можна набыць школьныя касцюмы навагрудскага ААТ “Бел Крэда”, бабруйскай “Славянкі” і смалявіцкага “PanMod”. Цэны розняцца ў адпаведнасці з памерам і фабрыкай-вытворцай – у сярэднім хлапчуковы касцюм будзе каштаваць ад 412 да 795 тысяч беларускіх рублёў.
Бабруйская “Славянка” сёлета выставіла ў продаж касцюмы з латарэяй – гэта значыць, набыўшы касцюм гэтай маркі са спецыяльнай адзнакай і выканаўшы патрабаванні кампаніі, можна стаць удзельнікам розыгрышу прызоў, які будзе праведзены восенню бягучага года.
Прадстаўлены ў магазіне і “аблегчаны” варыянт школьнага адзення – камізэлька і штаны. Каштаваць ён будзе ад 254 350 да 314 700 рублёў. Асобна можна набыць школьныя штаны – 155- 170 тысяч беларускіх рублёў.
Хлапчуковыя сарочкі “Nadex” і “Озорник” каштуюць ад 101 750 да 124 800 рублёў.
І калі школьны касцюм ва ўнівермагу дабраць усё ж такі можна, то са спартыўным адзеннем справа больш складаная – выбар яго небагаты. Але ў магазіне запэўнілі, што на днях чакаецца новае паступленне. Прычым не толькі спартыўных касцюмаў, але і абутку, і школьных касцюмаў для хлопчыкаў і дзяўчынак.
Выбар абутку таксама нешырокі – памеры туфляў фірмы “Marko” для хлопчыкаў заканчваюцца на 37. Іх кошт дастаткова прымальны – 316 200 беларускіх рублёў.
Больш складана апрануць дзяўчынак. Гэта і зразумела: большасць з іх ужо з дашкольнага ўзросту адчуваюць сябе модніцамі. І таму, напэўна, набыццём толькі аднаго касцюма і блузкі зборы не закончацца.
Зусім нядаўна давялося стаць сведкай, як мама разлічвалася на касе за дзве “тройкі” – пінжак, спаднічку і штаны, а яшчэ – сарафан, яшчэ адну спаднічку, камізэльку, тры блузкі і два гольфікі, некалькі пар бялізны і калготак. На мае пытанне: “Навошта так шмат?” адказала: “Гэта толькі на першы час. Потым яшчэ дакупім”.
Цяпер уявіце, на якую суму апусцеў яе кашалёк. І падумалася: стандартная школьная форма савецкіх гадоў вырашыла б многія надзённыя пытанні бацькоў. На мой погляд, рабіць так, як гэтая жанчына, не варта – дзеці хутка вырастаюць і літаральна праз некалькі месяцаў адзенне стане малым, некаторыя рэчы ваша дзіця наўрад ці паспее знасіць.
Што ж да ўнівермага, то тут прадстаўлены дзявочыя сарафаны вытворчасці фабрык “Калінка” і “Элод” па цане ад 123 да 239 тысяч беларускіх рублёў.
За касцюм давядзецца аддаць значна больш. “Тройка” каштуе ад 400 да 640 тысяч беларускіх рублёў у залежнасці ад фабрыкі-вытворцы і памеру. Блузкі вытворчасці “Элод” – у сярэднім 200 тысяч. Гольфікі значна таннейшыя – прыблізна 50 000 рублёў.
Асартымент абутку для дзяўчынак таксама невялікі, затое калі падбярэце памер, то заплаціце не вельмі дорага – у сярэднім 300 тысяч.
Попытам карыстаюцца і канфіскаваныя тавары. За сарафан давядзецца аддаць 187 300, за спаднічку – 96 000, касцюм – пінжак і спаднічка – 275 400. У продажы ёсць і канфіскаваныя блузкі – ад 38 100 да 108 тысяч у залежнасці ад памеру дзіцяці.
Дарэчы, ва ўнівермагу можна аформіць беспрацэнтны крэдыт тэрмінам на 6 месяцаў з першапачатковым узносам 25 працэнтаў кошту набытага тавару.
У павільёне “Лінія стылю” прадстаўлены школьныя касцюмы для хлопчыкаў гомельскага “Камінтэрна”. Іх кошт вагаецца ад 430 да 800 тысяч беларускіх рублёў. Тут жа можна набыць сарочкі па цане ад 105 да 135 тысяч беларускіх рублёў і гальштукі – 14 500 (для першакласнікаў), 45 000 (для вучняў сярэдніх класаў).
