Журналісцкае расследаванне: колькі каштуе вячэра?

08:23 / 12.09.2011

Дбайны гаспадар заўсёды стараецца набыць патрэбныя рэчы па больш нізкай цане, бегае па крамах, вылічваючы лішак да дробязі. Нездарма ж кажуць: капейка рубель беражэ! Ці апраўдвае сябе такі скурпулёзны падыход? Колькі грошай можна сэканоміць на вячэры, прыгатаванай з аднолькавых прадуктаў, купленых у розных крамах Астраўца?.. У гэтых пытаннях вам дапаможа разабрацца наша невялікае расследаванне.


Вячэра ў нас будзе самая празаічная: гатуем макароны з фаршам, салат з гародніны, гарбату. Для таго, каб накарміць сям’ю (уявім, што ў халадзільніку пуста і пачынаем з нуля) нам неабходна набыць наступныя прадукты:
*макароны “Ракавінка дробная” – 500 гр.
*фарш – 500 гр.
*сланечнікавы алей
*кетчуп “Каўказскі”– 250 гр.
*соль ёдзіраваная “Залаты зубр”– 1 кг
*цукар – 1 кг
*памідоры – 1 кг
*агуркі – 1 кг
*цыбуля – 1кг
*смятана – 400 гр., 25% тлустасці,
*хлеб
*гарбата чорная ў пакеціках – 100 гр.


Каб эканомія была максімальнай, набываем самые танныя прадукты.
Першай гандлёвай кропкай, якую я наведала, стала крама, названая ў гонар грэчаскага бога-апекуна гандлю Гермеса. Заходзіш у памяшканне – і здаецца, што тут абавязкова знойдзеш усё, што табе патрэбна. Аднак так толькі здаецца. Першым моцным расчараваннем для мяне стала адсутнасць свежых агуркоў. Не знайшла я сярод шматлікіх каляровых паліц і алею. Самы танны хлеб у магазіне - “Традыцыйны”, гарбата – “Люта”, фарш – “Святочны”.
Наступнае месца прыпынку – прыватная крама “Юліа”. Вельмі здзівіла адсутнасць у асартыменце тавараў цукру і солі. Як і ў папярэднім магазіне, агуркоў сярод гародніны я не знайшла. Не змагла набыць і патрэбны мне кетчуп. Самая танная гарбата – “Люта”, фарш – “Хатні”, хлеб – “Радніковы”. Шчыра кажучы, ад прыватнага прадпрымальніка чакала большага.
Менш за ўсіх мяне парадавала “Івушка”. Вялікае памяшканне з адносна невялікай колькасцю тавараў нагадвае забытае ўсімі месца. Ні алею, ні гуркоў, ні фаршу, ні смятаны патрэбнай тлустасці там не знайшлося. Самы танны хлеб – “Абедзенны”, гарбата – “Чайок”.
Найбольш задаволіў мае патрэбы “Цэнтральны” магазін. Мабыць, месца і назва гэтага патрабуюць. Аднак і тут я не змагла адшукаць свежых агуркоў. Самая танная гарбата ў краме - “Чайок”, хлеб – “Стараполацкі”, фарш – “Пажыўны”. Не абмінула я і іншыя магазіны Астраўца, але, убачыўшы, што ў наяўнасці няма і паловы патрэбных мне прадуктаў, вырашыла спыніцца на чатырох вышэйзгаданых гандлёвых кропках пасёлка.
А зараз падводзім вынікі. Найбольш танныя макароны можна купіць за 2570 р. у “Гермесе” і “Цэнтральным”, прыблізна на 1140 р. вы пераплаціце за іх у “Юліі”. Самы танны фарш прадаецца ў “Цэнтральным”( “Пажыўны” – 9950 р.), самы дарагі ў “Гермесе”(“Святочны” – 15490 р.). Больш за ўсё за алей вы заплаціце ў “Цэнтральным”(18310 р.), менш за ўсё у “Юліі”(18090 р.). Максімальная цана на кетчуп складае 3950 р. у “Івушцы”, мінімальная ў “Цэнтральным”(3520 р.). Аднолькава ўсюды каштуе соль. Зусім невялікая розніца ў цане на цукар: у “Івушцы” і “Цэнтральным” ён каштуе 4720 р., у “Гермесе” – 4600 р. Самыя танныя памідоры можна набыць у “Юліі” за 5200 р., самыя дарагія ў “Гермесе” за 6550 р. Як паказала практыка, свежых агуркоў у пералічаных крамах увогуле няма – кажуць, што цяпер не сезон... За цыбулю вы пераплаціце ў “Івушцы”, дзе яна каштуе 5180 р., найменшая цана на яе ў “Гермесе”(4810 р.). Аднолькава (4750 р.) каштуе смятана ў “Гермесе” і “Цэнтральным”, больш за ўсё вам прыдзецца за яе заплаціць у “Юліі”(4980 р.). Найбольш танны хлеб “Абедзенны” ў “Івушцы” (2540 р.), самы дарагі “Шклоўскі” ў “Гермесе” каштуе 3330 р. Самая танная гарбата ў “Цэнтральным”(“Чайок” – 4420 р.), самая дарагая ў “Івушцы” (“Чайок” – 6360 р.).
Метадам нескладаных матэматычных дзеянняў робім патрэбныя нам падлікі. Самы дарагі набор прадуктаў каштуе 72580 р., самы танны – 60450 р. Розніца між імі – 12130 р.
Шкада, што нават абышоўшы некалькі гандлёвых кропак, я не змагла набыць усё тое, што запланавала. Шкада, што ў раённым цэнтры няма ніводнай крамы, якая б поўнасцю магла задаволіць мінімальныя патрабаванні спажыўца. Як паказала наша журналісцкае расследаванне, патраціўшы некалькі гадзін на набыццё прадуктаў, супаставіўшы цэны ў розных магазінах між сабой, можна сэканоміць на вячэры 12130 р. Ці варта дзеля гэтых грошай губляць свае здароўе, нервы і час, кожны няхай вырашае для сябе асабіста.



Цэны ў крамах пададзены на 06.09.2011 г.

Анастасія БАРШЧЭЎСКАЯ, студэнтка журфака БДУ.