"Журналистское расследование". Какой парикмахерской отдать предпочтение - решать вам

11:00 / 13.06.2013
7


У Астраўцы існуе восем прыватных цырульняў і адна дзяржаўная (пры камбінаце бытавога абслугоўвання). Тым, хто не вызначыўся з майстрам і цырульняй, давядзецца падумаць, на якой з васьмі спыніцца. Мы вырашылі правесці ўласнае журналісцкае расследаванне і выявіць найлепшую цырульню па шэрагу паказчыкаў: спектру паслуг, цане, санітарна-гігіенічных ўмовах, культуры зносін з кліентамі, вопыту цырульнікаў.

“ФЭЙС-КАНТРОЛЬ”


“Сустракаюць па адзежы, а праводзяць па розуму” – прымаўка, якая спрацоўвае і ў жыцці. Пагадзіцеся, кліентам непрыемна бачыць “халодны” прыём і кіслыя твары работнікаў. Прасцей за такія ж грошы выбраць іншую цырульню і майстра, які будзе паважліва ставіцца да кліента.
Што тычыцца знешняга выгляду цырульнікаў, то майстры і прыватных, і дзяржаўнай цырульні выглядаюць, як з вокладкі глянцавага часопіса. А вось прыём і “твар” памяшканняў розняцца між сабой. Ва ўсіх цырульнях, якія належаць уласнікам, спецыялісты сустракаюць кліентаў з усмешкай на твары і добразычліва ставяцца з першых хвілін знаходжання кліента на іх тэрыторыі. У дзяржаўнай цырульні мяне сустрэлі збянтэжана, і давялося пачакаць адказаў на пытанні ладных паўгадзіны.
Аўтарскім афармленнем інтэр’ера вылучаецца “Сакура”: памяшканне цалкам выканана ва ўсходнім стылі. Кліент, пакуль чакае сваёй чаргі, можа выпіць кубачак кавы або гарбаты. Цырульню “У Таццяны” адрознівае ўтульнасць: здаецца, што сядзіш не ў цырульніцкім крэсле, а знаходзішся дома: паўсюль зелянеюць вазоны. “Валерыя”, “Вераніка”, “ЭллаАнна” прывабліваюць кліентаў прафесійнасцю майстроў – хоць у апошняй цырульні, як па мне, не хапае святла. На сцяне “Залатой рыбкі” “плавае” гэтая самая рыбка, быццам запэўніваючы ў тым, што майстры выканаюць на вышэйшым ўзроўні кожнае жаданне кліента. Дзяўчына з меднымі доўгімі валасамі, намаляваная на адной з унутраных сцен у “Дэмідзе”, і добразычлівасць майстроў, аднак, не пазбавілі дрэннага ўражання, якое склалі санітарна-гігіенічныя ўмовы: не першай свежасці ручнікі і спецыяльнае адзенне цырульнікаў.



МАЙСТАР НА ЎСЕ РУКІ







Аб узроўні майстэрства цырульніка гаворыць яго разрад, які вар’іруецца ад 1 да 6.
Большасць астравецкіх цырульнікаў мае 4 разрад. У цырульні КБА, “Дэміда”, “У Таццяны” працуюць майстры з 5 разрадам.
Цырульнік 5 разраду ўмее выконваць складаныя віды работ з добрай якасцю. Аднак у адрозненні ад цырульніка 6 разраду (мадэльера) не заўсёды можа справіцца з падборам індывідуальнай прычоскі для кліента. Яго работа носіць універсальны характар і зроблена з добрай тэхнічнай якасцю. У Астраўцы няма высокакваліфікаванага спецыяліста з 6 разрадам, які ўмее выконваць усе віды цырульніцкіх работ і ствараць новыя тэхналогіі ў адпаведнасці з тэндэнцыямі моды і індывідуальнымі асаблівасцямі кліентаў, праводзіць майстар-класы. Пагэтаму ў нашым горадзе адсутнічае салон прыгажосці, дзе, згодна з нарматыўнай дакументацыяй, увесь персанал павінен мець выключна 5 і 6 разрады.
Ва ўсіх цырульнях мяне запэўнілі, што кожны майстар наведвае семінары і майстар-класы для павышэння ўласнай кваліфікацыі. Аднак яскравы доказ сказанага – сертыфікаты на сцяне – я ўбачыла толькі ў “Залатой рыбцы” і ў “У Таццяны”.

