Как, где и за сколько можно собрать ребёнка в школу?
Вось і наступіў апошні летні месяц, а разам з ім на бацькоў у чарговы раз абрынуліся клопаты па падрыхтоўцы дзяцей да школы.
Дзе апрануць дзіця так, каб было прыгожа, стыльна і ў той жа час не асабліва дорага для бацькоўскага кашалька? Менавіта гэтае пытанне цяпер стаіць на “парадку дня” ў большасці сем’яў, у якіх ёсць дзеці школьнага ўзросту. Зразумела, што і я, як маці школьніка-сямікласніка, таксама “ў тэме”.
Для пачатку паспрабуем апрануцца ў Астраўцы. З мінулага года тут практычна нічога не змянілася. Як і раней, набыць школьнае адзенне можна ва ўнівермагу, у магазіне прыватных прадпрымальнікаў “Лімпапо”, на гарадскім рынку і яшчэ ў некалькіх невялікіх магазінчыках прыватных прадпрымальнікаў. У параўнанні з мінулым годам змяніліся толькі цэны.
Універмаг
Пачнём з універмага. Аддзел адзення для дзяцей і падлеткаў размяшчаецца на першым паверсе. Памяшканне невялікае ў параўнанні з буйнымі гандлёвымі цэнтрамі ў Мінску. І пакупнікоў таксама не шмат. Прынамсі, пакуль. У адрозненне ад таго ж Мінска, тут спакойна можна прымераць усё, што ёсць у наяўнасці.
А што ж ёсць? Бацькі хлопчыкаў могуць набыць касцюмы беларускай вытворчасці Бабруйскай, Баранавіцкай, Навагрудскай, Гомельскай, Віцебскай, Салігорскай і Жлобінскай фабрык. Выбар, здаецца, багаты. Але касцюмаў адной размернай групы больш чым два не падбярэш. Калі параўнаць са сталічнымі магазінамі, то там адшукала чатыры касцюмы розных фабрык аднаго памеру – хоць для сталіцы, напэўна, таксама не шмат.
І тым не менш апрануцца можна і ў Астравецкім універмагу, як гэта зрабілі трэцякласнік Сяргей Камчыцкі са сваёй бабуляй Ядвігай з Быстрыцы. Прымераўшы тры касцюмы, хлопчык і бабуля выбралі тое, што падыходзіла і па цане, і па колеры, пры гэтым дадалі: “Адзенне, пашытае дзяржаўнымі прадпрыемствамі, носіцца лепш”. Ахвотна пагаджаюся з імі.
Прычым у магазіне ў наяўнасці ёсць не толькі касцюмы, тут асобна можна набыць штаны і пінжакі. Кошт на касцюмы вагаецца ад 264 да 528 тысяч беларускіх рублёў. Альтэрнатыву пінжаку могуць скласці трыкатажныя камізэлькі для хлопчыкаў фабрыкі “Палессе” коштам ад 56 тысяч і вышэй. Прадстаўлены ў магазіне хлапчуковыя сарочкі – мазырскі “Надэкс” і “Озорник”, дзяржынскі “Эліз” – цэны на іх вагаюцца ад 70 да 100 тысяч.
Дзяўчынак – зрэшты, як і ва ўсе часы – апрануць складана. “Гэта не модна! Гэта не прыгожа! І гэта таксама я насіць не буду,” – часта можна пачуць у магазінах. Якія ж уборы можна прыдбаць ва ўнівермагу? Дзяўчатам тут прапануюць “двойкі” – касцюм, які складаецца з пінжака і спадніцы, і “тройкі” – пінжак, спадніца і штаны. Ёсць таксама сарафаны вытворчасці “Элод”, “Славянка”, “Панда”, іх кошт вагаецца ад 178 да 250 тысяч беларускіх рублёў. Да сарафана прадаўцы прапануюць блузкі – “Калінка”, “Надэкс”, “Эліз”. Дарэчы, асобна можна набыць спаднічкі і штаны для дзяўчынак (60-160 тысяч).
“Марка”, “Нёман”, “Сівельга”, “Белвест” – фабрыкі, якія займаюцца вытворчасцю абутку, у тым ліку і для школьнікаў. Менавіта туфлі гэтых кампаній прадстаўлены ва ўнівермагу. Каб абуць хлопчыкаў, неабходна заплаціць ад 206 да 316 тысяч беларускіх рублёў, кошт дзявочага абутку вагаецца ад 206 да 320 тысяч.
