Консервировать или покупать?

14:00 / 21.07.2013
1
Лета – не толькі час адпачынку, але і пара, калі многія займаюцца хатнімі нарыхтоўкамі на зіму. Летні дзень год корміць, справядліва лічаць многія. толькі не лянуйся – і кансервамі-марынадамі можна забяспечыць сям’ю  на цэлы год. Такія звычайна ўпэўнены, што гэта вельмі выгадна.

Іншыя не пагаджаюцца  і лічаць, што ўсё неабходнае для стала – марынады, кансерваваныя салаты,  варэнні і джэмы – сёння без праблем можна набыць у любым магазіне.

Мы ж вырашылі праверыць, ці выгадна займацца “закаткамі” ў  тым выпадку, калі не маеш свайго агарода і прадукты для кансервавання набываеш на рынку ці ў магазіне.

СПАЧАТКУ БЫЎ СЛОІК…


Як  аказалася,  зрабіць  гэта  ў Астраўцы  зусім  няпроста.  Бо ні  ў  адным  з  наведаных мной магазінаў  –  а  сярод  іх  былі аб’екты і дзяржаўнага, і прыватнага гандлю – слоікаў у продажы не было. На пытанне “Чаму?”, прадаўцы паціскалі плячыма. Давялося патэлефанаваць у Астравецкі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага  таварыства. Выконваючая абавязкі дырэктара філіяла Данута Аляксандраўна Казюлевіч паведаміла, што слоікаў на дадзены момант у гандлёвай сетцы сапраўды няма. Але Астравецкі філіял ужо накіраваў заяўку  на іх  набыццё  на рэспубліканскае прадпрыемства “Белгасгандаль”,  і ў хуткім часе яны з’явяцца ў продажы. Хутчэй за ўсё, слоікі будуць прадавацца  ў гаспадарчых магазінах горада. Трохлітровыя  слоікі  ўдалося адшукаць толькі на рынку, і  то ў  невялікай колькасці. Адна ўпакоўка  з  шасці  трохлітровых слоікаў пад закатку каштуе 40 тысяч рублёў. Здаецца, і не дорага, аднак… –  Гэта  цэны мінулага  года, – запэўніў прадавец. – Апошнія распрадаю.  Больш  вазіць  не буду. Накладна. Многія прадаўцы  на  рынку запэўнілі, што больш нідзе ў  Астраўцы  слоікі набыць  не ўдасца.  У мінулым  годзе  іх, розных  памераў,  у выхадныя дні  прадавалі  на астравецкім рынку індывідуальныя прадпрымальнікі з іншых раёнаў. А сёлета чаму не прывозяць? – Учора на аўтамабільнай стаянцы  каля рынка прадавалі. Прычым розныя, пачынаючы ад паўлітровых  і  да трохлітровых. Пачакайце крыху,  можа,  і  сёння з’явяцца,  – абнадзеіў прахожы мужчына. Праўда, слоікаў у той дзень (11 ліпеня) я так і не дачакалася.  Не прывезлі іх і на наступны. Магчыма,  прадаюць у выхадныя? Не ведаю. Таму і сцвярджаць не буду.  Да слоікаў патрэбны  накрыўкі. На рынку іх таксама не было. – І не шукайце – не знойдзеце. Самы сезон – усё разабралі. А вось у аўторак – будуць! – паабяцалі прадаўцы. Затое ў магазінах яны ёсць,  і цэны на іх вар’іруюцца ад 500 і да  650 рублёў за адну.А вось знайсці  накрыўкі з разьбой  – праблематычна. Іх удалося адшукаць толькі ў “Вернісажы” – па 850 рублёў  за штуку. Тут жа ў наяўнасці былі і пластыкавыя накрыўкі –  прыгожыя,  рознага колеру, двайныя па цане 21 850 за 20 штук. У “Вернісажы” таксама можна набыць  накрыўкі для зліву марынаду  – 1650 рублёў.  Ёсць тут і  машынкі для закручвання слоікаў    па цане 65 550 і 94 100 беларускіх рублёў. А вось на  рынку   закатачныя машынкі разабралі  –  праўда,  паабяцалі, што абавязкова прывязуць – каштуюць яны тут  ад 80 да 110 тысяч рублёў.


