Перадвераснёўская “ліхаманка”

16:24 / 04.08.2011
2

На дварэ пачатак жніўня. Да новага навучальнага года –  амаль месяц. Але “яшчэ” ці “ўжо”?



Школьныя базары, магазіны, рынкі… Сшыткі, алоўкі, ручкі, іншыя школьныя канцылярскія тавары… Сукенкі, сарафаны, спадніцы, штаны, пінжакі… Маляўнічыя сумкі, партфелі, рукзакі… І самае частае пытанне ў размове дарослых і дзяцей: “У школу ўжо сабраліся?”



Пра тое, дзе і што можна набыць да школы, як рыхтуюцца да пачатку навучальнага года дзеці і бацькі,  мы паспрабавалі высветліць падчас журналісцкага даследавання.



Што апрануць?

Самае “дорагакаштуючае” пытанне. Некаторыя пра гэта яшчэ не задумваліся, іншыя, наадварот, падрыхтоўку пачалі яшчэ ў канцы навучальнага года – у красавіку-маі. Прасцей, напэўна, бацькам гімназістаў – у іх спецыяльная школьная форма. Астатнім давядзецца пабегаць і пашукаць тое, што прыйдзецца даспадобы дзіцяці і акажацца прымальным для сямейнага бюджэту.


Выбар гандлёвых кропак, дзе можна купіць адзенне дзелавога стылю,  у Астраўцы не вельмі вялікі: універмаг, рынак, “Лімпапо”  і яшчэ некалькі прыватных магазінчыкаў.


Пры выбары галоўнае, каб дзіця адчувала сябе ў школьным адзенні камфортна. Звярніце таксама ўвагу на склад тканіны і на тое, якія ўмовы прад’яўляюцца да чысткі, мыцця, прасавання адзення. Колер  не павінен быць вельмі яркім.


На чым можна сэканоміць? Пінжак  зношваецца менш, чым штаны, таму няма неабходнасці купляць яго кожны год.  Калі дзіця не падрасло, можна дакупіць толькі штаны ці спаднічку –  і школьная форма  ёсць. Калі ж сын ці дачка за лета “выцягнуліся” – набываць прыйдзецца ўсё. Лягчэй і тым, у каго ў сям’і падрастаюць толькі хлопчыкі ці дзяўчынкі – малодшым заўсёды перападае адзенне старэйшых.


Галоўнае пытанне, якое ўзнікае ў бацькоў,  – куды пайсці па абноўкі: у магазін ці на рынак? З ім кожны павінен вызначыцца сам. Традыцыйна ў дзяржаўных магазінах у наяўнасці прадстаўлена  прадукцыя айчынных вытворцаў, якая вызначаецца праверанай якасцю, на рынку ці ў прыватных магазінах можна знайсці тавары і беларускай,  і замежнай вытворчасці (украінскай, польскай, расійска-кітайскай і іншай) – і да якасці там прэтэнзіі прад’яўляць цяжка. Але ж прыватнікі прывабліваюць цаной. Хоць, зрэшты, у  некаторых магазінах яшчэ можна знайсці тавар мінулага года па старых цэнах. Браць яго ці купляць навінкі 2011 года, падкажа ваш сямейны бюджэт.



Астравецкі рынак

На рынку школьнае адзенне прадаецца ў некалькіх палатках. Праўда, гэта не зусім школьная форма, але за адзенне дзелавога стылю сыйдзе. Цэны ў “камках” прыблізна аднолькавыя. Так, касцюм для хлопчыка малодшага школьнага ўзросту абыдзецца прыблізна ў 150 тысяч беларускіх рублёў.