Сёе-тое з адзення для дзяўчынак можна набыць у павільёнах “Шарм” і “X-Style”. Да прыкладу, у “Шарме” можна выбраць пінжакі для дзяўчынак за 160 тысяч, штаны па цане 170 тысяч, камізэлькі – 80 000, блузкі – 160 000. Прычым у хуткім часе чакаецца абнаўленне асартыменту тавараў для дзяўчат- падлеткаў, абнадзеілі гаспадары магазіна.
Школьныя тавары для хлопчыкаў і дзяўчынак прадстаўлены ў павільёне “Аладзін”. “Тройка” для хлопчыкаў плюс сарочка і спартыўны касцюм абыдуцца прыблізна ў 730 тысяч беларускіх рублёў. Каб апрануць дзяўчынку ў касцюм-тройку і дадаткова набыць блузку, гольфік і на ўсялякі выпадак сарафан, давядзецца заплаціць 920 тысяч рублёў. Затое касцюмы для дзяўчынкі-падлетка (пінжак і штаны) тут каштуюць 280 тысяч. А калі вы набудзеце тавар на суму, большую за 400 тысяч, то атрымаеце падарунак – калготкі, пацеркі ці рэмень.
Як кажуць, “на смак і колер таварышаў няма”. І ўсё ж мне больш даспадобы магазін “Лімпапо”. Тут можна апрануць і хлопчыкаў, і дзяўчынак. У магазіне прадстаўлены хлапчуковыя касцюмы вытворчасці “Славянка”, “Камінтэрн”, “PanMod” і “Бел Крэда” па цане ад 420 да 920 тысяч беларускіх рублёў. За касцюм для дзяўчынкі давядзецца заплаціць прыблізна 360-790 тысяч рублёў. Цэны на блузкі вагаюцца ад 120 да 280 тысяч, на сарафаны – ад 210 да 260.
У магазіне таксама прадстаўлены абутак вытворчасці фабрык “Шагавіта” і “Marko” розных цэнавых катэгорый. Хтосьці выбірае па цане, іншыя – па модзе. У сярэднім туфлі для дзяўчынкі будуць каштаваць 275 тысяч рублёў. Цэны на хлапчуковы абутак вагаюцца ў дыяпазоне 280-440 тысяч рублёў. Сэканоміць можна на спартыўным абутку, калі купіць не красоўкі за 340 тысяч, а кеды за 96 тысяч рублёў.
Многія бацькі адзенне для школьнікаў набываюць на рынку, кіруючыся ў першую чаргу тым, што тавары тут значна таннейшыя, чым у магазінах.
Праверым, наколькі праўдзіва такое сцверджанне. Касцюмы для хлопчыкаў каштуюць у сярэднім ад 250 да 350 тысяч рублёў, туфлі – 150, красоўкі – 150, спартыўныя штаны – ад 60 да 120.
За сарафан для дзяўчынкі давядзецца заплаціць 150 тысяч беларускіх рублёў, касцюм – 250, спартыўныя штаны – 120 000 рублёў.
Сапраўды, цэны больш чым прымальныя. І калі кіравацца тым, што дзеці хутка вырастаюць, то, магчыма, нешта з адзення і абутку можна набыць і на рынку.
Рукзакі – гэта яшчэ адзін з асноўных атрыбутаў школьнікаў. Ад яго залежыць многае – і правільная прыгожая пастава, і тэрмін выкарыстання.
Цэны на рукзакі ва ўнівермагу самыя розныя – у сярэднім 250 тысяч рублёў.
– Сёлета раскупляюць іх вельмі хутка, нягледзячы на немалы кошт, – расказвае прадавец універмага. – Многія бацькі ўжо зразумелі, што прадукцыя беларускай вытворчасці значна лепшая па якасці. Такі рукзак можна насіць не адзін год. Гэта і прыцягвае.
Ранцы беларускай вытворчасці ёсць і ў павільёне “Падарункі” – за іх давядзецца аддаць ад 246 да 394 тысяч беларускіх рублёў. Ёсць тут і школьныя сумкі на плячо – 110-165 тысяч беларускіх рублёў.
Можна набыць і рукзакі для першакласнікаў – маленькія, яркія па цане 42 тысячы, для старэйшых вучняў прадстаўлены школьныя рукзакі ў больш высокім цэнавым дыяпазоне – да 130 тысяч рублёў.
Рукзакі можна набыць і на астравецкім рынку. Цэны на іх вагаюцца ад 65 да 150 тысяч. Канешне, каштуюць рукзакі замежнай вытворчасці значна менш, чым айчынныя, але… Выбар: што важней – грошы ці здароўе дзіцяці – давядзецца рабіць кожнаму.



