Паляўнічыя на пыл

14:13 / 17.06.2011

Пыласос стаў незаменным памочнікам кожнай гаспадыні. Канешне, змесці смецце можна і венікам, толькі пыл тады падымецца ў паветра, і вы будзеце ім дыхаць. Да таго ж дробныя пылінкі застануцца на дыване і мэблі. Пры дапамозе пыласоса можна больш акуратна прыбраць кватэру – ён “заўважыць” нябачныя вашаму воку пыл і павуцінне.
Як паказвае вопыт, выбар гэтай бытавой тэхнікі ў магазінах, якія прапаноўваюць самыя розныя віды пыласосаў, можа выклікаць цяжкасці. Адны пыласосы кампактныя і лёгкія, другія – магутныя, трэція адрозніваюцца стыльным дызайнам і так падыходзяць да вашай новай мэблі. Урэшце, усе магчымыя тыпы варта разгледзець больш падрабязна.
Перш за ўсё паразважаем аб тым, на якія характарыстыкі трэба звярнуць увагу пры выбары пыласоса.



Магутнасць

Гэта характарыстыка звычайна ўказваецца на корпусе мадэлі. Аднак трэба ведаць, што магутнасць спажывання і магутнасць усмоктвання – два абсалютна розныя паняцці. Калі першая можа быць ад 1200 да 1800 Вт, то значэнне другой наўрад ці перавысіць адзнаку 440 аэрават. Хаця вялікая магутнасць усмоктвання ў быце не патрабуецца: для паўсядзённай уборкі дастаткова ад 250 да 330 аэрават, паколькі ўжо 400 аэрават з часам могуць патрапаць тканіну на канапе ці ворс дывана з натуральных валокнаў. Як правіла, усе сучасныя мадэлі абсталяваны рэгулятарам магутнасці усмоктвання.



Від пылазборніка

Ролю пылазборніка можа выконваць зменны мяшок – папяровы ці з матэрыі, пастаянны мяшок з матэрыі ці пластыкавы кантэйнер. Апошнія патрабуюць дадатковай прамыўкі і прасушкі пасля кожнай уборкі. Папяровыя мяшкі маюць перавагі: яны затрымліваюць нават самыя дробныя часціцы і выключаюць ваш кантакт з пылам. Іх зручна проста зняць і выкінуць.
Добрай альтэрнатывай з’яўляюцца пыласосы з аквафільтрам. У спецыяльны рэзервуар заліваецца вада. Паветра з пылам і брудам праходзіць праз гэту ваду, застаючыся ў ёй, і паветра выходзіць з пыласоса чыстым і ўвільготненым. Але і тут ёсць свае недахопы, з якімі вы, магчыма, гатовы змірыцца: у пыласоса дастаткова вялікая вага і габарыты. Пасля кожнай уборкі трэба мыць адсек і прасушваць – нельга пакінуць пыласос не выліўшы брудную ваду.
Ужо створаны канструкцыі (“тайфун” ці “цыклон”), якія ўвогуле не маюць мяшка для збору пылу. У такіх пыласосах ёсць спецыяльны адсек, дзе збіраюцца смецце і пыл. Цыкланічная сістэма закручвае паветра па спіралі і цэнтрабежная сіла прыціскае пыл да сценак адсека. Шчыльны камок пылу потым лёгка выкінуць. Такі пыласос просты ў эксплуатацыі, няма неабходнасці купляць мяшкі-пылазборнікі ці заліваць ваду. Да недахопаў можна аднесці кантакт з пылам і тое, што цыкланічныя завіхрэнні садзейнічаюць зніжэнню магутнасці ўсмоктвання. Цыклон тэарэтычна не можа затрымаць больш за 96 працэнтаў пылу, таму такія пыласосы часцей за ўсё аснашчаюць фільтрамі тонкай фільтрацыі.