СПЕКТР ПАСЛУГ І “НУЛІКІ”







У склад цырульніцкіх паслуг уваходзіць: афарбоўка валасоў, іх змыўка, асвятленне, стрыжка, укладка, лячэбныя працэдуры, прычоскі… Адным словам, чаго б толькі ні пажадала душа!
Біяламініраванне валасоў робяць у “ЭллаАнне” і “Залатой рыбцы”. Лячэбныя маскі, бальзамы прапаноўваюць ва ўсіх цырульнях для таго, каб кучаравінкі хутчэй аднаўляліся. Хоць адзін з цырульнікаў па сакрэту паведаміў, што бальзам можна нанесці і ў хатніх умовах. І эфект той жа, і грошы зэканоміш!
У “Сакуры” прапануюць антыстрэсавыя працэдуры – ажыўленне валасяных цыбулін пры іх разбурэнні з-за стрэсаў і перажыванняў. Інавацыйны сродак па аздараўленню і выпрамленню валасоў – бразільскае выпрамленне. Трымаецца яно на валасах да 3 тыдняў. Карвінг, або доўгатэрміновая ўкладка валасоў, дазваляе эканоміць час: не трэба раней прачынацца, каб укласці валасы. Карвінг робіцца без хімічных сродкаў і сыходзіць з валасоў, не траўміруючы іх, праз 6-8 тыдняў.
Меліраваннем і каларыраваннем валасоў цяпер нікога не здзівіш. Падабраць і адрэгуляваць колер ад каранёў да кончыкаў з дапамогай прафесійнай фарбы могуць ў “Сакуры”, “У Таццяны”, а са сваёй фарбай можна прыйсці да іншых майстроў.
Для таго, каб параўнаць кошты ў цырульнях, мы выбралі асноўныя віды паслуг: мужчынская стрыжка, жаночая стрыжка валасоў сярэдняй даўжыні, дзіцячая стрыжка і вячэрняя прычоска.
Дзешавей за ўсё мужчыны могуць падстрыгчыся ў “Валерыі”, у цырульні КБА, “ЭллаАнне” і ў “Дэмідзе”: гэта ім абыдзецца ад 25000 да 30000 рублёў. У “Сакуры”, “Залатой рыбцы”, “Вераніцы” і “У Таццяны” мужчынская стрыжка будзе каштаваць 30 тысяч рублёў.
Укараціць даўжыню валасоў за 45-50 тысяч рублёў можна ў “ЭллаАнне”, “Демідзе” і “Вераніцы”. Ад 40 да 60 тысяч гэтая паслуга будзе каштаваць у “Валерыі”, “Залатой рыбцы” і “У Таццяны”. Цырульня камбіната бытавога абслугоўвання прапаноўвае пакараціць валасы за 45-80 тыс., як і “Сакура”.
Вашу дачку або сына за 20-25 тысяч рублёў пастрыгуць у цырульні КБА, “Валерыі”, “Сакуры”, ЭллаАнне” і “Вераніцы”. Даражэй на 5 тысяч гэтая паслуга будзе каштаваць у “Дэмідзе” і “Залатой рыбцы”. Аднолькавы прэйскурант і на вячэрнія прычоскі, але тут многае залежыць ад складанасці тэхнікі і даўжыні валасоў.
Бачна, што цэны на асноўныя віды цырульніцкіх паслуг ва ўсіх цырульнях практычна супадаюць. Аднак варта чакаць, што неўзабаве цэны вырастуць, таму што павялічылася арэндная плата для прыватных цырульняў.

З БЛАНДЗІНКІ Ў БРУНЕТКУ?







