Сколько островчанам придется платить за газ и электричество?

17:45 / 08.02.2013
3

Адразу дзве пастановы Савета Міністраў уступілі ў сілу з 1 лютага бягучага года. Так, згодна з пастановай Савета Міністраў №52 ад 23 студзеня 2013 года з 1 лютага ўведзена дыферэнцыраваная аплата за электраэнергію і газазабеспячэнне.
З 1 лютага ўсіх жыхароў Беларусі чакаў яшчэ адзін сюрпрыз – на 18% павялічыліся тарыфы на электраэнергію. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета Міністраў №63 ад 26 студзеня 2013 года. Такім чынам, у нашай краіне з 1 лютага ўводзіцца дыферэнцыраваная аплата за электраэнергію і газ. Гэта значыць, што ў сакавіку за люты мы будзем плаціць за газ і электрычнасць у залежнасці ад таго, колькі іх выкарыстаем.
Тэма аплаты за электраэнергію і газ па дыферэнцыраваных тарыфах абмяркоўвалася даўно. Думкі на гэты конт выказваліся розныя – прапаноўвалі ўстанавіць льготныя аб’ёмы ў залежнасці ад часу года і колькасці людзей, якія прапісаны ў кватэры. Былі думкі і наконт таго, каб проста паступова павялічваць тарыфы да поўнага кошту электраэнергіі.
У выніку было вырашана ўвесці дыферэнцыраваную аплату за электра- і газапаслугі, але плаціць больш ці менш мы будзем у залежнасці ад аб’ему выкарыстанай электраэнергіі і газу.



Колькі будзем плаціць за электрычнасць?

Згодна з пастановай устанаўліваецца трохступенчатая сістэма тарыфаў у залежнасці ад аб’ёмаў выкарыстання электраэнергіі.
Грамадзяне, якія жывуць у дамах, дзе ўстаноўлены электрычныя пліты, будуць кампенсаваць 38,6% кошту электраэнергіі.
Пры выкарыстанні 250 кВ.г электраэнергіі ў месяц аплата будзе налічвацца па тарыфах, устаноўленых дзяржавай. З 1 лютага яе кошт складае 324,9 руб./кВт.г (да гэтага складаў 274,4 рубля). Пры выкарыстанні ў месяц ад 250 да 400кВт.г грамадзяне будуць плаціць па ўстаноўленых тарыфах з прымяненнем павышаючага каэфіцыента 1,3. На сёння гэта 422,4 рубля за 1 кВт.г. Пры расходзе больш за 400 кВт.г за спаленую электраэнергію будзем плаціць 841,7 рубля за 1 кВт.г (на сённяшні дзень гэта рэальны кошт электраэнергіі).
У дамах і кватэрах, дзе ўстаноўлены газавыя пліты, уведзены іншыя дыферэнцыраваныя тарыфы і расцэнкі на іх. Пры расходзе ў месяц да 150 кВт.г – гэта “льготны” аб’ём электраэнергіі – за яе небходна будзе заплаціць 382,4 рубля за 1 кВт.г (было 323 рублі). Калі ў вас “нагарыць” ад 150 да 300 кілават-гадзін, гэта колькасць электраэнергіі будзе аплачвацца па павышаным тарыфе – 497,1 рубля за 1 кВт.г. Калі ў месяц выйдзе больш за 300 кВт.г, то грамадзяніну давядзецца поўнасцю аплачваць затраты дзяржавы на вытворчасць электраэнергіі – а гэта 841,7 рубля за 1 кВт.г. Дарэчы, сёння насельніцтва, якое карыстаецца газавымі плітамі, кампенсуе толькі 45,4% кошту электраэнергіі.
Для грамадзян, чые дамы не абсталяваны электраплітамі і сістэмамі гарачага водазабеспячэння і забеспячэння прыродным газам, пры выкарыстанні да 300 кВт.г прадугледжана аплата па базавым тарыфе (382,4 рубля), звыш 300 кілават – па тарыфах з павышаючым каэфіцыентам 1,3 (497,1).



Падлічым на прыкладах

Сям’я з чатырох чалавек жыве ў двухпакаёвай кватэры. У кватэры ёсць газавая пліта, халадзільнік, мікрахвалёўка, пральная машына, камп’ютар, тэлевізар. Дарэчы, ва ўсёй кватэры ўстаноўлены энергазберагальныя лямпачкі. І нягледзячы на гэта, у сярэднім сям’я “напальвае” 250 кВт.г.
Напэўна, прычына ў тым, што ў сям’і выхоўваюцца маленькія дзеткі – мама знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці і зыходзячы з гэтага, часта карыстаецца пральнай машынкай, мікрахвалёўкай, газавай плітой.
За льготныя кілаваты – а гэта 150 кВт.г – сям’я заплаціць па базавым тарыфе – 382,4 руб/кВт.г, астатнія 100 кілават будуць палічаны па 497,1 рубля за 1 кВт.г. Атрымліваецца, што за месяц сям’і давядзецца заплаціць 107070 рублёў.
Другі прыклад. У двухпавярховым доме пражываюць дзве сям’і, агульная колькасць жыхароў 6 чалавек. У доме ёсць газавая пліта, мікрахвалёўка, тры тэлевізары, камп’ютар, два халадзільнікі, пральная машына. За месяц жыхары дома расходуюць у сярэднім 390 кілават электраэнергіі.
Гэта значыць, што за 150 кілават яны будуць плаціць па 382,4 руб./кВт.г, наступныя 150 кілават па 497,1 руб./кВт.г, а астатнія 90 кілават па поўнай цане – гэта значыць, па 841,7 руб./кВт.г.
Падлічым і атрымаем, што за спажытую электраэнергію давядзецца заплаціць 207680 рублёў.



