Журналистское расследование "АП": чтобы "цифра" пришла в дом

15:43 / 11.12.2012

Нашы чытачы, напэўна, не раз чулі пра змены ў вяшчанні тэлевізійных перадач – пераход з аналагавага вяшчання на лічбавае. Як і пра тое, што гэты працэс у нашай краіне завершыцца ў 2015 годзе. Але, як паказвае практыка, не ўсім яшчэ зразумелы практычныя пытанні пераходу на такі фармат, а некаторыя ўвогуле не думаюць пра гэта.
Хаця ўжо цяпер многія заўважылі знікненне літоўскіх і польскіх каналаў з экранаў сваіх тэлевізараў, якія раней трансліраваліся ў нашым раёне. Пасля гэтага многія жыхары пачалі звяртацца ў рэдакцыю з пытаннямі: што здарылася і што рабіць? Больш “прасунутыя” сталі цікавіцца, дзе ў Астраўцы можна набыць цюнар ці рэсівер лічбавага тэлебачання, з дапамогай якіх можна глядзець тэлеканалы ў лічбавым вяшчанні.
Менавіта гэтыя пытанні і паклікалі карэспандэнта газеты ў падарожжа па астравецкіх магазінах.




Што і колькі?

Першым па дарозе аказаўся магазін “Вернісаж”. Да радасці пакупнікоў хачу паведаміць: тут можна набыць цюнар вытворчасці “Віцязь”, які каштуе амаль 650 тысяч беларускіх рублёў. Праўда, як паведамілі ў магазіне, большасць пакупнікоў пакуль што толькі пытаецца аб наяўнасці лічбавых прыставак, а набываюць іх адзінкі.
Пакупнікоў у гандлёвым павільёне “Сірыус” значна больш. Асабліва – у выхадныя дні. У гэтым магазіне ў наяўнасці прадстаўлены рэсіверы лічбавага тэлебачання “Globo”, “TV Star”, “Skytech”. Кошт іх розны і вар’іруецца ў залежнасці ад вытворцы і наяўнасці дадатковых функцый, пачынаючы з 325 тысяч – і вышэй. Тут можна атрымаць і парады па падключэнні лічбавай прыстаўкі да вашага тэлевізара і, зразумела, гарантыйны талон на куплены тавар.
Ёсць у наяўнасці лічбавыя прыстаўкі і ў магазіне “Планета Тэхна”. На сёння тут прадстаўлена мадэль “World Vision”, якая каштуе 390 тысяч беларускіх рублёў.
Набыць лічбавыя прыстаўкі можна і на астравецкім рынку – імі гандлюе прыватны прадпрымальнік М.І. Туршава. У наяўнасці ёсць мадэль “World Vision”, якая каштуе 340 тысяч беларускіх рублёў. У залежнасці ад мадэлі тэлевізара да лічбавай прыстаўкі неабходна дадаткова набыць яшчэ кабель для яе падключэння.



Што маем і што будзе?

Пра тое, як ідуць справы з пераходам аналагавага тэлевяшчання на лічбавае ў нашым раёне, мы пацікавіліся ў начальніка Смаргонскага цэха ўльтракароткіх хвалевых радыёстанцый абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання Уладзіміра Іванавіча Высоцкага.