На якія толькі хітрыкі не ішлі нашы мамы і бабулі, каб прыгожа выглядаць! У часы СССР хадзілі з аднолькавымі галовамі: “хімічная” завіўка была самым папулярным відам цырульніцкіх паслуг. Для таго, каб валасы набылі форму завіткоў, жанчыны разбуралі свае валасы хіміяй. З дапамогай перакісу вадароду станавіліся падобнымі да бялявай Мэрылін Манро...
Мода – капрызлівая дама, і часам мяняецца з подыхам ветру, аднак класіка ва ўсе гады застаецца класікай. Па словах знаёмага майстра аднаго з гарадскіх салонаў прыгажосці, у апошні час назіраецца тэндэнцыя, калі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва намагаюцца вярнуць свой прыродны колер валасоў. Модна, каб валасы, нягледзячы на іх даўжыню, мелі здаровы выгляд і натуральнасць.
Мае валасы натуральнасцю не вылучаюцца. Для таго, каб атрымаць прафесійную параду майстра, у кожнай цырульні я задавала адно і тое ж пытанне: як вярнуць штучнай бландзінцы ўласны колер валасоў? У цырульні Дома быту і “Дэмідзе” параілі “змыўку” валасоў, але такую працэдуру гэтыя цырульні не аказваюць. Майстры “Валерыі” і “Сакуры” запэўнілі, што могуць вярнуць усім жадаючым натуральны колер валасоў. Майстар “Залатой рыбкі” прызналася, што пытанне складанае, з разраду рытарычных.



– Калі жанчыны фарбуюць валасы, яны не прыходзяць раіцца, – гаворыць Аксана Шадура. – А калі хочуць вярнуць прыродны колер – настойваюць на жаданым выніку. Даводзіцца адмаўляць, калі няўзброеным вокам бачна, што зрабіць гэта не атрымаецца.
Майстар “Веранікі” расказала, для што “змыўкі валасоў” выкарыстоўваюцца моцнадзеючыя прэпараты, якія могуць пашкодзіць валасы. Жанчына шчыра параіла: лепш паступова адрасціць іх. Такога меркавання прытрымліваюцца і майстры, што працуюць “У Таццяны”. На іх думку, пашкоджаныя валасы пры гэтай працэдуры атрымаюць вялікую нагрузку і стрэс. Майстар “У Таццяны” да таго ж падзялілася досведам пра апошнія модныя тэндэнцыі ў індустрыі прыгажосці. Старажытная Грэцыя смела ступае ў ХХІ стагоддзе са сваімі высокімі прычоскамі і так званымі smoky eyes (кашачымі вачамі).
…За дзень я абышла 8 цырульняў. І ўсе майстры адказвалі на мае пытанні працуючы: фарбавалі валасы і вейкі, стрыглі, рабілі завіўку… Усе цырульнікі працуюць па запісе, каб не ўтвараліся чэргі, але не паспее падняцца з крэсла толькі што пастрыжаны чалавек, як дзверы расчыняе новы кліент. І так кожны дзень…
Аднак, калі ўзнікне жаданне абнавіць прычоску ў нядзелю пасля абеду ці ў панядзелак раніцай прыйсці на працу з прафесійнай укладкай, – гэта ў вас наўрад ці атрымаецца. Многія кліенты скардзяцца, што рэжым працы цырульняў іх не задавальняе... Магчыма цырульнікам варта прыслухацца?
Вызначыцца з найлепшай цырульняй нашага горада ў мяне не атрымалася. Цырульня КБА бясплатна абслугоўвае інвалідаў і ветэранаў вайны. У “Сакуры” можна зрабіць доўгатэрміновую ўкладку (карвінг) або бразільскае выпрамленне валасоў. Цырульня “У Таццяны” з парога дорыць адчуванне ўтульнасці. Майстры “Валерыі” знойдуць падыход да любога кліента. На людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту арыентавана “Вераніка” і, як прызналася кліентка паважанага ўзросту гэтай цырульні: “Калі хочаш, каб табе дагадзілі – прыходзь у цырульню ў лазні”. На свае вочы пабачыць (а не толькі пачуць) пра дасягненні майстроў можна ў “Залатой рыбцы”: акуратна развешаныя сертыфікаты гарманічна ўпісваюцца ў інтэр’ер. У “Дэмідзе” – аўтарскі распісаная сцяна памяшкання і працуе майстар 5 разраду, а ў “ЭллаАнне” можна паглядзець тэлевізар, пакуль чакаеш сваёй чаргі.

-----------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.