На каго дыферэнцыраваная сістэма аплаты за электраэнергію не распаўсюджваецца?

Пералічаны вышэй парадак аплаты не распаўсюджваецца на шматдзетныя сем’і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу; сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, і ў якіх абодва бацькі (адзін бацька ў няпоўнай сям’і) з’яўляюцца інвалідамі І і ІІ групы, а таксама поўныя сем’і, у якіх адзін з бацькоў – інвалід І групы, а другі даглядае за ім і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную дзяржавай; няпоўныя сем’і, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід; грамадзяне, якія ажыццяўляюць разлікі за электраэнергію па ўстаноўленых у адпаведнасці з заканадаўствам дыферэнцыраваным па часавых перыядах тарыфах. Гэта тое насельніцтва, у каго ўстаноўлены “разумныя” лічыльнікі – прыборы ўліку, якія разлічваюць расход электраэнергіі ў залежнасці ад часу сутак. Гэтых людзей чакаюць іншыя тарыфы.
Пастанова таксама не распаўсюджваецца на аб’ёмы электрычнай энергіі, выкарыстанай стацыянарна ўстаноўленнымі электрапрыёмнікамі (электракатламі) з падключанай магутнасцю больш 5 кВт. для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Сюрпрыз чакае і тых грамадзян, у каго не ўстаноўлены лічыльнікі электраэнергіі. З 1 ліпеня гэтыя абаненты пачнуць аплачваць поўны кошт затрачанай электраэнергіі – гэта значыць, 1 кВт. для іх будзе каштаваць 841,7 рубля. А пакуль што за спажытую электраэнергію яны будуць аплачваць па базавых тарыфах.
Праўда, як паведамілі ў Астравецкім раёне электрычных сетак, такіх жыхароў на Астравеччыне няма. (Больш падрабязную інфармацыю па аплаце паслуг за электраэнергію можна атрымаць у Астравецкім РЭС).



Колькі каштуе газ?

З 1 лютага ўводзіцца і дыферэнцыраваная аплата за газ для тых, у каго ў дамах ці кватэрах стаяць газавыя ацяпляльныя катлы і прыборы індывідуальнага ўліку расходу газу. Тут сітуацыя нечым падобная да дыферэнцыраваных паслуг за аплату электраэнергіі.
Цяпер за газ мы будзем плаціць у залежнасці ад гадавога аб’ёму яго выкарыстання. Так, пры выкарыстанні да 3 тысяч метраў кубічных газу прадугледжана аплата па цэнах, устаноўленых заканадаўствам. На сёння гэта 358,8 рубля ў ацяпляльны перыяд, і 933,6 рубля ў летні перыяд. Пры выкарыстанні ад 3 тысяч да 5,5 тысячы куб.м. газу ў год – выкарыстаныя кубаметры будуць аплачвацца з павышаным каафіцыентам 1,3. Гэта значыць – па цане 466,4 рубля ў ацяпляльны перыяд і 1213,7 – у летні перыяд. У выпадку, калі за год вы зрасходуеце больш за 5,5 тысячы кубаметраў газу, “перабор” давядзецца аплачваць па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё расходаў – гэта 2095,1 рубля.
У дыферэнцыраванай сістэме аплаты за газ таксама ёсць выключэнні. Гэты парадак аплаты не распаўсюджваецца на шматдзетныя сем’і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу; сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, і ў якіх абодва бацькі (адзін бацька ў няпоўнай сям’і) з’яўляюцца інвалідамі І і ІІ групы, а таксама поўныя сем’і , у якіх адзін з бацькоў – інвалід І групы, а другі ажыццяўляе догляд за ім і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную дзяржавай; няпоўныя сем’і, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід.
У выпадках, калі будзе выяўлена заніжэнне аб’ёмаў выкарыстання газу, розніца паміж аплачаным і выяўленым аб’ёмам будзе аплачвацца па ўстаноўленых заканадаўствам цэнах на газ, якія забяспечваюць поўную эканамічную аплату затрат на аказанне паслуг газазабеспячэння.
Згодна са статыстыкай, 20% абанентаў нашага раёна ўкладваюцца ў 3000 кубаметраў у год. 77% абанентаў расходуюць ад 3000 да 5500 кубаметраў газу. І адзінкі – звыш 5500 кубаметраў.
(Больш падрабязную інфармацыю па ўведзенай у рэспубліцы сістэме дыферэнцыраванай аплаты паслуг газазабеспячэння ў залежнасці ад аб’ёму іх выкарыстання можна атрымаць у ВУ «Астравецрайгаз» і на на афіцыяльных сайтах http://www.topgas.by, http://www.gasgrodno.by, або па тэлефонах 80152-790116, 80152-790112).
Для льготных катэгорый грамадзян кошт электраэнергіі і газу будзе разлічвацца ў адпаведнасці з заканадаўствам.


-----------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.