Фільтры

Ад іх колькасці і якасці залежыць і цана пыласоса: чым больш фільтраў, тым даражэй вам абыдзецца выбраная мадэль. Аднак не трэба забываць, што ў першую чаргу фільтры прызначаны для ачысткі паветра ад пылу, таму эканоміць на іх неразумна. Эфектыўнасць фільтрацыі часцей за ўсё ўказваецца ў пашпарце на пыласос і выражаецца ў працэнтах. Чым большая гэта лічба, тым чысцейшым будзе паветра ў вашым доме. На сённяшні дзень вытворцы прапаноўваюць мадэлі з папяровымі, тканевымі, вугальнымі, вадзянымі і сінтэтычнымі фільтрамі.
У залежнасці ад мадэлі пыласоса ступеняў фільтрацыі можа быць ад 2 да 9. Найбольш распаўсюджаная 4-ступенчатая сістэма ачысткі. Першы фільтр – гэта і ёсць мяшок-пылазборнік, які збірае буйныя часціцы пылу. Наступны фільтр знаходзіцца пры ўваходзе ў маторны адсек. Ён прызначаны для дробнага пылу, нябачнага воку, але які здольны вывесці электрарухавік са строю. На выхадзе ўстанаўліваецца фільтр тонкай ачысткі, што затрымлівае самыя дробныя часціцы, мікраарганізмы, алергены і забяспечвае максімальную ачыстку паветра. Нагадаем, што адной з самых небяспечных крыніц алергіі з’яўляецца менавіта самы дробны пыл, які падымаецца ў паветра пасля ўборкі звычайным пыласосам без тонкай сістэмы фільтрацыі – і гэты пыл асядае з хуткасцю 20 сантыметраў у суткі. Атрымліваецца, што вы будзеце дыхаць пылам яшчэ некалькі дзён пасля ўборкі.
Існуе некалькі тыпаў тонкай ачысткі – электрастатычныя мікрафільтры, НЕРА-фільтры і фільтры S-класа. Першы тып сустракаецца амаль ва ўсіх пыласосах, астатнімі камплектыюцца толькі некаторыя мадэлі. Электрастатычныя фільтры трэба мяняць праз кожныя 5 папяровыя пылазборнікі. Ступень эфектыўнасці ачысткі паветра пры дапамозе гэтых фільтраў вельмі высокая – да 99,9 працэнтаў. Прыкладна такая ж ступень эфектыўнасці ачысткі і ў фільтраў S-класа. Асабліва варта адзначыць НЕРА-фільтры, выкананыя з матэрыялу, асновай якога з’яўляецца шкловалакно. Такія фільтры бываюць зменныя і мыйныя. Мыйныя праслужаць вам столькі, колькі будзе працаваць сам пыласос.



Эксперымент

У адной з перадач “Жыць здорава” з Аленай Малышавай размова ішла пра пыласосы. Вядучая правяла эксперымент: узяла тры варыянты пыласоса – стары пыласос з дзвюма адтулінамі на ўваходзе і выхадзе пыласоса, з аквафільтрам і пыласос з НЕРА-фільтрам. Прынеслі муку і пачалі ўсмоктваць яе рознымі пыласосамі. І вос, што атрымалася: у старым агрэгаце ўся мука, што была ўсмоктана, выйшла праз другую адтуліну. Тое ж самае адбываецца і з пылам – проста ён нябачны нашаму воку. Такія пыласосы здольны змагацца толькі са смеццем, перад дробным пылам яны бяссільныя. Добрыя вынікі паказалі пыласос з аквафільтрам – мука растала ў вадзе, і з НЕРА-фільтрам, які стаіць на выхадзе пыласоса і не дае выйсці нават самым дробным часціцам.



Колькасць насадак

Як правіла, асноўнымі насадкамі з’яўляюцца шчотка для дываноў, шчотка для падлогі, насадка для чысткі мэблі, у тым ліку вузкая для выдалення пылу з цяжкадаступных месцаў. Дадаткова могуць прыкладацца шчотка для мыцця вокнаў, кафлі і вантуз (калі пыласос мыйны). Асаблівай увагі заслугоўвае турбашчотка. Яна ўяўляе сабой насадку з убудаваным валікам, які круціцца пад дзеяннем патоку паветра. Такая насадка добра збірае ворс і поўсць. Яшчэ больш эфектыўная электрашчотка, якая круціцца пад уздзеяннем электрарухавіка, таму хуткасць кручэння электрашчоткі не залежыць ад хуткасці паветранага патоку.
Дадатковыя функцыі пыласоса:
- функцыя блакіроўкі памылковага пуску прымяняецца ў выпадку, калі вы забыліся ўстанавіць пылазборнік. Рухавік не ўключыцца і гэта дапаможа пазбегнуць паломак.
- функцыя плаўнага старту рухавіка выратуе пыласос ад празмерных нагрузак;
- функцыя тэмпературнай аховы аўтаматычна адключыць устройства пры павышэнні тэмпературы да крытычнай адзнакі.



Паркоўка

Паколькі большую частку свайго жыцця пыласос праводзіць у шафе ці дзе-небудзь за дзвярыма, то вельмі важна, каб ён не перашкаджаў. Звярніце ўвагу, ці ёсць у пыласоса вертыкальны спосаб паркоўкі: пыласос размяшчаецца “стоячы” і на ім жа вертыкальна замацоўваецца труба.



