«Спажывецкі кошык»: выбіраем матрац
Два гады доўжыўся наш рамонт у спальні і нарэшце справа дайшла да выбару мэблі. “Галоўнае – стыльны ложак”, – сказала жаночае пачуццё з прыхільнасцю да ўсяго прыгожага. “Галоўнае – камфортны матрац”, – сказаў розум. Сапраўды, мы праводзім значную частку свайго жыцця ў сне, таму памылка пры выбары матраца можа каштаваць нам здаровай спіны, галаўнога болю і камфортнага адпачынку.
Сёння размова пойдзе аб прадмеце, які гадамі будзе ўплываць на наша здароўе, працаздольнасць і добрае самаадчуванне. Якія бываюць матрацы, якая мадэль лепш за ўсё падыдзе вам, што такое артапедычны матрац – пра гэта вы даведаецеся з артыкула.
А што ўнутры?
Перш-наперш разбяромся, якія бываюць матрацы.
Выдзяляюць два асноўныя тыпы – спружынныя і бесспружынныя. Спружынныя, у сваю чаргу, можна раздзяліць яшчэ на два класы – з залежнымі спружынамі (бесперапыннага пляцення, ці “банэль”) і незалежнымі.
Матрацы з залежнымі спружынамі тыпу “банэль” прымяняюцца ў асноўным у матрацах эканом-класа. У такім блоку кожная спружына злучана з суседняй, і пры націску на адну праціскаюцца і іншыя. Галоўны недахоп такіх матрацаў заключаецца ў тым, што спружыны рэагуюць на вагу чалавека адначасова з суседнімі, а не кожная асобна. Але ж, улічваючы адносна невялікую цану – варыянт гэты цалкам прымальны. Асабліва, калі ён ідзе на змену старому праціснутаму матрацу.
Калі ж вы хочаце купіць больш якасны матрац, то спыніце вашу ўвагу на мадэлі з незалежнымі спружынамі, кожная з якіх змешчана ў асобную “шклянку” з матэрыі і працуе незалежна ад “суседак”. У такім выпадку поўнасцю выключаны калыханні канструкцыі, а нагрузка размеркавана раўнамерна па ўсёй плошчы – матрац дакладна падстройваецца пад цела чалавека і прагінаецца толькі там, дзе трэба, што надае канструкцыі артапедычныя ўласцівасці.
Дазволяць целу поўнасцю расслабіцца і добра адпачыць падчас сну і бесспружынныя матрацы, якія таксама не перадаюць хваляванняў. Такія матрацы вырабляюць з аднаго матэрыялу ці з некалькіх слаёў розных па цвёрдасці і ўласцівасцях матэрыялаў:
- матрацы з натуральнага латэксу – мяккія ці сярэдне-цвёрдыя, але заўсёды пругкія. Яны максімальна дакладна паўтараюць контуры вашага цела. Калі вам не падабаецца спружыністы эфект матрацаў – то гэты варыянт для вас.
- матрацы са штучнага латэксу (ватэрлатэкс, паралон, білаксіласт) – цвёрдыя, вытрымліваюць вялікія нагрузкі. Матрацы такога тыпу каштуюць нядорага – добрая альтэрнатыва “банэлям”;
- шматслойныя матрацы з камбінацыяй “латэкс” і “какосавая койра” – як правіла, цвёрдыя. Толькі не забывайцеся, што какос мае абмежаванне па вазе – 90-100 кілаграм на адно спальнае месца. Пры большай вазе тэрмін службы скарачаецца.
- матрацы толькі з какосу – экстрэмальна цвёрдыя. Адчуванні – нібы спіш на дошках. Перад тым, як купіць такі матрац, парайцеся з урачом, ці не прынясе вам такая мадэль больш шкоды, чым карысці.
Напаўняльнікі спружынных матрацаў
Як правіла, у спружынных матрацах вакол спружын ёсць яшчэ і напаўняльнік. І пацікавіцца, з якога матэрыялу ён зроблены, будзе не лішнім. Лепш за ўсё, калі гэта будзе латэкс. Паветраныя каналы ў такім напаўняльніку забяспечваюць добрую цыркуляцыю паветра. Такі матрац “дыхае”, а яго пругкасць і даўгавечнасць перасягаюць паралонавыя напаўняльнікі. Але ж і па цане яны самыя дарагія!
Матрацы на аснове какосавай койры – самыя цвёрдыя. Іх рэкамендуецца купляць па медыцынскіх паказаннях, ці калі вы любіце спаць на дошках. Дзецям такія матрацы купляць не варта: па-першае, яны надта цвёрдыя, а па-другое – какос не вытрымае скачкоў.
