Съездим в Минск без проблем?
12:00 / 02.06.2013
1
Самая абмяркоўваемая сярод астраўчан падзея апошніх дзён мая – змяненне раскладу руху цягнікоў. Бяды не было б, каб толькі змяніўся расклад. Уся праблема заключаецца ў тым, што хуткасныя цягнікі № 15/16 і № 37/38 “Вільнюс – Мінск”, “Мінск – Вільнюс” цяпер спыняюцца на станцыі Гудагай толькі для таго, каб у іх маглі сесці пагранічнікі, мытнікі і ветэрынарная служба для праверкі пасажыраў, якая з 26 мая ажыццяўляецца падчас руху цягніка з Гудагая ў Маладзечна і ў адваротным накірунку.І асноўныя пытанні, якія сёння турбуюць астраўчан: чаму так адбылося і як цяпер дабірацца ў Мінск?
Па каментарыі мы звярнуліся да кіраўніцтва Беларускай чыгункі.
– Справа не ў тым, што мы не хочам браць пасажыраў, – адказвае намеснік начальніка аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Канстанцін Мікалаевіч Баяр, –Усё гэта было зроблена для таго, каб развесці пасажырапатокі – і гэта было адно з патрабаванняў кантралюючых органаў.
З 26 мая час цягніка “Вільнюс – Мінск” у шляху скараціўся з 3 да 2,5 гадзін. Гэта скарачэнне – другі этап рэалізацыі праекта па арганізацыі хуткаснага чыгуначнага пасажырскага злучэння паміж Мінскам і Вільнюсам. Першы этап яго быў рэалізаваны ў 2011 годзе – тады былі адменены некаторыя прыпынкі, і час руху цягніка скараціўся з 4 да 3 гадзін. А гэта, у сваю чаргу, прывяло да павелічэння папулярнасці названага чыгуначнага маршруту ў пасажыраў.
Дарэчы, для тых, хто едзе гэтымі цягнікамі з Гудагая ў Вільнюс, праблем ніякіх не ўзнікла – яны, як і раней, з камфортам могуць дабрацца да сталіцы Літоўскай Рэспублікі і вярнуцца ў Гудагай.
– Больш таго, – зазначылі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгуначнай дарогі, – калі раней паміж Мінскам і Вільнюсам па будніх днях хадзілі дзве пары цягнікоў, а па выхадных днях – тры, то з 26 мая курсіруюць тры і чатыры пары цягнікоў адпаведна.
Праблема руху хуткасных цягнікоў “Вільнюс – Мінск” і “Мінск – Вільнюс” ужо падымалася на старонках “Астравецкай праўды” ў журналісцкім расследаванні “Будзем ездзіць з камфортам? Ці перасядзем на дызель-цягнікі” (№ 29 за 17 красавіка). Тады пытанне руху гэтых міжнародных цягнікоў так і засталося адкрытым – ніякіх каментарыяў ад рэспубліканскага кіраўніцтва Беларускай чыгункі мы не атрымалі.
Што ж маем цяпер?
– Ніякіх праблем быць не павінна. Дабрацца ў Мінск і вярнуцца з яго ёсць на чым, – сказала начальнік чыгуначнай станцыі Гудагай Валянціна Аляксееўна Бенахомская. – Адзіная праблема, з якой нашы пасажыры не хочуць мірыцца, – гэта тое, што цяпер дабрацца з Гудагая да Мінска за 1 гадзіну 48 хвілін не атрымаецца.
Сапраўды, калі быць шчырымі, то нічога трагічнага ў гэтай сітуацыі не адбылося. Дабіраліся ж некалі мы, нашы мамы-таты да Мінска на дызель-цягніках ды электрычках з перасадкамі ў Маладзечне больш чым за 4 гадзіны – і нічога.
Сёння сітуацыя значна лепшая – у тым плане, што цягнікоў на самой справе хапае. Нават нягледзячы на тое, што мы не зможам падсесці ў цягнікі №15/16 і №37/38, даехаць у Мінск і вярнуцца з яго ёсць на чым. І ў асноўным большасць пасажыраў сёння не задавальняе толькі час іх адпраўлення і кошт білетаў.
Звернемся да раскладу і паглядзім, чым сёння можна дабрацца да сталіцы нашай краіны і вярнуцца з яе ў Гудагай.
Па суботах і нядзелях, як і раней, будзе курсіраваць цягнік №202 “Вільнюс-Мінск” адпраўленнем з Гудагая ў 22.39 і №201 “Мінск-Вільнюс”, які адпраўляецца з Мінска ў 8.45 і прыбывае ў Гудагай у 10.51. Дарэчы – гэту інфармацыю пацвердзілі ў прэс-цэнтры – з 1 чэрвеня з Мінска ў 8.45 адправіцца мадэрнізаваны дызель-цягнік – для пасажыраў у ім будуць створаны найлепшыя ўмовы.
Штодзень паміж Мінскам і Вільнюсам будуць курсіраваць прамыя цягнікі №13, №14. З Мінска гэты цягнік будзе адпраўляцца ў 10.18. Адпраўленне з Гудагая ў Мінск – у 15.57 (літоўскі састаў) – аднак, па чутках, білет на яго будзе каштаваць каля 60000 тысяч рублёў – і нават пры такім кошце ў продаж яны амаль не паступаюць. Кошт білета, канешне, дастаткова высокі – і не кожны студэнт зможа дазволіць сабе ездзіць дамоў на выхадныя.