Канцылярскія тавары

Шматлікія школьныя прылады сёння можна набыць у многіх гандлёвых кропках Астраўца. Цэны на іх прыблізна аднолькавыя. Хто захоча сэканоміць, давядзецца спачатку прайсці ўсе гандлёвыя кропкі і пазапісваць цэны – і толькі потым брацца за пакупкі. Але ці варта?
Выбар канцылярскіх тавараў ва ўнівермагу дастаткова вялікі. Мне прапанавалі: сшыткі – ад 600 да 6450 рублёў (у залежнасці ад колькасці лістоў), дзённік – 6450, ручкі – 1950-7100, вокладкі для сшыткаў і кніг – ад 700 да 4300, каляровыя алоўкі – 7450-21400, акварэльныя фарбы – 7700- 23050, альбом для малявання – 11350-14010, каляровая папера – 8900, кардон – 15 700. А яшчэ пеналы, падстаўкі для кніг, клей, лінейкі, гатавальні і шэраг іншых канцылярскіх “неабходнасцей”. Дарэчы, калі параўноўваць цэны на гэтыя тавары з мінулым годам, то павялічыліся яны нязначна. Але нават тады, калі ўсё купіць па мінімуму, набяжыць салідная сума, якая будзе вагацца ў адрозненні ад узросту вашага школьніка.
Цэны ў прыватных прадпрымальнікаў амаль на такім жа ўзроўні. Для параўнання прывяду кошт некаторых канцылярскіх тавараў у найбольш папулярным у гэтым сэнсе павільёне “Шанс”: ручкі – ад 1000, аловак – ад 900, каляровая папера – ад 4000, каляровыя алоўкі – ад 12000, фламастэры – ад 5000 і іншыя.
Дарэчы, у гэтым магазіне прадстаўлены таксама шырокі асартымент рабочых сшыткаў на друкаванай аснове – па ўсіх прадметах і для розных класаў. Цэны на іх “кусаюцца”, але купляць усё ж давядзецца. Многія настаўнікі патрабуюць менавіта такія сшыткі. Напрыклад, друкаваныя сшыткі па біялогіі каштуюць ад 6 900 да 19 900 у залежнасці ад класа і яго аб’ёму, па фізіцы – ад 8900 да 11 800, геаграфіі – 16 900 і іншыя.



Постфактум

Дзіўна, але пакупнікоў – што ў магазінах, што на рынку – не густа. Магчыма, усе чакаюць заканчэння лета? А, можа, на гэта ёсць нейкія іншыя прычыны.
І ўсё ж пакупкі рабіць давядзецца. Таму некалькі парад неабавязковых для выканання. Перад паходам у магазін складзіце спіс тавараў, якія неабходна набыць абавязкова – гэта дапаможа сабрацца і не губляць час і грошы на дробязі і непатрэбныя рэчы.
На мой погляд, адкладваць пакупкі на апошнія дні жніўня таксама не варта. Па-першае, лепшыя тавары ўжо будуць раскуплены, а новых, хутчэй за ўсё, у канцы сезона завозіць не будуць.
І канешне ж, ідзіце ў магазін ці на рынак з дачкой ці сынам – няхай яны самі вучацца выбіраць сабе адзенне ці абутак і ведаюць іх кошт – магчыма, гэтым можна навучыць іх эканоміць і адносіцца да набытых рэчаў больш акуратна. Да таго ж вы зможаце ўсё прымерыць і пазбавіцеся галаўнога болю з абменам, калі купленыя “на вока” касцюм ці туфлі не падыдуць.
І канешне ж, не забудзьцеся пра кветкі, бо першага верасня гэта не толькі першы дзень заняткаў, але і свята.



Бліц-апытанне

Валерыя і Ангеліна Кавалевіч, шасцікласніцы гімназіі №1:
– Набыццём неабходных тавараў для школы ў нас звычайна займаецца мама. Сёння мы вырашылі набыць дзённікі і рабочыя сшыткі на друкаванай аснове па прадметах. Што датычыцца школьнай формы, то з мінулага года засталіся яшчэ сарафаны, а касцюмы будзем купляць трохі пазней, калі паедзем з бацькамі ў адпачынак за мяжу.


Ірына, маці сына-сямікласніка і дачкі-адзінаццацікласніцы:
– Дачка вучыцца ў кадэцкім класе і таму ходзіць у спецыяльнай школьнай форме, якую мы пашылі ў мінулым годзе. Яе ж будзе насіць і сёлета. Леташні школьны касцюм сына падыходзіць яму па памеры і сёлета, таму новы таксама набываць не будзем. Сарочкі, спартыўныя касцюмы і іншыя неабходныя да школы тавары куплялі ў Мінску – выбар іх, канешне, вялікі, але не заўсёды атрымліваецца знайсці тое, што хочаш.


Таццяна, маці першакласніцы:
– Упэўнена, што і ў Астраўцы можна апрануць дзіця. Ёсць і беларускія тавары – яны, канешне, даражэйшыя, затое іх якасць не выклікае сумнення. Ёсць і рыначная прадукцыя, якая таксама карыстаецца попытам – нядаўна была на рынку і бачыла, што там таксама апранаюць дзяцей. Адзінае, што мяне не задавальняе, гэта колер адзення – чорны ці шэры. Хочацца чаго-небудзь больш яркага.


Сёлета кожны з нас можа дапамагчы сабраць у школу тых дзяцей, якія па нейкіх прычынах апынуліся ў прытулку. Свае ахвяраванні ці набытыя канцылярскія тавары ці адзенне можна прынесці ў рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” або непасрэдна ў Варнянскі сацыяльны прытулак.


--------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.