Матрацы са слаямі какосавай койры і латэксу таксама адносяцца да серыі цвёрдых, але яны больш камфортныя за кошт мяккасці латэксу. Какос і латэкс у такіх напаўняльніках могуць чаргавацца розным спосабам, што дае розныя адчуванні.
Да мяккага напаўняльніка адносіцца паралон, які можа выкарыстоўвацца як для вырабу недарагіх матрацаў, так і элітных. Якасць паралону залежыць ад яго складу, таўшчыні, шчыльнасці. Трэба сказаць, што ў матрацах эканом-класа выкарыстоўваюць паралон невысокай якасці.
Міфы аб артапедычнасці
Вытворцы і прадаўцы матрацаў для большай пераканаўчасці любяць выкарыстоўваць важкія словы. Расшыфруем самыя прыгожыя з іх. Артапедычным называюць матрац, які дазваляе пазваночніку чалавека заставацца прамым на працягу ўсяго часу ляжання на ім. Анатамічны – матрац, які паўтарае контуры вашага цела. На самой справе няма ні тых, ні другіх. Ёсць проста камфортныя для вас матрацы. Астатняе – маркетынг.
Ваша цела ўнікальнае, таму і ўспрыманне зручнасці для вас індывідуальнае. А значыць, і ўласцівасць артапедычнасці – правільнага размяшчэння цела чалавека – характэрна не для канкрэтнага матраца, а для комплексу “цела карыстальніка” і “матрац”. Уявіце поўнага чалавека, які ляжыць на мяккім “артапедычным” матрацы. Відавочна, што матрац прагнецца ўсярэдзіне, а чалавек будзе знаходзіцца ў позе “банана”, шкоднай для пазваночніка. З іншага боку, худзенькая дзяўчына на цвёрдым матрацы таксама будзе ляжаць няправільна – пазваночнік выгнецца, а мышцы спіны і шыі будуць пастаянна напружанымі ў спробе ўтрымаць пазваночнік у найбольш зручнай форме. Такім чынам, матрац не можа быць артапедычным увогуле, ён можа быць артапедычным для вас.
ВАЖНА СУАДНОСІЦЬ ВАШЫ ФІЗІЧНЫЯ ДАНЫЯ З УЛАСЦІВАСЦЯМІ МАТРАЦУ:
- поўным людзям варта прыгледзецца да цвёрдых матрацаў: спружынных з узмоцненымі спружынамі з тоўстага дроту, бесспружынных з грубых даўгавечных матэрыялаў;
- худым лепш за ўсё выбіраць спружынныя матрацы без какосавай койры ці бесспружынныя з натуральнага латэксу;
- людзям сярэдняй камплекцыі падыдуць мадэлі на незалежных спружынах, а таксама тыя, у якіх выкарыстоўваецца камбінацыя койры і латэксу;
- пажылым людзям не рэкамендуюцца цвёрдыя матрацы, спыніце свой выбар на мяккіх ці сярэдне-цвёрдых мадэлях;
- проціпаказаны цвёрды матрац тым, хто пакутуе ад боляў у паясніцы, а людзям з праблемамі ў верхніх аддзелах пазваночніка наадварот варта прыгледзецца да такіх матрацаў.
Правільна падабраны матрац павінен забяспечыць вашаму пазваночніку анатамічную пазіцыю падчас сну – форму гарызантальнай лініі, калі вы ляжыце на баку, і хвалепадобную форму з упадзінамі ў вобласці тазу і верхняга плечавога поясу, калі вы адпачываеце на спіне ці жываце.
Якасць падтрымкі цела звязана з такой важнай характарыстыкай матрацу, як кропкавая эластычнасць, якая вызначае, наколькі незалежна рэагуе на нагрузку кожная адзінка паверхні матрацу. Дык вось, найбольшая кропкавая эластычнасць характэрна для матрацаў на базе блокаў незалежных спружын, а таксама бесспружынным матрацам на латэкснай ці высокаякаснай паралонавай аснове.
Выбар на практыцы
Вось некалькі практычных парад, якія дапамогуць вам правільна падабраць матрац:
- чым большы выбар мадэляў матрацаў, тым больш шанцаў знайсці сярод іх “сваю”;
- каб не купіць “ката ў мяшку”, самым правільным будзе паляжаць на матрацы ў магазіне. Ляжце на спіну і правядзіце рукой паміж спінай і матрацам ад сцёгнаў у бок плячэй. Калі далонь лёгка прасоўваецца – значыць матрац вельмі цвёрды;
- паспрабуйце павярнуцца. Калі гэта патрабуе намаганняў, матрац вельмі мяккі. Калі вы ляжыце на баку, а паміж матрацам і жыватом ёсць свабодная прастора, матрац надта цвёрды;
- вуглы матраца не павінны падымацца пры спробе легчы на яго, а яго краі павінны быць цвёрдымі і пругкімі;
- звярніце ўвагу на швы – яны павінны быць выкананы добра і грунтоўна, а на матрацы не павінна быць выпукласцей і западзінаў.