Мыючы пыласос

Пры пыласосы для сухой уборкі мы ведаем многа. Высветлім, чым прывабныя мыючыя пыласосы?
Яны ўстроены так, што ў спецыяльныя адсекі заліваецца вада, змяшаная з мыйным сродкам. Затым яна пад ціскам падаецца праз шланг і распырскваецца на паверхню, якую трэба пачысціць. Забруджаная вада ўсмоктваецца і трапляе ў іншы адсек.
Калі ў вашым доме вялікая плошча, шмат кафельных паверхняў, а дывановыя пакрыцці на латэкснай аснове, то вам неабходны такі пыласос. Але для чысткі паркету, мэблі, натуральных дываноў лепш мыючы пыласос не выкарыстоўваць.
Перавагі мыючага пыласоса:
- акрамя чысткі і мыцця, ён можа сабраць пралітую вадкасць, буйное смецце (будаўнічае, апалае лісце);
- магчымасць пачысціць засмечаную ракавіну ці ванну;
- магчымасць памыць вокны;
- дэзадарыраванне памяшкання.
Недахопы:
- буйныя памеры і вага пыласоса;
- пасля выкарыстання яго трэба прамыць і высушыць;
- дадатковае набыццё мыйных сродкаў;
- частка мыйнага раствору асядае на дыване і не ўсмоктваецца назад;
- высокая цана.



Як вызначыцца з гандлёвай маркай?

Пры аднолькавым наборы функцый кошт пыласосаў, што выпускаюцца пад рознымі гандлёвымі маркамі, істотна адрозніваецца. Як правіла, вядомыя маркі, што даўно зарэкамендавалі сябе на рынку, прапаноўваюць больш дарагія мадэлі. Хутчэй за ўсё суму, якая складае розніцу цэн паміж дзвюма аналагічнымі мадэлямі, вы заплаціце за брэнд. З іншага боку, не забывайцеся, што імідж кампаніі і шматгадовы вопыт работы не дазваляюць выпускаць тавар нізкай якасці.
Што тычыцца цэн, то яны вагаюцца у межах ад 200 тысяч да 2 мільёнаў –  усё залежыць ад тыпу пыласоса, віду пылазборніка, колькасці фільтраў. Пыласосы з мяшком-пылазборнікам каштуюць прыкладна 200-500 тысяч рублёў. Пыласос з пластыкавым кантэйнерам і HEPA-фільтрам можна купіць за 500 тысяч і вышэй, з аквафільтрам – ад 500 і да 2 мільёнаў. Самыя дарагія мыючыя пыласосы – у сярэднім іх кошт 1,5-2 мільёны.



А які пыласос у вас?

Наталля, 29 гадоў: У нас пыласос “Самсунг” з аквафільтрам. Цудоўная рэч, зусім не адчуваецца гарачага пылу, паветра чыстае. Мы яго купілі з-за рамонту – убіраць будаўнічы пыл, бо праз звычайны пыласос ён высыпаўся назад. Адзінае, што мыць яго кожны раз пасля ўборкі стамляюча. Асабліва калі некуды спяшаешся і хочацца хутка прапыласосіць. Хаця ўсё лёгка дастаецца і добра мыецца, але ж для гэтага патрэбны пэўны час.
Святлана, 37 гадоў: Мы ўжо гадоў пяць карыстаемся пыласосам “LG”  з мяшком-пылазборнікам. Ён спраўна працуе, але ж вытрасаць мяшкі – не вельмі прыемны занятак. Да таго ж паветра пасля ўборкі ў кватэры цяжкае. У будучым хацелася б замяніць пыласос на больш сучасны. Як ахвяра рэкламы, даўно марыла пра мыючы пыласос, але ж, паслухаўшы знаёмых і пачытаўшы водгукі, пачала вагацца. Па-першае, яны вельмі цяжкія – кожны раз, калі хочаш прапыласосіць, давядзецца паднімаць 10-кілаграмовы агрэгат. Па-другое, дываны застаюцца вільготнымі пасля ўборкі. А ўрачы-гігіеністы кажуць, што мікробы вельмі любяць размнажацца менавіта ў вільготным асяроддзі. І праз некаторы час, калі вы падымеце дыван, там можа з’явіцца плесня. Таму я вырашыла спыніцца на пыласосах для сухой уборкі, толькі каб пыл збіраўся не ў мяшкі, а ў кантэйнеры.
Сяргей, 31 год: Мы ў мінулым годзе купілі пыласос Scarlett цыклоннага тыпу. Там стаіць HEPA-фільтр. Калі верыць характарыстыкам, то ён затрымлівае да 99 працэнтаў часцінак нават самага дробнага пылу. Усё смецце збіраецца ў кантэйнеры і потым вытрасаецца – ніякіх мяшкоў. Нам падабаецца.


Вольга ШОЎКУН.