Для дзяўчат выбар значна шырэйшы – гэта і зразумела. З маленства дзяўчынкі – вялікія модніцы.  Ёсць тут сарафаны, якія каштуюцць 100-120 тысяч,  спадніцы, кошт якіх вар’іруецца ад 50 да 120 тысяч у залежнасці ад якасці тканіны і памеру. Цэны на блузкі стартуюць ад 50 тысяч – колер у іх ад белага да ружовага і блакітнага. Можна на рынку падабраць і класічныя штаны – іх кошт вагаецца ад 80 тысяч рублёў і вышэй. З усяго прадстаўленага тавару можна сабраць касцюмчык, які лёгка сыдзе за школьную форму. Калі хадзіць па палатках і выбіраць у адной –  спадніцу, у другой – штаны, у трэцяй – пінжак няма жадання, то можна адразу ж  купіць для дзяўчынкі касцюм-тройку, за які  давядзецца аддаць прыблізна 240-250 тысяч беларускіх рублёў.


Дарэчы, прадаўцы на рынку сцвярджаюць, што асноўны наплыў пакупнікоў чакаецца з другой паловы жніўня – тады і тавараў стане значна больш. Магчыма, яны маюць рацыю.



Універмаг

Аддзел дзіцячых тавараў ва ўнівермагу размешчаны  на першым паверсе. Побач з універмагам разгорнута палатка, у якой таксама прадстаўлена некалькі камплектаў адзення і неабходныя для вучняў канцылярскія тавары. Але большасць школьных тавараў выкладзена, канешне ж,  у залах магазіна.


Па словах прадаўцоў, многія бацькі рыхтаваць дзіця да школы  пачалі ўжо ў маі. Іншыя, наадварот, адкладваюць пакупкі на канец жніўня. Пакуль што  тавар у наяўнасці ёсць. Новыя паступленні з’яўляюцца ў магазіне па меры наяўнага тавару.


Ва ўнівермагу прадстаўлены хлапчуковыя касцюмы Навагрудскай і Баранавіцкай швейных фабрык коштам ад 140 да 340 тысяч беларускіх рублёў. Тут жа можна падабраць асобна пінжак ці штаны.


Туфлі для хлопчыкаў вядомых беларускіх брэндаў “Сівельга” ці “Марка” будуць каштаваць ад 85 да 250 тысяч. Тут жа можна набыць кеды беларускай вытворчасці  – цаной ад 35 тысяч. Хлапчуковыя сарочкі Дзяржынскай фабрыкі каштуюць у залежнасці ад памеру  ад 24 да 50 тысяч беларускіх рублёў.


Прадстаўлены ва ўнівермагу і спартыўныя касцюмы для хлопчыкаў і дзяўчынак Маладзечанскай і Гродзенскай фабрык – цэны на іх вагаюцца ад 70 да 130 тысяч.


Школьнае адзенне для дзяўчынак ва ўнівермагу таксама ёсць. Можа,  не ўсім юным модніцам падабаецца тое, што прапануюць беларускія фабрыкі. Але…  Тут можна набыць спадніцы (ад 49000), штаны (ад 87000), сарафаны (120000), блузкі (57000), туфлі (ад 80000), камізэлькі ( 126000). Колеравая гама – ад шэрага і да чорнага таноў, з рознымі каляровымі ўстаўкамі. Зрэшты, залішне яркае  адзенне для школы і не патрэбна. Галоўнае, каб яно было зручным і не шкодным для здароўя.


Вясковыя  магазіны  працуюць па заказной сістэме:  калі ў Астравец ехаць не хочацца, можна зрабіць заказ неабходнага памеру, і касцюм прывязуць у вясковы магазін, – паведамілі ў райспажыўтаварыстве. Іншая справа, ці спадабаецца ён вам, ці падыдзе… Таму большасць сямей усё ж робяць “ваяжы” ў горад, каб апрануць-абуць сваіх школьнікаў.



“Лімпапо”

Невялікі прыватны магазінчык з гучнай назвай “Лімпапо” прыцягвае  ўвагу і дзяцей, і дарослых. Месца ў магазіне мала, але тавараў – шмат,  і выбраць ёсць што.


На сённяшні дзёнь тут прадстаўлена  ўся памеравая група касцюмаў для хлопцаў Бабруйскай, Гомельскай, Жлобінскай і Навагрудскай швейных фабрык. Цэны залежаць ад фабрыкі –  Навагрудская і Бабруйская прапануе тавары па меншай цане, хаця па якасці яны зусім не саступаюць Гомельскаму “Камінтэрну”. Касцюм для хлопцаў у “Лімпапо” каштуе ад 145 да 400 тысяч.