ПАМІДОРЫ МАРЫНАВАНЫЯ... У СЛОІКАХ


А можа, забыць пра ўсе марыноўкі-засолкі і спакойненька набыць ўжо гатовыя марынаваныя агурочкі і памідорчыкі ў магазінах? З  гэтым праблем  не  ўзнікне, бо яны ёсць  ва ўсіх  магазінах спажыўкааперацыі  і  ў прыватных. Цэны на іх розняцца ў залежнасці ад аб’ёму слоіка і краіны-вытворцы. Напрыклад, у “Івушцы” трохлітровы слоік  памідораў  каштуе 43 тысячы,   за паўтаралітровы слоік агуркоў  у  таматнай заліўцы  давядзецца заплаціць 26500 рублёў. Гэта цэны на прадукцыю беларускіх вытворцаў. А  вось  720-грамовы слоік марынаваных памідораў  чэры вытворчасці В’етнама  будзе каштаваць 18750 беларускіх рублёў, трохлітровы слоік  “асарці”  – памідоры і  агуркі   –  у  “Цэнтральным” каштуе  36600. У “Гермесе” выбар кансерваванай прадукцыі таксама багаты – ёсць тут і агуркі, і памідоры. Да прыкладу, 700-грамовы  слоік  агуркоў,  закансерваваных  на адным  з прадпрыемстваў Украіны, каштуе  16 950 беларускіх рублёў. Ва  ўсіх  наведаных магазінах прадаўцы сцвярджалі, што  летам  марынаваная гародніна  не  карыстаецца попытам  ў  насельніцтва – больш бяруць свежыя агуркі, памідоры, капусту. А вось зімой многія з задавальненнем набываюць марынаваную і кансерваваную прадукцыю.


АГУРКІ, ПАМІДОРЫ, ЗЕЛЯНІВА...


Слоікі набылі, накрыўкі да іх – таксама, і нават машынку для закручвання – справа за прадуктамі. Не будзем “распыляцца” – паспрабуем паставіць агуркі і памідоры. З набыццём  агуркоў і памідораў  праблем  не будзе – яны ёсць і на рынку, і ў магазінах. Напрыклад, на рынку агуркі можна набыць па цане ад 5  да 7 тысяч рублёў за кілаграм. У магазінах  яны каштуюць ад  4 500  да  7 800  рублёў. За памідоры   давядзецца заплаціць даражэй – на рынку яны каштуюць 15-16 тысяч рублёў. У магазінах – 13 800 – 17 850 за кілаграм (цэны на 11.07.2013 г. – аўт.). Словам, купляць гэтыя прадукты  ў Астраўцы дарагавата. “Значна  танней  будзе купіць  іх  на  мінскіх рынках,” – падумала я. Але калі звярнулася да  адной з рэспубліканскай газет, у якой былі надрукаваны цэны на Камароўскім  рынку,  то здзівілася:  агуркі – 5900 – 7500, памідоры – ад 13  тысяч  і вышэй.  Калі дадаць да кошту прадуктаў расходы на бензін ці білет на цягнік, то нічога не выйграеш. Звычайна пры засолцы гаспадыні выкарыстоўваюць зяленіва.  Цудоўна, калі ў вас ёсць уласны агарод ці знаёмыя-родзічы, якія маюць уласны ўчастак і змогуць падзяліцца з вамі кропам і пятрушкай. Тым жа, у каго такіх памагатых няма, шлях адзін – на рынак. Тут зяленіва можна набыць па цане ад трох да пяці тысяч рублёў за пучок. Усе неабходныя прыправы  ёсць у магазіне "Гермес”. Напрыклад, лаўровы ліст,  які таксама патрабуецца пры засолцы, каштуе 3450 – 5700, перац (гарошак) – 5950, гваздзіка – 8650, карыандр – 2 500, ёсць і іншыя прыправы, каму што больш да душы.Тут жа  можна  набыць і дзевяціпрацэнтны воцат – 10100 за літр. Ёсць і цукар – па 7500 і 8000 рублёў за адзін кілаграм.   Праўда, на наступны  дзень  многіх пакупнікоў  чакаў сюрпрыз – цукар падаражаў. На шчасце,  не вельмі  істотна.  У пятніцу, 12 ліпеня, яго цана была  7900 і 8400. Ёсць  у  магазіне  і ёдаваная соль – 1800 за кілаграм. А вось буйной, каменнай, якую часцей за  ўсё выкарыстоўваюць  пры  засолцы, адшукаць не змагла. Кажуць, гэта заканамернасць, якая паўтараецца кожны нарыхтоўчы сезон.  Сюды ж трэба дадаць, у залежнасці ад рэцэпта, часнок, цыбулю, моркву – іх таксама можна набыць і ў магазінах, і на  рынку.  Ёсць у неабмежаванай колькасці.