– Чым выклікана неабходнасць пераходу на лічбавы фармат эфірнага тэлевяшчання?
– Тэлебачанне за гады свайго існавання дасягнула вялікіх поспехаў і ахапіла амаль увесь зямны шар. Паступова пашыраліся магчымасці дастаўкі праграм, чорна-белае тэлебачанне змянілася на каляровае. Але прагрэс не стаіць на месцы – дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій стала магчымым перавесці аналагавае тэлебачанне на лічбавае. Рэспубліка Беларусь не стаіць у баку ад прагрэсу ў вобласці тэлерадыёвяшчання, які праходзіць ва ўсіх развітых краінах.
Укараненне лічбавага тэлевізійнага вяшчання ў нашай краіне абумоўлена дэфіцытам радыёчастотных каналаў для тэлевізійнага і гукавога вяшчання, сацыяльнымі запытамі грамадства, якое патрабуе якаснай «карцінкі». Да таго ж ва ўсім свеце адбываецца пераход на лічбавае вяшчанне. Дарэчы, у нашай краіне лічбавае вяшчанне ўведзена з 30 снежня 2004 года.
– Значыць, ужо сёння ёсць магчымасць глядзець тэлевізар і бачыць у ім больш якасную карцінку?
– На сённяшні дзень РУП “БРТПЦ” ажыццяўляе эфірную трансляцыю аднаго лічбавага пакета тэлевізійных праграм, у які ўваходзяць Беларусь 1, Беларусь 2, АНТ, СТБ, РТР-Беларусь, НТБ-Беларусь, Мір па стандарце DVB-T. Трансляцыя ажыццяўляецца без кадзіравання са сцісканнем MPEG-4 (AVC/Н.264). Для прыёму неабходна мець лічбавы тэлевізар ці лічбавую тэлевізійную прыстаўку з магчымасцю прыёма DVB-T, якія падтрымліваюць фармат сціскання MPEG-4 AVC/H.264.
– Давайце больш падрабязна спынімся на перавагах лічбавага тэлевяшчання.
– Іх шмат. Лічбавае вяшчанне ў параўнанні з аналагавым дазваляе ў адной і той жа даступнай паласе частот перадаваць большую колькасць каналаў з больш высокай якасцю. Пры гэтым становіцца магчымым укараненне ў тэлепраграмы інтэрактыўнасці і іншых камп’ютарных дадаткаў кшталту незалежнай перадачы тэкставай інфармацыі ці аддаленае банкаўскае абслугоўванне.
Самым важным для гледачоў з’яўляецца якасць «карцінкі» і гуку. Важна таксама і высокая памехаўстойлівасць сігналу.
– А мінусы? Яны ёсць?
– Мінусы ёсць, але яны не вельмі істотныя. І думаю, яны не ўзнікнуць. Да іх можна аднесці тое, што няспраўнасць ці прафілактыка аднаго частотнага перадатчыка пры аналагавым вяшчанні не дазваляе глядзець толькі адзін тэлеканал, а пры лічбавым – адразу некалькі.
Пры слабым узроўні сігналу ў выпадку аналагавай тэлетрансляцыі можна глядзець тэлеперадачы ў дрэннай якасці нават пры моцнай «заснежанасці». У лічбавым эфірным тэлебачанні ёсць або вельмі добрая якасць «карцінкі», або тэлевізар з-за памех не паказвае ўвогуле. Ва ўмовах дрэннага прыёму, у адрозненне ад аналагавага тэлебачання, «лічбу» не паглядзіш ніяк.
На галоўны недахоп «лічбавай рэвалюцыі» ўказваюць і эколагі. Многія пры пераходзе тэлебачання на «лічбу» проста выкінуць старыя тэлевізары і зменяць іх на новыя лічбавыя прыёмнікі. У выніку вялікая колькасць тэхнікі апынецца на сметніку, а сусветная вытворчая індустрыя пачне нарошчваць магутнасці. Прычым, і першае, і другое згубна паўплывае на экалогію планеты.
– Калі адбудзецца поўны пераход аналагавага тэлебачання на лічбавае ў нашым раёне?
– Згодна з графікам, зацверджаным Міністэрствам сувязі, першае поўнае адключэнне аналагавага тэлебачання адбудзецца 1 жніўня 2013 года ў Асіповічах. А ў Смаргонi (Астравец знаходзiцца ў зоне дзеяння Смаргонскай РТПС) аналагавае тэлебачанне плануецца адключыць 15 студзеня 2015. Да гэтага часу можна карыстацца звычайнай антэнай і глядзець беларускія тэлеканалы. А можна набыць лічбавы тэлевізар ці лічбавую прыстаўку, каб мець лепшую якасць перадачы тэлевізійнага прадукту.
– У размове з адным рэспандэнтам пачула, што пасля адключэння аналагавага тэлевяшчання лічбавыя прыстаўкі будуць раздаваць бясплатна. Гэта так?
– Доля праўды ў гэтым ёсць. Праўда, невялікая. Лічбавыя прыстаўкі будуць даваць у карыстанне пасля заключэння дагавора на трансліраванне дадатковых каналаў. Гэта будзе нешта накшталт цяперашняй ZALA. І за прагляд дадатковых каналаў неабходна будзе ўносіць абаненцкую плату. А глядзець Беларусь 1, Беларусь 2, АНТ, СТБ, РТР-Беларусь, НТБ-Беларусь, Мір можна будзе бясплатна, маючы лічбавы тэлевізар ці лічбавую прыстаўку.
– Ці варта жыхарам раёна ўжо цяпер набываць лічбавыя тэлевізары ці прыстаўкі, ці можна яшчэ пачакаць? І як правільна арганізаваць прыём лічбавых каналаў?
– Калі чалавек хоча глядзець якасную карцінку – то чаму б не? Я думаю, не варта чакаць 2015 года. У большасці жыхароў сёння не адзін тэлевізар, і прыстаўка спатрэбіцца.
Для арганізацыі прыёму лічбавага пакета тэлевізійных праграм, якія трансліруюцца радыётэлевізійннымі перадаючымі станцыямі (РТПС), што размешчаны ў Трокеніках Астравецкага раёна, Стрэльчыках Ашмянскага раёна, Смаргоні і Крэва Смаргонскага раёна, неабходна ўстанавіць прыёмную антэну дэцыметровага дыяпазону хваль з гарызантальнай палярызацыяй і сарыентаваць яе ў бок бліжэйшай РТПС. Набыць у магазіне тэлевізійную прыстаўку стандарта DVB-T, якая падтрымлівае фармат сціскання MPEG-4 /AVC ці лічбавы тэлевізар, які падтрымлівае фармат сціскання MPEG-4 /AVC. Пасля неабходна падключыць лічбавую прыстаўку да тэлевізара ў адпаведнасці з інструкцыяй па эксплуатацыі і настроіць яе на 59 тэлевізійны канал.