– Білеты на цягнік “Вільнюс– Мінск” адпраўленнем з Гудагая ў 15.57 былі. Праўда, у продаж яны паступілі толькі пасля таго, як цягнік адправіўся з Вільнюса.Каштавалі 53300, – паведаміла нам касір білетнай касы чыгуначнага вакзала ў Гудагаі ў нядзелю (26 мая) вечарам.
Чуткі пра тое, што адмяняецца прамы дызель-цягнік “Гудагай-Мінск” не пацвердзіліся. Ён, які раней, ходзіць кожны дзень, толькі нязначна змяніўся час адпраўлення. Так, раніцай ён адпраўляецца з Гудагая ў 8 гадзін і даставіць вас да Мінска ў 10.41. Вечарам з Гудагая цягнік будзе адпраўляцца ў 20.33 і ў 23.12 вы ці вашы дзеці будуць ужо ў Мінску. Такія ж дызель-цягнікі будуць хадзіць з Мінска ў Гудагай у 6.10 раніцы і 17.55 вечара і адпаведна ў 09.08 і 20.52 вы ўжо будзеце ў Гудагаі.
Нічога не змянілася і ў руху дызель-цягнікоў, якія следуюць да Маладзечна, – адпраўляюцца са станцыі Гудагай яны ў 05.39, 09.36, 10.43, 15.25 (па выхадных днях), 17.58 і 21.23.
Акрамя вышэй пералічаных цягнікоў, захаваліся цягнікі міжнароднага следавання, кшталту “Калінінград-Масква” ці “Масква-Вільнюс”, якімі таксама можна дабрацца ў Мінск і вярнуцца з яго.
Дарэчы, ужо на мінулым тыдні на чыгуначным вакзале Гудагай была размешчана інфармацыя аб тым, што на цягнікі № 15, 16, 37 і 38 няма пасадкі – таму ўсе грамадзяне былі папярэджаны і ніякіх непрыемных сітуацый не павінна было ўзнікнуць.
Больш таго: у нядзелю, 26 мая, для камфорту пасажыраў, якім тэрмінова неабходна было дабрацца да Мінска, да цягніка “Вільнюс – Масква” адпраўленнем з Гудагая ў 19.14, быў прычэплены дадатковы вагон. Білет у ім каштаваў 20400 беларускіх рублёў. Шкада толькі, што такое новаўвядзенне было зроблена толькі на адзін дзень. Магчыма, такі выхад задаволіў бы пасажыраў.
Яшчэ лепшым выхадам для астравецкіх пасажыраў стала б і тое, калі б да цягнікоў № 15, 16, 37 і 38 “Мінск – Вільнюс”, “Вільнюс – Мінск” можна было б прычапіць адзін дадатковы вагон менавіта для тых пасажыраў, якія адпраўляюцца з Гудагая ў Мінск ці едуць з Мінска ў Гудагай – ніякага змяшэння пасажырапатоку тады не адбылося і астраўчане з камфортам маглі б ездзіць на вучобу ці па сваіх справах. Праўда, наўрад ці такое магчыма.
А што думаюць на гэты конт жыхары Астравеччыны і іншых рэгіёнаў, якім па тых ці іншых прычынах даводзіцца ездзіць цягнікамі?
Кацярына Сяркова, мінчанка:
– Я вельмі абурана такім становішчам. Калі раней дабрацца да Гудагая было вельмі проста, хутка і танна, то цяпер стане больш складана. Яшчэ кажуць, што білет будзе каштаваць каля 60 тысяч – не ўсе змогуць скарыстацца такой паслугай. І як вынік, давядзецца ездзіць дызель-цягнікамі.
Ігар Сінкевіч, навучэнец Маладзечненскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа:
– Я вучуся ў Маладзечна, і новаўвядзенне на мяне ніяк не паўплывала. У Мінск я езджу даволі рэдка, а ў Маладзечна дабіраюся ў асноўным на дызель-цягніках. А вось у маіх аднакласнікаў, якія цяпер вучацца ў Мінску, настрой не вельмі радасны. Раней у Мінск на вучобу яны дабіраліся вельмі хутка і з камфортам, цяпер ехаць давядзецца даўжэй.
Аляксей Мароз, астраўчанін:
– Я вучуся ў Беларускім дзяржаўным агратэхнічным універсітэце. І калі ехаў дамоў і назад у Мінск, то карыстаўся хуткаснымі цягнікамі “Вільнюс – Мінск”, “Мінск – Вільнюс” – гэта задавальняла ўсіх: хутка, прымальны кошт білета, камфортна. Зразумела, што цяпер будзе больш складана. Радуе хаця б тое, што не адмянілі прамы дызель-цягнік, якім можна дабрацца да Мінска.
Марына Трусевіч, г. Мінск:
– Звычайна да бацькоў я прыязджаю на машыне. Але здараецца, што даводзіцца карыстацца цягнікамі. У такім выпадку, як правіла, ездзіла на хуткасным “Мінск – Вільнюс”. Атрымлівалася вельмі добра і, што немалаважна, – хутка. Пра тое, што адмяняецца пасадка, даведалася ў суботу – і была непрыемна здзіўлена. На мой погляд, гэта не апраўдана. І многім такое новаўвядзенне прыйдзецца недаспадобы.
Ды і назад у Мінск цяпер давядзецца ехаць дызель-цягніком.
____________________
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота аўтара.