Матрацам «па кішэні»
Разгледзім цэны на матрацы бабруйскай вытворчай кампаніі “Барра”. Матрацы гэтай фірмы карыстаюцца найбольшым попытам у пакупнікоў з-за найлепшых суадносін цаны і якасці. Тут вам прапануюць шырокі асартымент матрацаў – ад эканом-класа да элітных з экалагічна чыстых матэрыялаў, і вы зможаце выбраць мадэль па свайму густу і кішэні. Разгледзім асноўныя мадэлі і цэны на іх.
У канструкцыі матраца Барра серыі “Эканом” выкарыстоўваюцца недарагія матэрыялы і кампаненты, якія забяспечваюць даступную цану пры добрых спажывецкіх уласцівасцях. Аснова гэтых матрацаў – спружынныя блокі “банэль”, пакрытыя слаямі ваціну, паралону і нятканага матэрыялу. Цэны вагаюцца ад 350 да 750 тысяч рублёў у залежнасці ад памеру матраца (цэны ўзяты з афіцыйнага сайта кампаніі barro.by).
Матрацы серыі “Камфорт” маюць таксама спружынны блок “банэль”, але, у адрозненні ад серыі “Эканом”, у склад матраца дабаўлена яшчэ некалькі слаёў ваціну, нятканага палатна і паралону, што павышае спажывецкія ўласцівасці вырабу. Есць мадэлі з гэтай серыі, у якіх выкарыстоўваецца яшчэ і слой натуральнага какосу з аднаго ці двух бакоў. Каштуюць “камфортныя” матрацы ад 450 тысяч да 1,4 мільёна рублёў.
Мадэлі серыі “Люкс” на аснове спружыннага блоку “банэль” маюць канструктыўную асаблівасць – паступовае змяншэнне радыуса апоры вітка, што стварае аптымальную сістэму размеркавання вагі цела. У гэтай серыі можна знайсці двухбаковыя матрацы з рознай ступенню мяккасці, а таксама мадэлі са слаямі з натуральнага латэксу. Дзякуючы наяўнасці насцілу з натуральнага какосавага валакна, “люксавыя” матрацы здольны пераносіць вялікія нагрузкі. Кошт такіх матрацаў вагаецца ад 500 тысяч да 2 мільёнаў рублёў.
Серыя “Эліт” спалучае матрацы двухбаковай мяккасці на аснове блокаў незалежных спружын, кожная з якіх заключана ў асобны чахол. У насцілах выкарыстоўваюцца камбінацыі розных па цвёрдасці матэрыялаў (латэкс, какос, вацін, паралон), што дапамагае самому падабраць неабходныя якасці матрацу. Ад 800 тысяч да 2,8 мільёна рублёў – гэта цэны на матрацы з незалежнымі спружынамі.
І нарэшце самыя дарагія матрацы – з натуральнага латэксу, якія таксама адносяцца да серыі “Эліт”. Акрамя латэксу, у такіх мадэлях могуць выкарыстоўвацца слаі какосу для надання цвёрдасці вырабу. Каштуюць латэксныя матрацы ад 2 да 5,2 мільёна рублёў.
Мы доўга вагаліся, які ж матрац выбраць. Але ў рэшце рэшт вырашылі не эканоміць на нашым здаровым адпачынку і спыніліся на матрацы “Эліт505” на аснове блокаў незалежных спружын, дзякуючы якім пазваночнік заўсёды падтрымліваецца ў правільным становішчы. Матрац – двухбаковы. “Зімні” бок – цёплы і цвёрды за кошт ваціну і какосавай пліты таўшчынёй 20 міліметраў, а “летні” – сярэдне-цвёрды, бо какосавая пліта з гэтага боку танчэйшая – 10 міліметраў, да таго ж яна пакрытая слоем латэксу. Абышоўся нам гэты матрац у “кругленькую” суму – 2,3 мільёна рублёў. Але я заўважыла, што зараз мой сон значна палепшыўся, а раніцай ужо не баліць спіна, як пасля адпачынку на раскладной канапе. І буду спадзявацца, што праслужыць гэты матрац нам доўгія гады.
Здаровы сон – трэцяя частка здаровага ладу жыцця. Ці варта на ім эканоміць?