Апрануцца модна! У Астраўцы?

16:08 / 07.02.2012
3

Неяк у інтэрнэце ўбачыла фразу: “Купіла туфлі – спадніцы адпаведнай няма, купіла спадніцу – блузкі няма, купіла блузку – куртка не падыходзіць, купіла куртку – сумка не тая, купіла сумку – туфлі не падыходзяць”. Смешна, а галоўнае – праўдзіва. Колькі разоў здаралася: купіш, да прыкладу, прыгожую спадніцу, а потым акажацца, да яе няма падыходзячых боцікаў ці кофтачкі. А пакуль купіш гэтыя боцікі, то ўжо спадніца страціць сваю навізну і актуальнасць.
Вось і ўзнікла ў мяне думка: апрануцца, так бы мовіць, з ног да галавы і падлічыць, наколькі патанчэе мой кашалёк. Пры гэтым у першым выпадку мы будзем апранацца “на шырокую нагу”, ні ў чым сабе не адмаўляючы. А ў другім – без прэтэнзій, выбіраючы самыя недарагія рэчы. Але адна агульная ўмова – апранаемся ў Астраўцы. Праверым заадно, ці проста маладой і стыльнай дзяўчыне ці жанчыне знайсці штосьці моднае і прывабнае ў нашым невялікім гарадку.



Шопінг па-астравецку

Прызнаюся, па магазінах я адправілася са скептычным настроем: “Знайсці што-небудзь арыгінальнае ў Астраўцы? Гэта звышскладаная задача!” Але ж мы лёгкіх шляхоў і не шукаем.