Затое не палохаюць цэны на спартыўны абутак – кеды лідскай фабрыкі каштуюць ад 36 да 90 тысяч.
Спартыўныя касцюмы вытворчасці бабруйскай і пінскай фабрык каштуюць ад 146 да 275 тысяч. Калі касцюм для некага – занадта дорага ці нехта аддае перавагу спартыўнай майцы і штанам, то за іх прыйдзецца аддаць ад 60 тысяч і вышэй.
Тут жа можна набыць бялізну, шкарпэткі, калготкі.
Прадстаўлены ва ўнівермагу і школьныя рукзакі з артапедычнай спінкай беларускай “Галантэі” ад 100 да 270 тысяч беларускіх рублёў. Ёсць таксама сумкі на плячо – кошт іх вышэй – ад 230 да 360 тысяч.
Дарэчы, як сцвярджаюць прадаўцы ўнівермага, асартымент адзення для школьнікаў абнаўляецца пастаянна, а вось цэны на іх сёлета стабільныя, у адрозненне ад мінулага года. Словам, гэта магазін, дзе ў адным месцы можна купіць усё школьнае адзенне, а побач – яшчэ і канцылярскія тавары.
Набыццё школьных тавараў ва ўнівермагу карыстаецца папулярнасцю яшчэ і таму, што тут бацькі могуць аформіць беспрацэнтны крэдыт на шэсць месяцаў на тавары для школьнікаў. І гэтая паслуга карыстаецца папулярнасцю.
– Толькі ў магазіне можна набыць якасныя тавары для дзяцей, – лічыць мама трох хлопчыкаў Наталля Юркойць з Філіпанаў. – Ва ўнівермагу купілі ўсё, што трэба да школы, пачынаючы ад канцылярскіх тавараў і да адзення-абутку. Адразу сабраць траіх дзяцей складана, таму аформілі крэдыт, а за шэсць месяцаў неяк разлічымся. Для бацькоў вельмі добра, што ёсць такая паслуга.
“Лімпапо” і іншыя “дзіцячыя” магазіны
Яшчэ адзін магазін, які прываблівае бацькоў і дзяцей разнастайным асартыментам школьнага адзення – гэта “Лімпапо”. Вопраткі для хлопчыкаў і дзяўчынак тут сапраўды шмат. Адна нязручнасць – памяшканне невялікае, цеснае. Але гэта, падобна, не палохае бацькоў.
Сёння тут можна набыць абутак абутковых фабрык “Марка”, “Шагавіта”, “Нёман”. Як правіла, туфлі гродзенскага “Нёмана” і магілёўскай “Шагавіты” таннейшыя. У цэлым цэны на абутак вагаюцца ад 220 да 380 тысяч. Прадстаўлены і спартыўны абутак гродзенскага “Нёмана”. А вось кеды лідскай фабрыкі сёння ў дэфіцыце.
Амаль усю цэнтральную частку магазіна займаюць школьныя касцюмы для хлопчыкаў. Бабруйская, Баранавіцкая, Навагрудская і Мінская фабрыкі сёлета пастараліся. Некалькі фасонаў і колераў – выбіраць ёсць з чаго. Кошт на прадукцыю таксама розніцца – ад 315 да 550 тысяч беларускіх рублёў. Асобна ў магазіне можна набыць штаны для хлопчыкаў па цане 130-180 тысяч рублёў. На рознакаляровых сарочках для хлопчыкаў таксама затрымліваецца погляд – 75-105 тысяч рублёў.
– Затое з адзеннем для дзяўчынак у нас – зрэшты, як і ў іншых магазінах – не ўсё так гладка. Апошнія гады фасоны ўбораў для дзяўчат зусім не змяніліся. Штогод даводзіцца прывозіць адныя і тыя ж калекцыі. Хацелася б бачыць новыя мадэлі, бо гэтыя ўжо “прыеліся” і прадаўцам, і бацькам, і, вядома, дзецям, – расказвае прадавец магазіна “Лімпапо” Вольга Каленічэнка. – Больш-менш парадавала “Калінка”. У сярэднім касцюм для дзяўчынкі будзе каштаваць 360-500 тысяч. Але ёсць і “тройкі”, за якую давядзецца заплаціць каля 700 тысяч.