БЛІЦ-АПЫТАННЕ


А што думаюць на гэты конт астраўчане? Што танней: купіць у магазіне ці зрабіць нарыхтоўкі  самім? І як паступаюць яны? Пра гэта мы паспрабавалі даведацца на вуліцах горада.


Наталля: Сваёй дачы я не маю. Але маці і свякроў садзяць агарод – і агуркі, памідоры, кабачкі, ягады прывозяць нам. Мне застаецца толькі памыць слоікі, скласці ў іх гародніну і закрыць. Затое, якую асалоду атрымліваеш! А калі рабіць усё гэта яшчэ і сям’ёй, то атрымаеш вялікае задавальненне, і праца будзе спорыцца.


Таццяна: Я ніколі не разумела людзей, у якіх летам пачынаецца “гонка” – наставіць як мага больш кампотаў, варэнняў, саленняў. Як па мне, дык гэта нікому не патрэбнае гублянне часу. Сёння ўсе неабходнае можна набыць у магазіне.


Дзіма: У мяне ніколі нават думка не з’яўлялася, што можна што-небудзь ставіць, кансерваваць дома. Заўсёды, сокі, агуркі, памідоры, джэмы наша  сям’я купляла ў магазінах. Калі гэтай вясной аднакласнік пачаставаў бярозавым сокам і спытаў, колькі слоікаў бярозавага соку паставіла мая маці, то я здзівіўся: што значыць “паставіла”?


Алена: Канешне, саленні-варэнні – гэта добрае падспор’е для сямейнага бюджэту – але ў тым выпадку, калі ўсе прадукты вырошчваеш на ўласным агародзе ці на дачы. Хаця і з гэтым можна паспрачацца. Кошт  насення ці расады, плёнкі для цяпліцы, пасадка, праполка, паліўка, збор ураджаю… Усё гэта час і грошы. Адно суцяшае – мне здаецца, што памідоры і агуркі, пастаўленыя сваімі рукамі, яшчэ і з любоўю, нашмат смачнейшыя, чым набытыя ў магазіне.


Даша: Сям’я ў нас шматдзетная. Таму варэнняў-саленняў ставім шмат. Ёсць уласны агарод, ягады і грыбы ўсёй сям’ёй збіраем у лесе. Напэўна, гэта ўжо ў  крыві: варэнні, джэмы, марынаваныя памідоры, агуркі, грыбы заўсёды ставіла бабуля, потым – маці, а цяпер – я…


ШТО МАЕМ?


Возьмем самы просты рэцэпт і паспрабуем палічыць выдаткі на кансерваванне аднаго трохлітровага слоіка памідораў. Нават калі ўлічыць, што на адзін трохлітровы слоік спатрэбіцца прыкладна 1,5 кілаграма памідораў,  крыху зяленіва, 2-3 перчыкі, лаўровага  ліста, па некалькі грамаў  солі, цукру  і  воцату – атрымліваецца  прыблізна 25 тысяч рублёў. Выходзіць,  самім рабіць “закаткі” танней. А з улікам таго, што бліжэй да восені агуркі і памідоры стануць больш танныя, то непараўнальна больш выгадна зрабіць запасы на зіму ўласнымі рукамі. Але  калі дадаць  да  ўсяго  вышэй пералічанага кошт  слоіка,  накрыўкі, машынкі для закатвання, то атрымаецца амаль аднолькавая  з магазінамі  цана. Ну, можа, крышку танней. Адзінае,  што прыгатаванае ўласнымі рукамі значна смачней. Хаця, зноў жа, – на густ і колер таварышаў няма. А з іншага боку – у прадукцыі хатняй “кансервавай” фабрыкі  ёсць  уласцівасць  час ад часу “ўзрывацца” – у магазінных якасць гарантуецца шматступенчатым кантролем.Такім чынам, што смачней і танней – закатваць  памідоры-агуркі  самім  ці  набываць у магане - кожны вырашае сам.


_________________________


Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.


Фота аўтара.