Адразу я адправілася шукаць штаны. У магазіне “Прэстыж”, ці як у народзе яго называюць – “у Рогачаў”, прадстаўлены ў асноўным класічныя мадэлі. Для моладзі больш-менш шырокі выбар ёсць у “Джынсе”, “Шарме” (гэта ў Доме быту), “X-style” (каля дзіцячай бібліятэкі), але ўсе яны там нейкія аднолькавыя, без “іскрынкі”. Па цэнах: штаны ў сярэднім каштуюць 190 тысяч, джынсы – 250-290 тысяч рублёў, у “Шарме” нават ёсць мадэлі па 100 тысяч рублёў. Да майго здзіўлення, самыя разнастайныя мадэлі штаноў я знайшла ў магазіне “Аладзін” (за Домам быту), куды ўвогуле спачатку ісці не збіралася. Звычайныя чорныя штаны каштуюць там 150 тысяч, больш цікавыя мадэлі – 230-240 тысяч рублёў. Хаця адну з гэтых цікавых мадэляў я бачыла ў “Шарме” і “X-style” прыкладна за 195 тысяч рублёў. Але ж выбар мяне больш за ўсё задаволіў менавіта ў “Аладзіне”: там жа я знайшла стыльныя спадніцы па прымальнай цане – 180 тысяч рублёў. Выбар спадніц ёсць і ў “X-style” (ад 120 да 250 тысяч рублёў).
А ўвогуле, улічваючы сённяшнія завоблачныя цэны, танней за ўсё будзе купіць сукенку. Бо джынсы з кофтачкай зараз вам абыдуцца прыкладна ў 500 тысяч рублёў. Лепшыя суадносіны цаны і якасці на сукенкі я знайшла ў магазіне “Архідэя” (што ў будынку “Юліа”). Разнастайны выбар вязаных і трыкатажных сукенак па сярэдняй цане 175 тысяч рублёў – згадзіцеся, выгадная пакупка. Тут жа можна падабраць і кофтачку па прымальнай цане (100-180 тысяч рублёў). У магазіне “X-style” кофтачкі каштуюць у сярэднім ад 120 да 360 тысяч рублёў, сукенкі – ад 180 да 360. Але, на мой густ, сукенкі там вельмі простыя і звычайныя – я б не аддала за іх 360 тысяч.
А самыя прыгожыя кофтачкі і сукенкі я знайшла ў магазіне “Прэстыж”. Хаця цэны там, мякка кажучы, “кусаюцца” – не кожны можа сабе дазволіць сукенку за 450 тысяч рублёў. Але мне падабаецца ў гэтым магазіне тое, што і тут можна знайсці альтэрнатыву – я выбрала сімпатычную туніку за 215 тысяч, якую можна выкарыстоўваць як сукенку. А цэны на кофтачкі ў “Прэстыжы” такія ж, як і ўсюды – ад 180 да 330 тысяч рублёў, затое мадэлі больш арыгінальныя. Дарэчы, натрапіць на цікавую рэч можна і ў магазіне “Страказа”, які не так даўно адкрыўся ў Доме быту. Там я ўпадабала шыкоўны кардыган усяго за 125 тысяч рублёў.
Спадзяюся, што зіма хутка скончыцца, так што боцікі будзем выбіраць ужо на вясну.
Больш-менш шырокі выбар прадстаўлены ў магазіне “Меркурый” (каля дзіцячай бібліятэкі). Цэны вагаюцца ад 600 да 1 200 тысяч рублёў. Прыкладна столькі ж каштуюць боцікі і ва ўнівермагу, толькі маладзёжных мадэляў там зусім няма. Ды і ўвогуле, універмаг мяне расчараваў: такое вялікае памяшканне, а выбраць штосьці практычна немагчыма. Хіба толькі, калі прывозяць “канфіскат”, ды і тое хадавыя размеры там хутка разбіраюць.
Але ж вернемся да абутку. Недарагія боцікі са штучнай скуры можна купіць і на рынку за 250 тысяч рублёў. І гэта справа кожнага: купіць адну пару абутку за мільён ці чатыры пары – за 250 тысяч. Тым больш, здараецца, што і рыначныя боцікі будзеш насіць даўжэй, чым купленыя ў магазіне. Адзінае, што штучная скура мае тэмпературныя абмежаванні і не прапускае паветра.
А вось з выбарам верхняга адзення ў мяне ўзніклі цяжкасці – гэта ніша рынку ў Астраўцы амаль не асвоеная. Куртку ці паліто можна выбраць толькі на рынку, дзе пакуль што прадстаўлены толькі зімовыя варыянты верхняга адзення, ці ў магазіне “Меркурый”. Класічныя паліто ў “Меркурыі” каштуюць ад 700 да 1 100 тысяч рублёў, але ж моладзь не вельмі любіць класіку. Хаця адно паліто мне спадабалася: кароценькае ў клетку і з вязанымі рукавамі. Ды і каштавала яно танней за іншыя – 575 тысяч рублёў. Можна яшчэ купіць кароткую куртку са штучнай скуры за 400 тысяч – таксама нядрэнны маладзёжны варыянт.
Шапкі, шалікі – таксама слабае месца астравецкага гандлю. Які-ніякі выбар шапак ёсць у “Джынсе” і пара мадэляў у “Шарме” і “Аладзіне”. Цэны – ад 70 да 110 тысяч. Шалікі можна купіць у “X-style”, “Архідэі”, “Джынсе” ў сярэднім за 60 тысяч рублёў.
Самы модны ўбор не абыдзецца без стыльнай сумкі, выбар якіх у Астраўцы таксама невялікі. Самыя цікавыя варыянты прадстаўлены ў “Архідэі” па цэнах ад 140 да 270. Раней можна было натрапіць на прыгожыя сумкі і ў “Меркурыі”, але падчас майго шопінгу паліцы там былі амаль што пустымі. У “Падарунках” і “Вернісажы” я для сябе не змагла падабраць галоўны жаночы аксесуар.