Сарафаны для дзяўчынак у залежнасці ад фабрыкі-вытворцы каштуюць ад 180 тысяч і вышэй. Выбар спартыўных касцюмаў на фабрыках не багаты. Зыходзячы з гэтага, іх выбар у магазіне таксама невялікі. Цана на іх вагаецца ад 180 да 300 тысяч. Але можна набыць адны спартыўныя штаны – гэта будзе значна танней для бацькоўскага кашалька – ад 66 да 100 тысяч.
Дарэчы, “Лімпапо” – гэтаксама, як і ўнівермаг – той магазін, дзе можна купіць усё неабходнае адзенне – бялізна прадстаўлена фабрыкамі “Купалінка”, “Світанак”, “Любава”, “Кім”, панчошна-шкарпэтачная група – гродзенскай і брэсцкай фабрыкамі.
Паспрабуем у “Лімпапо” апрануць хлопчыка. Туфлі, касцюм, сарочка, гальштук, два камплекты бялізны, тры пары шкарпэтак, спартыўны касцюм і кеды – у сярэднім 1 мільён 200 тысяч. У цэлым – прымальна. Асабліва, калі ўлічыць, што за такі ж набор адзення і абутку для сына ў Мінску мне давялося заплаціць амаль 2 мільёны 200 тысяч рублёў.
Зручна, што цяпер у гэтым магазіне можна разлічыцца банкаўскай карткай, што пакупнікі з задавальненнем і робяць. А яшчэ ў “Лімпапо” прадугледжаны 10-працэнтныя скідкі на школьную форму для шматдзетных сем’яў.
Зрэшты, купіць школьнае адзенне можна і ў іншых прыватных магазінах. Да прыкладу, у “Лініі стылю”. Тут прадстаўлены касцюмы беларускай вытворчасці для хлопчыкаў коштам ад 404 да 610 тысяч, ёсць у наяўнасці хлапчуковыя сарочкі па цане ад 28500 да 85800 рублёў і гальштукі. Для дзяўчат тое-сёе можна прыдбаць у магазіне “X-Style”. Абутак для старэйшых юнакоў і дзяўчат можна купіць у магазіне “Меркурый”.
Парадаваў асартыментам тавараў і магазін дзіцячага і жаночага адзення “Аладзін”. Цэны тут вагаюцца ў адрозненні ад размернай групы і краіны-вытворцы. Да прыкладу, касцюм-тройку для хлопчыкаў пачатковых класаў можна набыць за 440 тысяч, для дзяўчынак “тройка” будзе каштаваць 380 тысяч. І для хлопчыкаў, і для дзяўчынак асобна можна набыць спадніцы, штаны, сарочкі, блузкі і шэраг іншых тавараў. У параўнанні з мінулым годам пакупнікоў тут больш, але асаблівага ажыятажу пакуль што не назіраецца – усе чакаюць канца жніўня?
Астравецкі рынак
Набыць школьнае адзенне можна і на Астравецкім рынку. Тут ім гандлююць некалькі прадпрымальнікаў. Цэны розныя – гэтаксама, як і якасць тавару, і краіна-вытворца. У сярэднім школьны касцюм для хлопчыка каштуе 250-325 тысяч, штаны – 90 і вышэй, спартыўны касцюм – 150-300, кеды – 80-120, рукзак – 65-150, сумка на плячо – 90-120. Дарэчы, выбар адзення для дзяўчынак на Астравецкім рынку значна большы. За блузку давядзецца аддаць 50-175 тысяч, спаднічку – 80-110, пінжак – 120, сарафан – 150-200, туфлі – 100-140, спартыўныя штаны – 60-100, спартыўны касцюм – 120-180.
Прадаўцы сцвярджаюць, што цэны на школьныя тавары на рынку засталіся амаль што на ўзроўні мінулага года.
– Штосьці купляем на рынку, іншае – наадварот, у магазіне, – расказвае Ірына Жакун, якая з дачкой Дзіянай і сынам Колем прыехалі з Кямелішак у Астравец за школьнымі таварамі. – На працягу лета дзеці былі ў бабулі, таму ўсе пакупкі адлажылі на апошні школьны месяц. Цэны “кусаюцца”, але апранаць і абуваць дзяцей усё роўна трэба.
– Пакупнікоў на рынку амаль няма. Чаму? Самі не ведаем, – у адзін голас расказваюць прадаўцы, якія тут гандлююць. – Магчыма, таму, што цяпер шмат людзей, якія ходзяць па арганізацыях і прапануюць купіць неабходныя тавары на месцы, без аплаты падаткаў і лішніх расходаў. Але хочацца спадзявацца, што большасць бацькоў вырашыла збіраць дзяцей у школу ў апошні тыдзень лета, і нашы пакупнікі яшчэ прыйдуць да нас.