Для дзяўчынак адзення, здаецца, не менш, хаця асартымент жадае быць лепшым. Пра гэта гавораць і самі прадаўцы. І хацелі б прывезці што-небудзь больш моднае, сучаснае, ды няма  дзе закупіць. І ўсё ж тут можна выбраць касцюмы для дзяўчынак беларускай і польскай вытворчасці – пінжак і штаны, пінжак і спаднічку, касцюм-тройку. Ёсць у продажы і сарафаны – у сярэднім за яго прыйдзецца аддаць 120 тысяч. Цана на блузкі вагаецца ў залежнасці ад краіны-вытворцы ад 55 да 90 тысяч беларускіх рублёў.


Тут жа прадстаўлены і шырокі асартымент абутку некалькіх беларускіх фабрык.


“Нёман” каштуе танней. За хлапчуковыя   туфлі прыйдзецца заплаціць ад 115  да 145 тысяч, за дзявочыя – 110-150. Ёсць у продажы і абутак “Шагавіты” – цэны на яго значна вышэйшыя: ад 170-200 тысяч для дзяўчынак і хлопчыкаў адпаведна. А яшчэ ёсць туфлі фабрык  “Сівельга”, “Марка” і “Бацічэлі”. Для прыкладу, дзявочыя туфлі “Бацічэлі” – сумеснага беларуска-італьянскага прадпрыемства –  можна набыць, заплаціўшы каля 100 тысяч рублёў.


Прадстаўлены ў магазіне і спартыўны абутак – кеды Гродзенскай і Лідскай фабрык каштуюць у сярэднім 40 тысяч.



Смаргонь

Як паказвае вопыт, многія бацькі едуць апранаць сваіх школьнікаў у суседнія гарады – Смаргонь, Маладзечна ці нават Мінск ці Гродна. Многія сцвярджаюць, што там і выбар большы, і цэны ніжэйшыя. Ці так гэта на самой справе? Паспрабавалі высветліць, завітаўшы з нагоды ў Смаргонь.


Самы буйны магазін у Смаргоні – універмаг. Выбар тут у параўнанні з астравецкім універмагам значна шырэйшы. У продажы прадстаўлены хлапчуковыя касцюмы Навагрудскай, Баранавіцкай і Бабруйскай фабрык, іх кошт вар’іруецца ад 163 да 360 тысяч. Каб купіць хлапчуковую сарочку Дзяржынскага “Эліза” ці Мазырскага “Надэкса”, прыйдзецца выкласці 50-60 тысяч беларускіх рублёў.


Дзяўчатам прапануюцца сарафаны, і касцюмы  Бабруйскай “Славянкі”, Брэсцкай “Надзеі”, Гродзенскага “Элода” і Салігорскай “Калінкі”, коштам ад 80 да 150 тысяч за сарафан і 120-160 тысяч за касцюм. У шырокім асартыменце прадстаўлены блузкі фабрык “Надзея” і “Надэкс” коштам ад 50 да 100 тысяч.


У абутковай секцыі можна выбраць  абутак фабрык “Нёман”, “Шагавіта”, “Марка” і “Сівельга”. Туфлі для дзяўчынак будуць каштаваць ад 120 да 160 тысяч, для хлопчыкаў малодшага школьнага ўзросту – 100-120 тысяч.


Але ўсё гэта зусім не значыць, што трэба, не падумаўшы, імчаць у  Смаргонь па пакупкі: наяўнасць тавару яшчэ не азначае, што вы зможаце выбраць тое, што вас задаволіць. А грошы на паездку патрапіце.


У Смаргоні сустрэлі  некалькі астравецкіх мам, якія набывалі ва ўнівермагу канцылярскія тавары, а ў магазінах прыватных прадпрымальнікаў – касцюмы. Дарэчы, у іх касцюм на дзяўчыну – пінжак і штаны  – можна набыць за 110-170 тысяч. Прыблізна столькі ж каштуе касцюм для хлопцаў не беларускай вытворчасці.