З размахам

Сярод цудоўнай паловы чалавецтва ёсць тыя, што кажуць: “Я лепш буду менш есці, а куплю сабе самую дарагую касметыку і самае лепшае адзенне”. Вось мы паспрабуем апрануцца, ні ў чым сабе не адмаўляючы, і падлічым, колькі грошай неабходна мець, каб рэалізаваць мару кожнай жанчыны – купіць усё, што душа жадае. Хаця Астравец – не Мілан, і нават не Мінск, таму не думаю, што сума атрымаецца завоблачная.


У якасці асноўнага ўбору я б выбрала сукенку ў “Прэстыжы” (470 тысяч) ці штаны ў “Аладзіне” (240 тысяч) з моднай кофтачкай з “Прэстыжа” (330 тысяч). Боцікі мне спадабаліся ў “Меркурыі” – высокія з натуральнай замшы за 1 115 тысяч рублёў, тут жа купім і паліто – тое, што ў клетку, за 575 тысяч рублёў. Берэт я выбрала ў “Джынсе” (110 тысяч), а шалік – у “Архідэі” (60 тысяч). Дапоўнім мой убор стыльнай сумкай з “Архідэі” (270 тысяч). Ну, і нарэшце, падлічым нашы растраты. 2,6 – 2,7 мільёна – вось яна, цана жаночай мары! Калі ўзяць сваю зарплату і забраць мужаву, то можна яе і рэалізаваць.



Эканом-варыянт

Я заўсёды здзіўлялася людзям, у якіх ёсць “нюх” на недарагія, але класныя рэчы. Мне такія ніколі не ўдавалася знайсці. Таму і на шопінг з поўнай эканоміяй грошай я адправілася з сумнымі думкамі: “Ну, зараз куплю трыкатажную кофтачку, як у бабулі, і такую ж спадніцу”. Але, як аказалася на справе, можна знайсці прыгожыя і недарагія рэчы – галоўнае, добра пашукаць.


Так, у якасці асноўнага ўбору я б купіла вязаную сукенку з “Архідэі” (175 тысяч) – гэта самы эканомны варыянт. Можна за 235 тысяч купіць таксама цікавы камплект: чорныя штаны “ў абліпку” з “Аладзіна” (150 тысяч), гольф (60 тысяч) і прыўнесці іскрынку свайму вобразу дзякуючы кардыгану, які я ўпадабала ў “Страказе” (125 тысяч). А яшчэ можна купіць туніку за 215 тысяч у любімым магазіне астравецкіх модніц – “Прэстыжы”, і легінсы за 60 тысяч – таксама модна, актуальна і адносна нядорага.
На боціках я вырашыла не эканоміць і купіць з натуральнай скуры: самы недарагі варыянт я знайшла ва ўнівермагу за 575 тысяч рублёў. Куртку купім у “Меркурыі” – тую, што кароценькая са штучнай скуры (400 тысяч). Аздобім яе шалікам з “Архідэі” за 60 тысяч. На шапцы сэканомім – хутка ж вясна! Тым больш, што да гэтай курткі нічога падыходзячага я не знайшла. Завяршым вобраз зноў жа сумачкай з “Архідэі”, толькі выберам варыянт таннейшы – за 140 тысяч. Падлічым, што атрымалася. На ўсе свае пакупкі я б патраціла 1 350 – 1450 тысяч рублёў – амаль што ў два разы танней, чым у варыянце з шопінгам на шырокую нагу. Атрымліваецца, што розніца паміж нашымі жаданнямі і магчымасцямі прыкладна 1,3 мільёна рублёў.


Хаця ў выніку свайго расследавання я прыйшла да нечаканай высновы: я не магу сказаць, што ў другім, больш танным варыянце я б выглядала горш. Аказваецца, апрануцца прыгожа можна і за невялікую суму грошай, толькі для гэтага давядзецца патраціць больш сіл і часу.
А што тычыцца Астраўца, то зразумела, што тут няма такога выбару, як у вялікіх гарадах, але, калі пастарацца, то і ў нас можна знайсці што-небудзь арыгінальнае.


Вольга ШОЎКУН.