Калі ў вас узнікнуць пытанні па прыёме эфірнага лічбавага тэлебачання на тэрыторыі раёна, можна звярнуцца на РТПС у Смаргоні па тэлефоне 8-01592-31-7-17, а таксама на давечачную службу – 172. Інфармацыю па лічбавым тэлебачанні можна атрымаць таксама на інтэрнэт-сайце www.brtps.by.




“Лічба” – за ці супраць?

Здаецца, усё зразумела. Рана ці позна лічбавае тэлевяшчанне прыйдзе ў нашыя дамы? А што на гэты конт думаюць астраўчане?


Вадзім, 28 гадоў:
– Сёлета я перасяліўся ў новую кватэру, і адразу ж набыў новы тэлевізар. Таму лічбавая прыстаўка мне не патрэбна. Цяпер гляджу лічбавае тэлебачанне. Яго якасцю задаволены.
Марыя Станіславаўна, 80 гадоў:
– Калі перасталі ісці літоўскія і польскія каналы, падумала, што сапсавалася антэна. Потым унук растлумачыў, што Еўропа адключыла такое тэлебачанне, якое пакуль што ідзе ў нас. А хутка і ў нас будзе нейкае іншае. Таму купіў мне прыстаўку, падключыў – глядзі цяпер, што душа пажадае.
Арцём, 20 гадоў:
– Мне здаецца, што лічбавыя прыстаўкі нікому не патрэбныя. Ужо амаль усе маюць лічбавыя тэлевізары. А хто не мае, то ў 2015 годзе лічбавыя прыстаўкі ўсім будуць раздаваць бясплатна.
Іван Іванавіч, 50 гадоў:
– Канешне, лічбавае тэлебачанне больш якаснае за аналагавае. Я – толькі “за”.



Цікава ведаць

РУП “БРТПЦ” – рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр”.


Аналагавае вяшчанне – тэлевізійная сістэма, якая выкарыстоўвае для атрымання, вываду і перадачы выявы і гуку аналагавы электрычны сігнал. Усе прыёма-перадатачныя сістэмы далічбавай эпохі, уключаючы механічнае тэлебачанне, выкарыстоўвалі аналагавыя сігналы, якія могуць перадавацца і па кабелю, і па радыё.


Лічбавае вяшчанне – тэхналогія перадачы тэлевізійнай “карцінкі” і гуку пры дапамозе кадзіравання відэасігналу і гуку з выкарыстаннем лічбавых каналаў. Асновай сучаснага лічбавага тэлебачання з’яўляецца стандарт сціскання дадзеных MPEG.


Рэсівер лічбавага тэлебачання – прылада, якая прымае сігнал лічбавага тэлебачання, дэкадзіруе яго і пераўтварае ў стандартны сігнал аналагавага тэлебачання, а потым перадае яго далей на экран тэлевізара, які мае толькі цюнар старога, аналагавага, тыпу.


Фармат сціскання MPEG-4 – ліцэнзуемы стандарт сціскання відэа, які прызначаны для дасягнення высокай ступені сціскання відэапатоку пры захаванні высокай якасці. Беларусь арыентавана на фармат сціскання MPEG-4 (больш новы), а еўрапейскія краіны першапачаткова арыентаваліся на MPEG-2. Справа ў тым, што ў Еўрасаюзе працэс развіцця лічбавага тэлебачання пачаўся нашмат раней, і на той час альтэрнатывы ў іх не было. Але ўжо цяпер лічбавае тэлебачанне ў іх таксама перайшло на MPEG-4.


Стандарт DVB-T – еўрапейскі стандарт эфірнага (наземнага) тэлебачання, адзін з сямейства стандартаў DVB.


Па стану на 4 ліпеня бягучага года ахоп насельніцтва рэспублікі лічбавым тэлевяшчаннем стандарта DVB-T складае 95,25%.