Канцылярскія “неабходнасці”
Але не адзеннем адзіным… Школьнікам яшчэ патрэбны сшыткі, ручкі, алоўкі, гумкі, фарбы, альбомы, абгорткі, каляровая папера, кардон – і шэраг іншых тавараў.
Вось і ў жніўні сям-там у магазінах можна сустрэць матуль і дзяцей са спісамі ў руках. У малодшых школьнікаў яны значна даўжэйшыя, у вучняў сярэдніх і старэйшых класаў – карацейшыя. У любым выпадку набываць іх давядзецца. Паспрабуем разабрацца: што і колькі каштуе ва ўнівермагу?
Мне прапанавалі: сшыткі – ад 610 да 6900 рублёў (у залежнасці ад колькасці лістоў), дзённік – 5800, ручкі – 1280-7100, каляровыя алоўкі – 4000-21680, акварэльныя фарбы – 5500-9600, гуаш – 24000-39000, альбом для малявання – 7650-16450, пенал – 24580-46180. Гэта далёка не поўны пералік таго, што неабходна школьніку – але сума ўжо набіраецца даволі значная.
Цэны ў прыватных прадпрымальнікаў амаль на такім жа ўзроўні. Для параўнання прывяду кошт некаторых канцылярскіх тавараў у магазіне “Карандаш”. Шчыра прызнаюся, трапіла сюды ўпершыню і парадавалася шырокаму асартыменту і прымальным цэнам. Такім чынам, ручкі – ад 950, аловак – ад 1000, каляровая папера – ад 1800, пенал – ад 7700, каляровыя алоўкі – ад 6000, фламастары – ад 5500 і іншыя. Дарэчы, ёсць тут рукзакі і сумкі на плячо для школьнікаў – ад 125 і 75 тысяч адпаведна.
– Гэты магазін мне вельмі падабаецца. Цэны прымальныя, выбар тавару вялікі, якасць абслугоўвання таксама задавальняе. За канцылярскімі прыладамі заўсёды прыходжу сюды. А вось выбар адзення ў райцэнтры жадае быць лепшым. Зрэшты, сабраць дзяцей у школу можна і ў Астраўцы, – лічыць мама дваіх дзяцей Іна Лукашэвіч. – Трэба толькі пастарацца. Хоць увогуле цэны – нармальныя. Але хацелася б, каб выбар у нас быў большы, хоць бы як у сталічных магазінах.
Апрача такіх неабходных у школе канцылярскіх тавараў, неабходна набыць сшыткі па прадметах на друкаванай аснове, атласы і карты па гісторыі і геаграфіі. Гэтая прадукцыя ёсць у магазіне “Шанс”, які размяшчаецца на другім паверсе Дома быта, і ў кніжным аддзеле на першым паверсе ўнівермага.
А яшчэ вельмі часта школьнікі просяць бацькоў набыць ім ўжо гатовыя рашэнні дамашніх заданняў па розных прадметах, што дарослыя часта і робяць. Толькі ці трэба гэта?
Што маем?
Па-першае, апрануць хлопчыка значна лягчэй, чым дзяўчынку, Тлумачыцца гэта тым, што тавараў для іх больш, чым для дзяўчат. А яшчэ тым, што яны не такія пераборлівыя, як дзяўчаты.
Другое: апрануць першакласніка значна лягчэй, чым школьніка-падлетка, якому трэба дагадзіць і з фасонам, і з колерам адзення – тут давядзецца пахадзіць і пашукаць.
З канцылярскімі таварамі праблем быць не павінна – яны ёсць у неабходнай колькасці і ў розных кропках. Варта толькі ведаць, што вам трэба, і выбраць, што і дзе купляць.
Тым, хто не асабліва абмежаваны ў сродках, хвалявацца не варта – неабходныя рэчы для школьнікаў набыць не праблема. Тым, хто жыве па прынцыпе “капейка рубль беражэ”, спяшацца не варта, лепш пахадзіць па магазінах, прымерыцца, прыцаніцца – і зрабіць правільны выбар. У любым выпадку рабіць яго давядзецца кожнаму – без школьнай формы і неабходных канцылярскіх прылад дзяцей у школу не адправіш.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.