Школьныя “неабходнасці”

Акрамя формы, школьнікам трэба сабраць велізарны пакет канцылярскіх тавараў – сшыткі, ручкі, лінейкі, альбомы, фарбы… Закупіць для старэйшых школьнікаў неабходныя канцылярскія тавары значна прасцей – штосьці засталося з мінулых гадоў, нешта давядзецца дакупіць. Складаней з вучнямі малодшых класаў – тут прыходзіцца  раскашэльвацца.


Цэны ў Астравецкім і Смаргонскім універмагах на канцылярскія тавары прыблізна аднолькавыя. Так, сшыткі каштуюць – 320-4700 рублёў, пластылін – 3300-7600, фарбы – 3800-14000, ручкі – 480-4000, фламастары – 4800-25000, абгорткі для сшыткаў – 250, клей – 1120-3000, нажніцы – ад 2800, каляровы кардон – 5190, каляровая папера – 4520, пенал – 5000.


У некаторых магазінах прыватных прадпрымальнікаў кошт тавараў можа нязначна вагацца ў адзін ці другі бок. Калі не шкадаваць часу, можна пахадзіць і выбраць таннейшае.



Партфелі

Школьны партфель – адзін са складнікаў здароўя школьнікаў, а значыць, і паспяховай вучобы. Не сакрэт, што сумкі нашых дзяцей бываюць “набітыя” не толькі кніжкамі і сшыткамі, але і зменным абуткам, спартыўнай формай, пячэннем, цукеркамі і нават цацкамі. У выніку  іх вага можа нанесці непапраўную шкоду здароўю дзіцяці.


Перш за ўсё неабходна вырашыць, што гэта будзе – ранец, партфель ці рукзак. У любым выпадку задняя сценка рукзака ці ранца, а таксама дно  павінны быць цвёрдымі, лямкі – шырокімі і мець рэгуліроўкі па даўжыні.  Тканіну лепш за ўсё выбраць воданепранікальную, якая не будзе баяцца дажджу ці снегу, а ў выпадку забруджвання яе можна будзе памыць. І яшчэ адна асаблівасць – ён павінен быць лёгкім.


На жаль, выбар рукзакоў што ў Смаргоні, што ў Астраўцы  невялікі. У сярэднім цэны стартуюць ад 100-120 тысяч рублёў.  На базары можна набыць сумкі для хлопчыкаў і дзяўчынак з адной лямкай, якая носіцца праз плячо – лёгкія, модныя і стыльныя, словам, для сучаснай моладзі – ад 60 тысяч рублёў.



Пасляслоўе

Асаблівы попыт на школьныя тавары назіраецца ў выхадныя дні, калі бацькі, узброіўшыся спісамі з усім неабходным, бегаюць па магазінах і рынку з самым складаным пытаннем: што, дзе і пачым  купіць?


Сёлетні сезон школьнай падрыхтоўкі мае свае асаблівасці. Хутчэй за ўсё, у выйгрышы акажуцца  бацькі, якія пачалі падрыхтоўку да школы раней. Многія прадаўцы і на рынку, і ў магазінах адзначалі, што кожная партыя новага  тавару  прыходзіць да пакупніка па новых цэнах.


Іншыя, наадварот, сцвярджаюць, што не спяшацца не варта. Калі ёсць магчымасць, лепш  абысці некалькі гандлёвых кропак – глядзіш, нешта ўдасца сэканоміць. А можа, і не?


Скажу як маці сына-школьніка: сабраць дзіця ў школу не так і проста. Здаецца, тавараў хапае, але выбраць тое, што трэба,  вельмі складана. Як правіла, падабаецца тавар – не задавальняе цана, і наадварот. Але з пустым партфелем і без школьнай формы ніхто дзіця ў школу не адправіць, таму ў рэшце рэшт выбар трэба будзе зрабіць кожнаму з нас.


Алена ЯРАШЭВІЧ.